/ / Общественно-политические
18.05.2018

Па голасе можна высвесліць пол, узрост, сацыяльны статус, узровень адукацыі, прафесію і нават месца жыхарства чалавека

Змяніць свой голас, сказіўшы яго танальнасць і дадаўшы спецыяльных эфектаў, можна дзякуючы розным праграмам. З іх дапамогай карыстальнік размаўляе, напрыклад, голасам свайго сябра. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, наколькі бездакорныя такія падробкі і што наогул голас можа сказаць пра ўладальніка.

Фоноскопическая экспертиза

Пол, узрост, месца нараджэння і пражывання, нацыянальнасць, узровень адукацыі, прафесія, адхіленні ў фізічным і псіхічным стане… Усё гэта спецыялісты Дзяржкамітэта судмедэкспертыз могуць сказаць па голасе на аўдыязапісе. Фанаграму даследуюць двое: спецыяліст у галіне акустыкі і спецыяліст у галіне лінгвістыкі. Першы вывучае тэхнічныя характарыстыкі аўдыязапісу – гэта частата, дынамічны дыяпазон, працягласць гуку. Другі – лінгвістычныя індывідуалізуючыя прыкметы вуснай мовы. Гэта асаблівасці вымаўлення, прынцып пабудовы сказаў, выкарыстаная лексіка...

Наогул, экспертам прыходзіцца працаваць з рознымі носьбітамі гуку. Няхай гэта будзе аўтаадказчык ці запіс з камеры відэаназірання. Але ў запале сваркі апаненты часцей хапаюцца за дыктафоны на мабільных тэлефонах. Мы таксама запісалі на дыктафон фрагмент гутаркі. Паглядзім, што эксперты змогуць сказаць пра дыктара.

Атрымаўшы ўзор запісу, спецыялісты бяруцца за працу. Праз пару хвілін на экране камп’ютара бачу свой голас. У выглядзе асцылаграмы, вядома. З дапамогай спецыяльных праграм эксперты прыбіраюць з фанаграмы пабочныя шумы, каб высветліць даслоўны змест размовы. Дарэчы, ёсць цэлая электронная база шумаў. Прагнаўшы праз яе фанаграму, можна вызначыць тып шуму на заднім фоне. У базе ёсць гук стрэлу з глушыцелем і без, гук рухавіка аўтамабіля, самалёта, які ўзлятае, і нават пральнай машыны.

– Гаворыць дакладна жанчына, – слухае запіс у навушніках намеснік начальніка ўпраўлення фанаскапічных экспертыз цэнтральнага апарата Дзяржкамітэта судмедэкспертыз Аляксандр Быкоўскі. – Палавую прыналежнасць вызначаем па вышыні асноўнага тону і тэмбру. Адрозненні абумоўлены развіццём брушной і грудной мускулатуры, аб’ёмам лёгкіх, даўжынёй і эластычнасцю галасавых звязак...

Кожны голас унікальны дзякуючы біялагічным фактарам – будове цела, сіметрычнасці галасавога апарату, працы залоз унутранай сакрэцыі і ўзросту. Усё гэта ўплывае на вышыню, сілу і тэмбр голасу. Заўважана, што людзі з нізкім голасам звычайна высокага росту і маюць большы аб’ём грудной клеткі. Рост уладальнікаў тэнару складае каля 166 см, барытону – каля 174 см, а басу – амаль 180 см.

– У размове жанчыны больш эмацыянальныя, – да працы над запісам падключаецца эксперт аддзела фанаскапіі Арцём Кананенка. – Вы часцей ужываеце, напрыклад, экспрэсіўна афарбаваныя словы.

– На працягу жыцця голас чалавека можа мяняцца? – цікаўлюся.

– Можа, – Аляксандр Быкоўскі сцвярджальна ківае. – Гэта прыкметна ў перыяд сталення. Будова гартані мяняецца, ператвараючы хлапечы дыскант ці альт у голас мужчыны – барытон ці нават бас. У сталым узросце, калі завяршаецца працэс акасцянення гартані, голас зноў мяняецца. З-за памяншэння ёмістасці лёгкіх, паніжэння іх эластычнасці і звужэння грудной клеткі ён становіцца слабым, брынклівым, сухім. Ды і наогул голас варыятыўны. Двойчы аднолькава вымавіць адну і тую ж фразу вы не зможаце. Нават падобныя на слых галасы двайнят адрозніваюцца.

Пэўная доля працы спецыялістаў звязана з аналізам ананімных паведамленняў аб мініраванні будынкаў. Індывідуальная інфармацыя, якая адлюстравалася ў голасе зламысніка, дапамагае яго хутчэй знайсці. Гэта фізічны стан таго, хто гаворыць, узровень яго інтэлектуальнага і маральнага развіцця, кругагляд, сфера інтарэсаў, прафесія. Нярэдка зламыснікі спрабуюць сказіць голас: гугнявяць, картавяць, паніжаюць вышыню голасу. Калі падлеткі «мініруюць» школу, то спрабуюць зрабіць голас больш сталым. Але экспертыза расставіць кропкі над «і».

– З 2002 года вядзецца ўлік фанаграм. У базе захоўваюцца запісы галасоў некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек, – падлічыў начальнік аддзела фанаскапічнага ўліку і дыягностыкі Яўген Ігнаценя. – Гэта ўсе тыя, хто прыцягваўся за паведамленні аб мініраванні, дачу хабару, вымагальніцтва, махлярства...

«...Мама, гэта я! Перавядзі грошы на гэты рахунак. Я збіў чалавека». Такія званкі атрымліваюць ахвяры тэлефонных махляроў. Зрабіць голас больш падобным на патрэбны ім дапамагаюць спецыяльныя праграмы змены голасу. Арцём Кананенка напрыканцы пракаменціраваў сітуацыю з папулярнымі сёння дадаткамі:

– Голас, як і адбіткі пальцаў, падрабіць немагчыма. Нават самым таленавітым парадыстам не ўдаецца ашукаць эксперта. І ў змененым запісе асобасныя прыкметы даюць аб сабе знаць.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 18 мая 2018 г.