/ / Общественно-политические
23.11.2018

У Беларусі вызначаны дакладныя і празрыстыя правілы давання і выкарыстання зямельных участкаў для вядзення бізнесу

У Беларусі вызначаны адзіныя, дакладныя і празрыстыя правілы давання і выкарыстання зямельных участкаў для вядзення бізнесу, паведаміў на парламенцкіх слуханнях Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Андрэй Гаеў.

Андрей Гаев

Рэзідэнты краіны могуць атрымаць зямлю ва ўласнасць або арэнду, замежныя арганізацыі – у арэнду на 99 гадоў. Канкрэтная інфармацыя пра тэрыторыі, падабраныя для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, размешчана ў свабодным доступе на сайтах мясцовых выканаўчых камітэтаў. Пры рэалізацыі інвестыцыйных дагавораў зямельныя ўчасткі даюцца без правядзення аўкцыёну і ўнясення платы за права заключэння дагавораў арэнды.

Інвестары таксама вызвалены ад кампенсацыі страт сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай вытворчасці. Ёсць магчымасць растэрміноўкі ўнясення платы за права арэнды зямельных участкаў пры іх даванні для вытворчых будынкаў, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, іншай нерухомасці без заключэння інвестыцыйных дагавораў. Грамадзянам дазваляецца выкарыстоўваць для рамесніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці, аказання паслуг у сферы агратурызму зямельныя ўчасткі, дадзеныя ім для абслугоўвання жылых дамоў.

Спрошчана выдзяленне зямельных участкаў для прадпрымальніцтва ў сярэдніх, малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Выкананне ўсяго комплексу паслуг па афармленні дакументаў, якія зацвярджаюць права на нерухомую маёмасць, сканцэнтравана ў сістэме аднаго дзяржаўнага органа – Дзяржкаммаёмасці. Падрыхтоўка для інвестара землеўпарадкавальных матэрыялаў адбываецца без яго ўдзелу па прынцыпе адной станцыі, ажыццяўляецца адначасова з выканнем работ па будаўніцтве аб'екта. Кожнае чацвёртае рэгістрацыйнае дзеянне ў краіне адбываецца на працягу адной гадзіны.

Зараз на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта знаходзіцца праект дакумента, які прадугледжвае далейшае ўдасканаленне адносін па распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю. Сярод асноўных навацый – павелічэнне перыяду растэрміноўкі аплаты маёмасці, якая набываецца (яе тэрмін будзе вызначаць пакупнік), магчымасць продажу на аўкцыёне нерухомасці, якая размешчана на ўсёй тэрыторыі краіны (акрамя абласных цэнтраў і Мінска) адразу за адну базавую велічыню пры выкарыстанні яе для прадпрымальніцкай дзейнасці. Праектам прапануецца ажыццяўляць продаж такой маёмасці на аўкцыёне адначасова як юрыдычным, так і фізічным асобам (цяпер спачатку на аўкцыён дапускаюцца толькі арганізацыі).

Сярод праблемных пытанняў у сферы распараджэння нерухомасцю Андрэй Гаеў назваў выпадкі, калі прадпрыемствы, якія жывуць за кошт здачы ў арэнду маёмасці, не развіваюць вытворчасць і не дазваляюць набыць яе добрасумленнаму арандатару. Сёння такія сітуацыі разглядаюцца на ўзроўні міжведамаснай групы, створанай урадам.

«Дзяржава цалкам гарантуе абарону зарэгістраваных правоў на набытую або пабудаваную нерухомую маёмасць», – запэўніў Андрэй Гаеў. Дарэчы, па паказчыку «рэгістрацыя ўласнасці» рэйтынга спрыяльнасці умоў вядзення бізнесу – 2019, які складае Сусветны банк, Беларусь займае пятае месца са 190 краін.

Што датычыцца прыватызацыі, то яна ў Беларусі носіць не масавы, а канкрэтны і кропкавы характар. Прыватызаваным можа быць любое прадпрыемства, пры захаванні наступных умоў: развіццё арганізацыі, захаванне працоўнага калектыву на пэўны тэрмін і справядлівая цана. «Дзеючае заканадаўства забяспечвае максімальную публічнасць прыватызацыі, замацаваны роўныя правы нацыянальных і замежных інвестараў на ўдзел у прыватызацыі дзяржмаёмасці», – падкрэсліў Андрэй Гаеў.

«Развіваецца і такі сучасны і празрысты спосаб прыватызацыі, як продаж акцый у гандлёвай сістэме Беларускай валютна-фондавай біржы, – паведаміў Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. – Цяпер завяршаецца падрыхтоўка для продажу на біржы мінарытарных (да 25 %) пакетаў акцый Рэспублікі Беларусь васьмі акцыянерных таварыстваў».

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 23 лістапада 2018 г.
(фота – «Звязда»)