/ / Общественно-политические и в области права
12.09.2018

Пачаўся новы навучальны год. На якія ільготы ад дзяржавы можа разлічваць сям'я, у якой ёсць студэнт?

Пачаўся новы навучальны год, і тысячы маладых людзей запоўнілі студэнцкія аўдыторыі, рыхтуючыся грызці граніт навукі. Атрыманне вышэйшай адукацыі – гэта заўсёды немаленькія выдаткі, і многія сем'і зацягваюць тужэй паясы, каб вывучыць сваіх дзяцей, асабліва калі тыя не прайшлі «на бюджэт» і вырашылі атрымліваць адукацыю на платнай аснове. А якіх ільгот можна чакаць ад дзяржавы, калі ў сям'і ёсць студэнт?

Студенты

Стыпендыі

Дзяржаўная сістэма стыпендыяльнага забеспячэння ўключае ў сябе навучальныя, сацыяльныя і спецыяльныя стыпендыі.

За высокія дасягненні ў вучобе, навуковай і грамадскай рабоце могуць прызначацца персанальныя стыпендыі савета ВНУ, імянныя, а таксама, пры асаблівых поспехах, стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Студэнтам, аспірантам, навучэнцам устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць устанаўлівацца надбаўкі за асаблівыя поспехі ў вучобе, грамадскай і навуковай рабоце, а таксама аказвацца матэрыяльная дапамога са сродкаў стыпендыяльнага фонду.

Памеры ўсіх відаў дзяржаўных стыпендый пераглядаюцца ў адпаведнасці з ростам тарыфнай стаўкі першага разраду, якая прымяняецца для аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях.

Навучэнцам, якія вучацца на ўзроўні атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, аказваецца матэрыяльная дапамога.

Ільготы пры аплаце навучання

Гэтыя льготы прапісаны ва Указе Прэзідэнта ад 17 снежня 2002 г. № 616 «Аб выдзяленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, якая атрымліваецца ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на платнай аснове».

Гэтым указам гарантавана права на атрыманне крэдыту на льготных умовах для аплаты навучання. Такое права маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія атрымліваюць у дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі краіны і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі першую вышэйшую адукацыю на платнай аснове (дзённая форма навучання).

Дадзены крэдыт выдзяляецца студэнту альбо аднаму з яго бацькоў ці іншаму законнаму прадстаўніку студэнта пры наяўнасці пастаяннай крыніцы даходу і з улікам сярэднямесячнага сукупнага даходу на кожнага члена сям'і. За карыстанне крэдытам штомесяц выплачваюцца працэнты ў памеры 1/2 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.

Выдзяленне крэдыту выконваецца ААТ «ААБ Беларусбанк» ва ўстаноўленым парадку часткамі на працягу ўсяго тэрміну атрымання адукацыі ў межах адкрытай крэдытнай лініі.

Вяртанне крэдыту ажыццяўляецца з наступнага месяца пасля заканчэння ВНУ на працягу пяці гадоў.

* * *

Студэнтам і навучэнцам, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і навучаюцца за кошт уласных сродкаў, прапануюцца зніжкі па аплаце навучання ў памеры ад 20 да 60 працэнтаў ад сфарміраванага кошту навучання за навучальны год.

Падстава: пастанова Савета Міністраў ад 26 мая 2006 г. № 665 «Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку забеспячэння зніжак са сфарміраванага кошту навучання студэнтам і навучэнцам, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі, і памерах гэтых зніжак».

Пакрыццё расходаў па найме жылля

Калі не ўдалося забяспечыць месцам у інтэрнаце іншагародніх навучэнцаў і студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, ажыццяўляецца пакрыццё расходаў па найме жылля штомесяц у наступных памерах:

  • у Мінску – тры базавыя велічыні;
  • у іншых населеных пунктах – дзве базавыя велічыні.

Права на кампенсацыю расходаў па найме жылля маюць студэнты, калі сярэднедушавы даход іх сем'яў не перавышае 200 % бюджэту пражытковага мінімуму.

Забеспячэнне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі

Студэнты, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, на час атрымання адукацыі забяспечваюцца падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі бясплатна.

Святлана Бусько, «Звязда», 12 верасня 2018 г.