/ / Общественно-политические
31.10.2018

Сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва: каму паложана сядзелка, а каму – месца ў доме зімоўкі

Днямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло чарговую анлайн-канферэнцыю, тэмай якой стала сацыяльнае абслугоўванне насельніцтва. Усе, хто задаў сваё пытанне, атрымалі на яго адказ з першых вуснаў – ад намесніка Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака і ад намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі ведамства Таццяны Фёдаравай.

Социальная помощь

Беларусбанк просяць не спаганяць камісію за аплату сацпаслуг

– З 1 кастрычніка Беларусбанк увёў камісійны збор пры аплаце паслуг, у тым ліку за аплату сацпаслуг у памеры адзін рубель за кожную паслугу пры разліку наяўнымі грашыма. Самая неабароненая катэгорыя насельніцтва (пажылыя людзі), прадстаўнікі якой аддаюць перавагу наяўным грашам, вымушана несці дадатковыя выдаткі. Ці разглядаецца пытанне аб унясенні гэтага віду паслуг у пералік вызваленых ад камісійнага збору? З той жа праблемай сутыкаюцца і сацработнікі, якія аказваюць паслугу аплаты за сацабслугоўванне і ідуць у банк з наяўнымі.

Аляксандр Румак:

– Для вырашэння гэтага пытання нашым міністэрствам накіраваны ліст у Беларусбанк з просьбай разгледзець магчымасць вызвалення ад выплаты камісіі за прыём плацяжоў за аказанне сацыяльных паслуг для залічэння ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Ці плануецца ў найбліжэйшыя гады змяненне тарыфаў на сацыяльныя паслугі?

Аляксандр Румак:

– Зараз у рэгіёнах устаноўлены наступныя тарыфы: у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях – 55 капеек за гадзіну, у Гродзенскай вобласці – 60, у Мінскай вобласці – 65, у Мінску – 48.

У адпаведнасці з заканадаўствам тарыфы на сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца дзяржаўнымі ўстановамі сацабслугоўвання, рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

– У тэрытарыяльных цэнтрах можна ўзяць напракат тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі. Гэтая паслуга платная?

Таццяна Фёдарава:

– Выдзяленне тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі непрацаздольным грамадзянам, а таксама грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ажыццяўляецца без збірання платы.

Для аказання дадзенай сацыяльнай паслугі ў ТЦСАН створаны пункты пракату. Па стане на 1 кастрычніка ў тэрытарыяльных цэнтрах краіны функцыянавалі 172 пункты пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, паслугамі якіх скарысталіся больш за пяць тысяч чалавек.

Малазабяспечаныя пенсіянеры заплацяць за сядзелку 60 % ад тарыфу

– На якіх умовах аказваюцца сацыяльныя паслугі ў аддзяленнях дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту?

Таццяна Фёдарава:

– Скарыстацца сацыяльнымі паслугамі дадзеных аддзяленняў могуць непрацуючыя грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту і не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў для абслугоўвання ў дадзеным аддзяленні.

Аддзяленні дзённага знаходжання без збірання платы аказваюць грамадзянам пажылога ўзросту кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-педагагічныя, сацыяльна-пасярэдніцкія, сацыяльна-псіхалагічныя і сацыяльна-рэабілітацыйныя паслугі.

Што датычыцца работы гурткоў па інтарэсах і навучанні карыстанню камп’ютарнай тэхнікай, мабільным тэлефонам, то ўмовы аказання гэтых паслуг залежаць ад матэрыяльнага становішча і складу сям’і непрацаздольнага грамадзяніна.

Так, без збірання платы такія паслугі аказваюцца інвалідам І і ІІ групы, адзінокім непрацуючым грамадзянам ва ўзросце 60 гадоў і старэйшым, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, маюць права на дзяржаўную пенсію і людзі, сярэднедушавы даход якіх ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). На сёння гэта 213,67 рубля.

На ўмовах частковай аплаты (60 % ад тарыфу) дадзеныя паслугі аказваюцца адзінокім непрацуючым грамадзянам ва ўзросце 60 гадоў і старэйшым, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, маюць права на дзяржаўную пенсію і сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200 % БПМ (г. зн. 427,34 рубля). На ўмовах поўнай аплаты – астатнім непрацаздольным грамадзянам.

– Каму і на якіх умовах аказваюцца паслугі сядзелкі?

Аляксандр Румак:

– Гэта вызначана ў Інструкцыі аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі ад 26 студзеня 2013 года № 11.

Так, у адпаведнасці з пунктам 17 Інструкцыі паслугі сядзелкі на ўмовах частковай аплаты аказваюцца малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам, якія маюць рэзка выяўленае абмежаванне здольнасці да самаабслугоўвання і перамяшчэння. Памер частковай аплаты складае 60 % ад тарыфу на дадзеную паслугу.

Астатнім непрацаздольным грамадзянам паслугі сядзелкі аказваюцца на ўмовах поўнай аплаты.

Пажыццёвае ўтрыманне пажылога чалавека

– У мяне ёсць ва ўласнасці кватэра, ці магу я аддаць яе дзяржаве і пасяліцца ў дом-інтэрнат бясплатна?

Таццяна Фёдарава:

– Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне або асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, дасягнулі 70-гадовага ўзросту і не маюць фізічных асоб, абавязаных па законе іх утрымліваць, і якія маюць ва ўласнасці жыллё, могуць пасяліцца ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, заключыўшы дагавор пажыццёвага ўтрымання.

Для гэтага трэба звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства для заключэння дагавора пажыццёвага ўтрымання за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Рашэнне аб заключэнні такога дагавора прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню.

Пры яго заключэнні грамадзянін перадае сваё жыллё ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, дапусцім гораду Рагачоў. Пры гэтым Рагачоўскі райвыканкам абавязваецца ажыццяўляць пажыццёвае ўтрыманне такога пенсіянера, якое ўключае аказанне бясплатных сацпаслуг, а таксама штомесячныя плацяжы па ўтрыманні не меншыя за двухразовы памер базавай велічыні. Пры гэтым захоўваецца выплата пенсіі ў поўным памеры.

– Ці ёсць у Беларусі дамы-інтэрнаты павышанай камфортнасці і дзе? Як яны запаўняюцца?

Аляксандр Румак:

– Ва ўсіх рэгіёнах краіны пры дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, а таксама ў Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы (аграгарадок Ждановічы, Мінскі раён) створаны аддзяленні павышанай камфортнасці, у якіх сацыяльныя паслугі аказваюцца на платнай аснове пры пастаянным або часовым пражыванні. У такіх аддзяленнях створаны палепшаныя ўмовы пражывання. Грамадзяне размяшчаюцца ў аднамесных, двухмесных (для сямейнага пражывання) нумарах з усімі выгодамі. Усе памяшканні ўкамплектаваны функцыянальнай мэбляй з улікам індывідуальных асаблівасцяў грамадзян, неабходнай бытавой тэхнікай (тэлевізар, халадзільнік і іншае). На 1 ліпеня 2018 года ў такіх аддзяленнях пражывалі 50 грамадзян.

Каб пасяліцца ў аддзяленне павышанай камфортнасці, неабходна звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

Хто трапляе ў дамы зімоўкі

– Якія варыянты зімоўкі існуюць сёння для адзінокіх састарэлых грамадзян і якія найбольш папулярныя ў рэгіёнах? Для каго такія паслугі даступныя і на якіх умовах аплаты?

Таццяна Фёдарава:

– Калі чалавек мае права па медыцынскіх паказаннях на пасяленне ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, то, каб правесці восень і зіму ў камфортных умовах і пад медыцынскім наглядам, ён можа пасяліцца туды на часовае (да аднаго года), у тым ліку кароткатэрміновае (да аднаго месяца, але не больш за тры разы ў каляндарным годзе) пражыванне.

Па пытаннях накіравання ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў неабходна звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Дадзеная паслуга даступная ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Акрамя таго, непрацаздольным грамадзянам, якія па якіх-небудзь прычынах не могуць пражываць самастойна, на зіму можа быць арганізавана кароткатэрміновае знаходжанне ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у ТЦСАН. Сёння функцыянуюць 62 такія аддзяленні на 2103 месцы.

Акрамя гэтага, мясцовымі органамі ўлады ўкараняюцца новыя формы жыццеўладкавання непрацаздольных грамадзян. Адкрываюцца дамы самастойнага (сезоннага) пражывання, у якія пажылыя людзі перасяляюцца на працяглы тэрмін альбо толькі на асенне-зімовы перыяд, самастойна арганізуюць сваё харчаванне, салідарна аплачваюць камунальныя паслугі.

Пенсіянеры могуць аб'яднацца для сумеснага пражывання ў зімовы перыяд і ў адным з наяўных у іх дамоў. Такая форма атрымала назву дома зімоўкі. Тэрытарыяльнымі цэнтрамі пры неабходнасці арганізуецца сацыяльнае абслугоўванне пажылых грамадзян, якія пражываюць сумесна.

На 1 кастрычніка ў 39 дамах самастойнага (сумеснага) пражывання пражывалі 194 чалавекі, у 3 дамах сезоннага пражывання і 283 дамах зімоўкі – 584 чалавекі.

Святлана Бусько, «Звязда», 31 кастрычніка 2018 г.