/ / Общественно-политические
13.03.2018

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю: Колькасць парушэнняў сярод інтэрнэт-крам зменшылася

За апошнія пяць гадоў беларускі рынак анлайн-гандлю павялічыўся ў 2,8 раза, а таваразварот у інтэрнэт-крамах павялічыўся ў 25,8 раза з 2010 года.

Интернет-магазин

Пра гэта расказала начальнік упраўлення аховы правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава. Паводле яе слоў, за апошнія некалькі гадоў паралельна зніжаецца і колькасць парушэнняў сярод продажаў у Сеціве. Разам з тым, работы ў МАРГ яшчэ шмат, прычым не толькі з анлайн-гандлем у беларускім сегменце, але і з замежнымі інтэрнэт-прадаўцамі.

Сецівам кіруюць прыватнікі

Сёння 67,4 % беларусаў выкарыстоўваюць інтэрнэт, а 44 % жыхароў краіны там яшчэ і купляюць. Пры гэтым гандаль становіцца ўсё больш трансгранічным – купля тавараў ажыццяўляецца ў тым ліку і за мяжой. Як адзначыла Ірына Барышнікава, беларусы сёння часта купляюць у Кітаі (21 %) і ў Расіі (11 %). Паводле яе слоў, доля рознічных анлайн-продажаў сёння складае толькі 2,8 %. «Гэта пакуль няшмат, але мы бачым тэндэнцыю росту. Доля будзе расці. На 1 студзеня 2018 года ў гандлёвым рэестры зарэгістравана больш за 16 тысяч крамаў. Юрыдычным асобам належаць каля 48 %, а 51 % – ва ўласнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэты бізнес сёння атрымаў сваё развіццё як прыватная форма», – адзначыла Ірына Барышнікава.

Сярод найбольш папулярных пакупак беларусаў яна назвала бытавую тэхніку, вопратку, абутак, спартыўны інвентар, тавары для аўто. У 2017 годзе прыкметна вырас попыт на дзіцячыя тавары (у 7,8 раза), на касметыку і парфумерыю (у 7 разоў), тавары для спорту і турызму (у 6,2 раза). Запчастак для аўто купілі ў пяць разоў больш за мінулы год, чым у 2016-м, прадуктаў харчавання – у 4,4 раза, кніг – 3,7 раза. Большая частка пакупак усё яшчэ робіцца на беларускіх інтэрнэт-пляцоўках. У МАРГ гэта звязваюць з псіхалагічнай перакананасцю жыхароў краіны ў тым, што такім чынам іх правы абаронены ў большай ступені.

Парушаюць і замежнікі

Па словах Ірыны Барышнікавай, у 2017 годзе масавых парушэнняў, якія былі зафіксаваныя 3-4 гады назад, у МАРГ не назіралі. «Я не хачу сказаць што яны абсалютна адсутнічаюць. Але сёння можна гаварыць, што інтэрнэт-крамы выконваюць патрабаванні заканадаўства», – адзначыла Ірына Барышнікава. Пры гэтым, на яе думку, асноўныя праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца беларускія спажыўцы, звязаны з міжнародным анлайн-гандлем. «Гэта досыць агульныя праблемы. Напрыклад, непастаўка замоўленага тавару ў тэрмін, утойванне важнай інфармацыі, рэалізацыя няякаснага і «шэрага» тавару, утойванне інфармацыі аб прадаўцу. Работы ў рамках кантролю сёння яшчэ шмат», – дадала Ірына Барышнікава. Таксама яна адзначыла, што многія прадаўцы ўсё яшчэ ўхіляюцца ад разгляду прэтэнзій грамадзян, але гэтая праблема таксама вырашаецца. Сустракаецца і абарот прадукцыі, рэалізацыя якой абмежавана заканадаўствам.

Абараняць спажыўцоў будуць па-новаму

Ірына Барышнікава таксама нагадала, што Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» у хуткім часе некалькі зменіцца. Зараз праект паправак у закон рыхтуецца да другога чытання. Магчымым дадаткам у ім стане абавязак прадаўца пры вяртанні грошай спажыўцу, рабіць гэта ў той жа форме, у якой быў плацеж, калі не дамовяцца аб іншым. Таксама спажыўцу не трэба будзе прад'яўляць пашпарт пры скасаванні дамовы з прадаўцом, у выпадку, калі пры заключэнні дагавора такі дакумент не патрабаваўся. Плануецца павялічыць тэрмін гарантыйнага рамонту з 14 да 30 дзён пры ўмове, што спажывец згодны на гэта. Якія менавіта папраўкі ўвойдуць у абноўлены дакумент вырашаць ў найбліжэйшай будучыні.

Ілья Крыжэвіч, «Звязда», 13 сакавіка 2018 г.