/ / Общественно-политические
14.09.2018

Ставім гандлёвую кропку. Да канца года плануецца ўнесці змены ва ўказ аб гандлі на сяле

Прыемная навіна для малога бізнесу Міншчыны: спіс сельскіх населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне Указа № 345, пашырыўся. Раней у яго ўваходзілі шэраг вёсак Пухавіцкага і Барысаўскага раёнаў і тры пасёлкі гарадскога тыпу – Праўдзінскі, Рудзенск і Свіслач. Цяпер у спісе значацца вёскi ўсіх 22 раёнаў цэнтральнага рэгіёна. Або больш за 70 працэнтаў тэрыторыі. За дужкамі засталося хіба што Жодзіна. Такое рашэнне ў канцы лета прыняў Мінскі абласны Савет дэпутатаў. Для шматлікіх прадпрымальнікаў і невялікіх прадпрыемстваў, што ўжо працуюць, гэта добрая дапамога ў частцы атрымання льгот і бонусаў. Для iншых – штуршок да дзеяння.

Автомагазин

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч не раз параўноўваў прыняты ўказ з дзіцём, якога нібы вынес на сваіх руках у гэты свет:

– Ідэя ўказа належыць выключна МАРГ. У 2016 годзе, калі мы ўпершыню ўнеслі праект гэтага ўказа, 18 дзяржорганаў яго падыходы не ўзгаднілі. І толькі пазней нарада ў Прэзідэнта па лібералізацыі вядзення бізнесу і стварэнне спецыяльнай рабочай групы дазволілі нам рэалізаваць задумку. Мы бачым: зроблена гэта недарма. Бізнес паверыў у тое, што будзе вынік.

У той жа час спыняцца на дасягнутым у МАРГ не маюць намеру. Да канца года плануецца ўнесці змены ў дакумент. Для іх адпрацоўкі раз у сем–дзесяць дзён у Міністэрстве збіраецца спецыяльная рабочая група. Некаторыя прапановы застаюцца, нешта ў працэсе абмеркавання адсяваецца. Што ёсць зараз? Падаўжэнне тэрміну дзеяння ўказа да 2030 года. А таксама – зніжэнне падатковай стаўкі для спрошчанай сістэмы падаткаабкладання да 2 працэнтаў. Яшчэ адна ідэя – вызваліць юрыдычныя асобы ад падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, арэнднай платы за зямлю, якая знаходзіцца ў дзяржуласнасці. Як варыянт – выключыць умову, якая абавязвае юрыдычных асоб і ІП для вызвалення ад ПДВ размяркоўваць падатковыя вылікі метадам паасобнага ўліку. Чакаецца, што тарыфы на электраэнергію для грамадскага харчавання і гандлю таксама знізяцца. А мясцовыя ўлады будуць выдаваць субсідыі ўладальнікам аўтамагазiнаў, каб часткова пакрыць іх транспартныя выдаткі. Плануецца, што тарыфы на эквайрынг для гандлю на сяле таксама знізяцца.

Акрамя таго, спіс ільготных тэрыторый будзе пашырацца і надалей. Мясцовыя ўлады, што спярша пабаяліся ўключыць шмат вёсак, бачаць дынаміку і выходзяць на аблвыканкамы з прапановамі. Тыя ўносяць іх у Саветы дэпутатаў.

Марыя Друк, «Рэспубліка», 14 верасня 2018 г.
(фото 
– БЕЛТА)