/ / Общественно-политические
11.04.2019

Страхаванне ад банкруцтва можа стаць абавязковым для ўсіх прадпрыемстваў

Зараз усе зацікаўленыя бакі актыўна распрацоўваюць праект дакумента аб страхаванні рызыкі нявыплаты зарплаты пры банкруцтве арганізацыі. Аб гэтым паведаміла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.

Деньги

Новая ініцыятыва абмяркоўваецца ў рамках Генеральнага пагаднення паміж Урадам, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2019–2021 гады, якое ўступіла ў сілу 1 студзеня. Па словах намесніка старшыні, укараненне гэтага механізма абароны дазволіць работніку атрымаць гарантаваны даход за пэўны перыяд у выпадку банкруцтва даўжніка-наймальніка.

Адно з асноўных пытанняў, што можа паўстаць пры ўвядзенні такога страхавання: які павінен быць перыяд выплат? «Вопыт іншых краін паказвае, што патрэбны нейкія абмежавальныя бар’еры. Мы сышліся ў меркаванні, што правільна выбраць тры месяцы», – сказала Алена Манкевіч. Мяркуецца, што, калі прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі банкруцтва і ў яго няма грошай на выплаты работнікам, з Фонду страхавання яно можа ўзяць сродкі на заработную плату, якую завінавацілася сваім работнікам за тры каляндарныя месяцы. У некаторых краінах такі перыяд складае пяць месяцаў, у некаторых – два. Пасля гэтага, калі прадпрыемства праходзіць санацыю і выходзіць на станоўчыя вынікі працы, яно вяртае суму ў фонд.

Разам з тым гэты механізм знаходзіцца ў прапрацоўцы. Федэрацыя лічыць, што станоўчы эфект ад увядзення прапанаванай сістэмы абавязковага страхавання значна перакрывае негатыў ад невялікага павелічэння нагрузкі на прадпрыемствы. Тым больш што ва ўмовах рынкавай эканомікі нават паспяховае прадпрыемства не застрахавана ад крызісных сітуацый. Такі від страхавання існуе досыць даўно і паспяхова ў прыбалтыйскіх краінах, а таксама ў Нарвегіі і Бельгіі.

Алена Манкевіч адзначыла, што практыка іншых краін паказвае страхаванне як від найбольш эфектыўнага механізма, які б дапамог людзям атрымаць заработную плату пры банкруцтве наймальніка. Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў лічыць, што ён стаіць на абароне правоў работнікаў. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, чалавек можа спакойна займацца пошукам іншай працы і не чакаць, калі яму выплацяць сумленна заробленыя грошы.

Сяргей Куркач, «Звязда», 11 красавіка 2019 г.