/ / Общественно-политические
28.11.2018

Правілы бяспекі выкарыстання піратэхнікі падчас святаў ад супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях

Снежань і студзень у Беларусі даўно сталі часам піратэхнічных кананад. Але варта нешта зрабіць не так у нейкай дробязі – і забаўка можа скончыцца шпіталізацыяй і шкодай для здароўя, якая пасля будзе ўсё жыццё нагадваць пра няўдалы запуск.

Пиротехника

Летась піратэхніка адкрыла свой каварны рахунак ужо 6 снежня. Позна ўвечары ў Салігорскую раённую бальніцу быў шпіталізаваны 39-гадовы мясцовы жыхар. На сваім двары ён спрабаваў узарваць петарду. Скончылася ўсё частковай траўматычнай ампутацыяй двух пальцаў на левай руцэ. А пік няшчасных выпадкаў прыйшоўся на – хто б сумняваўся – навагоднюю ноч. 33 чалавекі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. А ўсяго ад святочнай выбухоўкі ад 7 снежня да 7 студзеня пацярпеў 71 чалавек.

На шчасце, у мінулы навагодні перыяд пажараў з-за піратэхнікі ў Беларусі зафіксавана не было. Але без інцыдэнтаў усё ж не абышлося. У самым цэнтры сталіцы петарда разбіла шыбу ў кватэры на дзясятым паверсе. Адбылося гэта ў ноч на 1 студзеня. Яшчэ адна петарда разарвалася паблізу ад шыбы кватэры на трэцім паверсе ў «хрушчоўцы» на ўскраіне гарадской забудовы. На шчасце, і тут справа скончылася толькі пашкоджанай аконнай рамай.

Невытлумачальныя на першы погляд здарэнні адбыліся ў сталіцы ў мінулую навагоднюю ноч. 19-гадовы П. чамусьці вырашыў падпаліць петарду проста ў сябе дома. Пашанцавала – усяго толькі крыху апаліў правую руку. А вось у Ленінскім раёне трое маладых людзей скінулі з агульнага балкона на 10-м паверсе петарду, якая трапіла наўпрост у капюшон дзяўчыны, што ў гэты час заходзіла ў пад'езд. Яе кантузіла. Яшчэ два чалавекі былі паранены феерверкамі, якія запускалі суседзі і якія прыляцелі ім проста ў грудзі і твар.

А вось у Гомельскай вобласці адразу трое дзяцей атрымалі тэрмічныя апёкі вачэй. Самаму малодшаму з іх споўнілася толькі шэсць гадоў...

Петарды каля батарэі

– Забарона на продаж піратэхнікі на працягу круглага года знята ўжо даволі даўно, – каментуе сітуацыю афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. – Калісьці гэтымі таварамі можна было гандляваць толькі 45 дзён за год. І адразу ж паўстае пытанне: як правільна захоўваць такія рэчы? Не сакрэт, што ў гарадской кватэры не заўжды хапае месца, каб размясціць скрынку з петардамі або салютамі. Праўда, гэта не дае індульгенцыі на тое, каб ставіць яе дзе заўгодна.

У нашай практыцы быў выпадак, калі скрынка з петардамі захоўвалася... проста каля батарэі цэнтральнага ацяплення. І калі ўдарылі моцныя маразы, то ацяпленне было пададзена на максімум. Петарды здэтанавалі, адбыўся даволі моцны пажар. Таму нельга класці скрынку з піратэхнікай там, куды, напрыклад, трапляюць прамыя сонечныя прамяні. З іншага боку, калі яе запіхнуць на балкон або лоджыю, то там ужо будзе павышаная вільготнасць. У выніку зарад спрацуе не так, як задумаў вытворца. А то і наогул нічога не адбудзецца пры запуску.

Усе асаблівасці правільнага захоўвання салютаў, петардаў, феерверкаў абавязкова ўказаны ў інструкцыі. Між іншым, суправаджальны дакумент, надрукаваны на рускай або беларускай мове, а не іерогліфамі, заўжды прыкладаецца да сертыфікаванай піратэхнікі, якая прадаецца ў спецыяльных гандлёвых пунктах. Там у зразумелай форме даводзіцца парадак запуску.

– МНС сумесна з МУС пастаянна праводзіць рэйды, скіраваныя на выкрыццё гандлю «шэрай» піратэхнікай, якая не мае дакументаў аб сваёй бяспечнасці, – працягвае Віталь Навіцкі. – Але калі ёсць прапанаванне, то павінен быць і попыт. У дадзеным выпадку кошт легальнай і несертыфікаванай піратэхнікі практычна зраўняўся. Што ж рухае пакупнікамі, якія ўсё роўна гатовы набыць неправераную святочную выбухоўку? Калі жаданне купіць, скажам, больш магутныя салюты, якія не прадаюцца ў легальных пунктах продажу, то мушу расчараваць: піратэхніка чацвёртага і пятага класаў не выкарыстоўваецца ў грамадзянскім абарачэнні. Яе можна пабачыць толькі на масавых мерапрыемствах, дзе з ёй працуюць выключна кваліфікаваныя супрацоўнікі. У продаж жа паступае піратэхніка першага, другога і трэцяга класаў. Яны адрозніваюцца паміж сабой аб'ёмам выбуховага рэчыва, якое закладваецца ўнутр, і далёкасцю палёту.

Увогуле, існуючымі правіламі забаронены ўвоз у Беларусь піратэхнікі фізічнымі асобамі. Рабіць гэта маюць права выключна тыя арганізацыі, якія выканалі дзве ўмовы. Першая з іх – наяўнасць дазволу на ўвоз, які выдае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Другая звязана з наяўнасцю сертыфікацыі ў Беларусі або ў адной з краін Мытнага саюза.

Не ўзрываецца – не чапай

Яшчэ адзін немалаважны момант, які пазначаны ў інструкцыі да піратэхнічнага вырабу, – гэта тое, што трэба рабіць, калі зарад па нейкай прычыне не спрацаваў. Першая ж думка, якая ўзнікае пры такой сітуацыі, – падбегчы і паглядзець, што ж там адбылося. Якраз у гэты момант зарад такі спрацоўвае па законе подласці – і траекторыя ракеты скіроўваецца проста ў твар чалавеку. Такія выпадкі складаюць прыкладна чвэрць ад усёй сумнай статыстыкі траўмаў. А з наступствамі траўмы вока давядзецца жыць і надалей, а яшчэ калі ўлічыць, што 80 % інфармацыі чалавек атрымлівае менавіта праз зрок...

Так, адзінаццацігадоваму Ф., які жыве ў Гомелі, салют трапіў у твар у навагоднюю ноч. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі дыягнаставала шматлікія іншародныя целы і эрозію рагавіцы вока.

Таксама ў лідарах траўмаў – адрыў фалангаў пальцаў. Гэта адбываецца тады, калі чалавек або не паспявае хутка адкінуць ад сябе петарду, або яна раней часу спрацоўвае ў яго ў руцэ.

– Відаў піратэхнікі шмат, і кожны год дадаюцца новыя, – рэзюмуе Віталь Навіцкі. – Але агульныя рэкамендацыі застаюцца ранейшымі. Такія рэчы неабходна перш за ўсё паставіць на цвёрдую паверхню, каб да найбліжэйшых пабудоў, дрэў, ліній электраперадачы, аўтамабіляў ці проста выпадковых мінакоў адлегласць была не меншай за трыццаць метраў. Пасля гэтага падпальваецца кнот – і застаецца ўсяго толькі як мага хутчэй адбегчы на бяспечную адлегласць. Працаваць з піратэхнікай мусіць толькі абсалютна цвярозы чалавек. І ні ў якім разе не дзіця. Калі ж зарад не спрацаваў, то трэба пачакаць паўгадзіны, а пасля зазірнуць у інструкцыю, што ж прапануе вытворца на гэты выпадак – заліць вадой або засыпаць пяском.

Каварнае полымя халоднага агню

Здавалася б, бенгальскі агонь – звыклая і бяскрыўдная рэч. «Халодны агонь» на першы погляд не здольны ўтварыць небяспечную сітуацыю. Аднак гэтае ўражанне падманлівае. Парашок алюмінію або магнію, які служыць гаручым, здольны прычыніць не толькі тэрмічныя, але і хімічныя апёкі. Іх лячыць вельмі доўга і няпроста.

У ноч на 1 студзеня 5-гадовая дзяўчынка з Крычава запаліла бенгальскі агонь, знаходзячыся дома з бацькамі. У нейкую секунду полымя перакінулася на сукенку малой. Яго патушылі, але дзяўчынка атрымала апёкі 12 % паверхні цела першай і другой ступені. Навагоднюю раніцу малая сустрэла ў бальніцы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 28 лістапада 2018 г.