/ / Общественно-политические
30.04.2019

У краіне павялічылася колькасць злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій

За апошнія пяць гадоў намецілася ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій. Так, у 2017 годзе было зарэгістравана 2099 злачынстваў, у 2018-м – 4741, а за чатыры месяцы гэтага года – ужо больш за тры з паловай тысячы. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Вадзім Усціновіч.

Кибер-преступления

І на жаль, прагнозы на будучыню несуцяшальныя. З кожным годам павялічваецца колькасць уладальнікаў пластыкавых банкаўскіх картак, карыстальнікаў разнастайных мабільных прылад. Пры гэтым узровень ведаў пра інтэрнэт-бяспеку застаецца даволі нізкім, чым і карыстаюцца кіберзлачынцы. Здзіўляе даверлівасць некаторых беларусаў, якія раскрываюць незнаёмым людзям нумары сваіх банкаўскіх пластыкавых картак, пінкоды. Злачынцы шукаюць новыя спосабы, як завалодаць канфідэнцыяльнай інфармацыяй. Напрыклад, зламыснікі могуць прадставіцца супрацоўнікамі банка і «папярэдзіць кліента», што нехта спісвае грошы з яго карткі, і з такой падставай выманіць у ахвяры рэквізіты пластыкавай карткі.

Пытанням забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў арганізацыях дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці ўдзяляецца мала ўвагі. Пра што можна гаварыць, калі бухгалтар пакідае на рабочым камп'ютары ў актыўным рэжыме ключ – электронны лічбавы код, калі электронную карэспандэнцыю можа прачытаць хто заўгодна, калі не выкарыстоўваюцца антывірусныя праграмы? Нельга забывацца, што інфармацыя, як любы іншы тавар, мае кошт і пэўны попыт і што нябачныя зладзеі, атрымаўшы звесткі, могуць з лёгкасцю маніпуляваць ахвярай і завалодваць яе сродкамі. І трэба сказаць, што колькасць несанкцыянаваных доступаў да ўліковых запісаў карыстальнікаў (асабліва ў сацыяльных сетках) апошнім часам значна павялічылася.

За мінулы год асноўная маса хакерскіх атак была здзейснена на фінансавую сферу. Больш за дзве трэці злачынстваў, выкрытых у галіне высокіх тэхналогій, – крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі (іх колькасць па краіне вырасла на 88 працэнтаў).

У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў за 2019 год выяўлены 421 вінаваты ў здзяйсненні кіберзлачынстваў. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты 377 грамадзян, у тым ліку 17 непаўналетніх.

Схемы здзяйснення кіберзлачынстваў становяцца ўсё больш складанымі і вынаходлівымі, удасканальваюцца спосабы забеспячэння сеткавай ананімнасці, з'яўляюцца новыя рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай прасторы. Каб супрацьстаяць мабільным махлярам, супрацоўнікам органаў унутраных спраў даводзіцца сачыць за развіццём інфармацыйных тэхналогій.

«Мы разумеем, што інструменты, якія працавалі пры расследаванні крымінальных спраў учора, могуць аказацца зусім бескарыснымі сёння. Таму дзейнасць удасканальваецца, штогод супрацоўнікі праходзяць навучанне і прымаюць удзел у сумесных нарадах, трэнінгах Расійскай федэрацыі, Арменіі, Малдовы і іншых дзяржаў, а таксама на базе нацыянальнага саюза па расследаванні кіберзлачынстваў і падрыхтоўцы кадраў у горадзе Пітсбургу, ЗША. Удзел у сумесных вучэннях і семінарах дазваляе больш эфектыўна прымяняць атрыманыя звесткі, – расказаў начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Гамко. – Мы расследуем кіберзлачынствы, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы ў тым ліку іншых краін. Злачынцы, якіх мы прыцягваем да адказнасці на тэрыторыі Беларусі, часта з»яўляюцца ўдзельнікамі міжнародных арганізаваных груп, якія адначасова дзейнічаюць на тэрыторыі некалькіх дзяржаў. Як правіла, аб’ектам іх дзейнасці з’яўляецца інфармацыя, што захоўваецца ў камп’ютарных сістэмах і сетках, якія пераважна знаходзяцца ў Злучаных Штатах, Вялікабрытаніі і краінах Заходняй Еўропы».

Супрацоўнікі спецыялізаванага падраздзялення «К» змаглі выкрыць 32-гадовага злачынцу, жыхара Бабруйска, які на працягу двух гадоў з выкарыстаннем хатняга камп'ютара здзяйсняў кібератакі на вядомыя ва ўсім свеце замежныя інтэрнэт-рэсурсы, якія належалі буйным плацежным сістэмам, банкаўскім установам, інтэрнэт-магазінам і сэрвісам, сярод якіх тыя, што спецыялізуюцца на аказанні тэлекамунікацыйных паслуг, паслуг па пошуку і арэндзе прыватнага жылля. Пры дапамозе шкоднага праграмнага забеспячэння, прызначанага для падбору пароляў, мужчына несанкцыянавана капіраваў персанальную інфармацыю карыстальнікаў, рэквізіты доступу да акаўнтаў. За некалькі гадоў ён узламаў каля трох соцень замежных інтэрнэт-рэсурсаў. Далей рэквізіты ён прадаваў у сеціве. Яго кліенты выкарыстоўвалі гэтыя даныя з махлярскімі мэтамі і нанеслі шкоду замежным рэсурсам на суму каля пяці мільёнаў долараў ЗША.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, «Звязда», 30 красавіка 2019 г.