/ / Общественно-политические
03.04.2019

Дэпутаты разгледзелі карэкціроўкі ў Закон «Аб ахове працы»

Дэпутаты разгледзелі карэкціроўкі ў закон «Аб ахове працы» ў першым чытанні.

«Змяненні Закона «Аб ахове працы» прадугледжваюць замацаванне права тых, хто працуе па грамадзянска-прававым дагаворы, на адмову ад выкання дадзенага дагавора цалкам або часткова ў выпадку, калі работадаўца неналежным чынам стварае бяспечныя ўмовы для выкання работ (аказання паслуг)», – тлумачыць старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Тамара Красоўская.

Праект Закона замацоўвае таксама патрабаванні да выканання работ з павышанай небяспекай, неабходныя спецыяльныя арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы. Навелы датычыцца правоў і абавязкаў работнікаў-надомнікаў, дамашніх работнікаў і іх наймальнікаў у сферы аховы працы, а таксама – магчымасці дасудовага разгляду розных пунктаў погляду па пытаннях няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Усяго на адкрыцці шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання дэпутаты разгледзелі 11 пытанняў.

Акрамя названага законапраекта першае чытанне прайшлі дапаўненні і змяненні ў законы «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», законапраект аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, а таксама карэкціроўкі шэрагу кодэксаў, датычныя супрацьдзеяння допінгу ў спорце і абмежавання грамадзян у наведванні віртуальных гульнявых устаноў.

Закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» дапаўняецца новымі нормамі для таго, каб стварыць умовы для прыцягнення ў нашу краіну высокакваліфікаваных спецыялістаў з-за мяжы.

«У прыватнасці, законапраектам прадугледжана, што дазвол на часовае пражыванне высокакваліфікаваным работнікам можа быць выдадзены тэрмінам да двух гадоў, дазвол на пастаяннае пражыванне, калі замежныя грамадзяне названай катэгорыі пражылі ў Беларусі пасля атрымання дазволу на часовае пражыванне на працягу апошніх чатырох гадоў бесперапынна, – удакладняе старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі. – Пашыраецца пералік падстаў для атрымання дазволу на часовае пражыванне замежным грамадзянам, якія тут навучаюцца. Прапануецца павялічыць тэрмін знаходжання іншаземцаў у Беларусі без рэгістрацыі з пяці да дзесяці сутак».

Карэкціроўка Кодэкса аб шлюбе і сям’і прадугледжвае ўвядзенне азначэння шлюбнага дагавора і замацаванне магчымасці яго змянення і скасавання па рашэнні суда. Прапануецца таксама вызначыць права мужа і жонкі (былых мужа і жонкі) на заключэнне пагаднення аб раздзеле маёмасці, якая з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю, удакладніць парадак заключэння пагаднення аб дзецях і ўмовы аднаўлення бацькоўскіх правоў, канкрэтызаваць парадак выплаты або спагнання аліментаў і ўсталяванне апекі і папячыцельства над непаўналетнімі пры часовай адсутнасці бацькоў (аднаго з іх) па ўважлівай прычыне. Законапраект змяшчае прапановы па ўдасканаленні сістэмы апекі і папячыцельства ў адносінах да дарослых, якія прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі.

Заканадаўцы прапануюць увесці крымінальную адказнасць за схіленне спартсменаў да ўжывання допінгу. «Тым самым мы абараняем дзяцей, якіх могуць схіліць да выкарыстання допінгу без іх ведама, – пракаментаваў журналістам заканадаўчыя навелы ў гэтай сферы дэпутат Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Багдановіч. – Каб ніхто з трэнерскага штаба, дактароў, асоб, якія суправаджаюць дзяцей падчас спаборніцтваў, не мог увесці апошніх у зман, прымусіць праз маніпуляцыі або іншым чынам прыняць допінг».

У другім чытанні былі разгледжаны законапраекты аб змяненні законаў па пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін і карэкціроўка Закона «Аб абыходжанні з адходамі».

Акрамя таго, ніжняя палата ратыфікавала пагадненне аб міжнародных дагаворах ЕАЭС з трэцімі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі або інтэграцыйнымі аб’яднаннямі.

Дэпутаты прынялі да ведама Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 г. № 1.

***

У дзень адкрыцця шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сенатары абралі Таццяну Бойку і Анатоля Цікавенку суддзямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь на новы тэрмін.

Члена Савета Рэспублікі Алу Бодак у сувязі з прызначэннем суддзёй Канстытуцыйнага Суда датэрмінова вызвалілі з пасады старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

Сенатары таксама прынялі пастанову аб правядзенні сумеснага пасяджэння Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь для заслухоўвання штогадовага Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Беларусі.

Яшчэ адным пытаннем парадку дня стала змяненне прадстаўніцтва Нацыянальнага сходу Беларусі ў Міжпарламенцкім саюзе.

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 3 красавіка 2019 г.