/ / Общественно-политические
20.03.2018

Падман ва ўпакоўцы. Бясплатнае за грошы: колькi мы пераплачваем за упакоўку тавараў

З 2014 года рэтэйл павінен прадастаўляць бясплатную ўпакоўку для шэрагу пакупак. Тады пачала працаваць пастанова Саўміна № 703, якая рэгулюе ў тым ліку правілы продажу некаторых відаў тавараў. Але па гэты дзень далёка не заўсёды атрымоўваецца адшукаць у магазiнах тару за нуль рублёў. Чаму?

Покупатели

Ёсць рэчы і прадукты, пры набыцці якіх можна разлічваць на кавалак паперы або цэлафанавы кулёк. Такія выпадкі вызначаны заканадаўча. Спецыяльна адшукала гэты спіс, каб асвяжыць і сваю памяць. Напрыклад, на «нулявую» тару мы павінны разлічваць пры куплі вагавых вырабаў (каўбас, сыроў, пірожных) ва ўпакоўцы вытворцы. Хлеб і батон, нават чвэртачкі, таксама павінны бясплатна запакаваць. А вось буйныя гародніна і садавіна з цвёрдай лупінай, скажам, ананасы, дыні, авакада і капуста ў гэтай катэгорыі не пазначаны. Выключэнне складаюць таксама ўпакоўкі тартоў, набораў пірожных, напоi, якія прадаюцца ў разліў, – кошт тары ўключаецца ў цэннiк. Апошні пункт зацікавіў сяброў, якія былi ў гасцях. Яны наперабой пачалі расказваць, што ў большасці магазiнаў, дзе прадаюць піва на разліў, за бутэлькі заўсёды плацяць асобна. А дамы ўспаміналі, як дадаткова плацілі яшчэ і за кантэйнер для торта. Маўляў, іншага падыходзячага бясплатнага пакунка ў супермаркетах не было. Знаёма?

З нехарчовых тавараў «дапабароне» падлягаюць тыя, што могуць выпацкацца або разбіцца ў дарозе. Напрыклад, пасцельная і сподняя бялізна, калготы, шкарпэткі, шкляны і фарфоравы посуд, навагоднія цацкі. А таксама тыя, што самі па сабе могуць забрудзіць нешта. Напрыклад, брусок гаспадарчага мыла. Аналагічныя патрабаванні да дробнаштучных рэчаў – гузікаў, кнопак, цвікоў, прышчэпак, фурнітуры і нават бігудзі. Сюды ж варта дадаць тканіны, трыкатажнае і гардзіннае палатно, штучны мех, стужкі, карункі, драты, шнуры. Такое ж стаўленне павінна быць да цыбулін раслін, расады, насення, пасадачнага матэрыялу, корму для коцікаў, сабачак, птушачак і рыбак.

Праўда, ёсць некалькі нюансаў. Якая ўпакоўка для таго ці іншага тавару, у тым ліку і для прадукцыі ўласнай вытворчасці, будзе бясплатнай, прадавец вызначае сам. Тут ужо, што называецца, прабачце. Вядома, «нулявая» тара павінна забяспечваць захаванасць пакупкi ад парога магазiна да парога дома. Напрыклад, сушы могуць прапанаваць змясціць не ў кантэйнер, а ў бясплатны пакецік. У выпадку з вэнджанымі курынымі ножкамі таксама ўсё ясна. У паперу іх не завернеш – хутка праступiць тлушч і выпацкае ўсё вакол у сумцы. Па логіцы, павінны прапанаваць бясплатны пакет. Але матэрыял для штор, з уласнага вопыту, камусьці здаецца цалкам рэальным ахінуць у паперу. Пры тым, што сам па сабе пяціметровы адрэз цяжкі, несці яго пад пахай нязручна і боязна. Чаго добрага, тара размокне пад дажджом. Але «нулявы» варыянт упакоўкі ёсць – правілы выкананыя, не прычэпішся. Прыйшлося раскашэліцца на пакет за 20 капеек. Просьбу перакласці будучыя шторы ў нешта памацней прадавец сустрэла са здзіўленнем, маўляў, не прыдумляйце, грамадзянка. І нават асудзіла: пару капеек шкада ці што?

Шкада, скажу вам. Таму што гэты выпадак далёка не першы і не апошні. Да гэтага часу не ва ўсіх магазiнах чулі пра бясплатную ўпакоўку. Ясная справа, яе няма ў зале. Або вось яшчэ прыклад – пакеты за нуль рублёў маленькія і тонкія, што нават паўкіло памідораў не змесцяць і не вытрымаюць. Ці бярэш кулёк без цэнніка, а ўжо пасля вывучэння чэка даведаешся, што ён каштаваў 3–7 капеек. За месяц у некаторых пакупнікоў ні з таго ні з гэтага набягае 3–5 лішніх рублёў. Здаецца, няшмат. А здаецца, і кіло бананаў або курынага філе можна купіць за гэтыя грошы. А за год?..

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю тлумачаць: адмова ў бясплатнай упакоўцы для тавараў, «якія маюць патрэбу», – парушэнне. Пагражае нават штраф – да дзесяці базавых велічынь. Калі тары за нуль рублёў у магазiне зроду не было, раяць напiсаць пару радкоў у кнізе заўваг і прапаноў. Ці паскардзіцца ў выканкам. Не заставацца абыякавымі трэба і ў выпадку, калі заплацілі за пакеты, на якія не быў аформлены цэннік. Давайце наперад адказней падыходзіць да, здавалася б, дробязяў у пакупках. Таму што, на жаль, не заўсёды даводзіцца спадзявацца на сумленнасць i элементарны сервiс рэтэйла.

Марыя Друк, «Рэспубліка», 20 сакавіка 2018 г.