/ / Общественно-политические
25.06.2018

Калекцыяніруйце, на здароўе. Парады ад спецыялістаў, як не стаць ахвярай махляроў ад мастацтва

Мы працягваем знаёміць чытачоў з прыкладамі махлярства і дзелімся парадамі, як не стаць яго ахвярай. На гэты раз звяртаемся да далікатнай тэмы – мастацтва. Нашы суразмоўнікі – музейныя супрацоўнікі, мастакі, гісторыкі. Спадзяёмся, што іх падказкі засцерагуць аматараў рэдкасцяў ад непрадуманых дзеянняў.

Антиквариат

Магілёў – горад з даўнімі традыцыямі, дзе ведаюць кошт сапраўдным рэчам. Менавіта тут пэўны час захоўваліся найвялікшыя багацці зямлі беларускай – крыж Ефрасінні Полацкай, троннае крэсла Кацярыны ІІ і шмат чаго іншага не менш каштоўнага. На жаль, усё гэта знікла ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны пры спробе эвакуацыі з Магілёва. Перыядычна прастору бударажаць чуткі, што зніклыя скарбы дзесьці з'явіліся. Але хутка высвятляецца, што тое было проста падробкай. Фальшыўкі – наогул частка нашага жыцця. Ад іх не застрахаваны ні дасведчаныя калекцыянеры, ні нават музеі. Што тут казаць пра тых, хто толькі пачынае збіраць сваю калекцыю.

Загадкавы Ван Гог

Аднойчы ў інтэрнэце на вочы трапілі ўспаміны вядомага рускага жывапісца і мастацтвазнаўца Ігара Грабара наконт выстаўкі Ван Гога ў Берліне: «Перад арганізацыяй выстаўкі Юсці папрасіў мяне зайсці да яго ў кабінет, дзе паказаў каля 15 карцін Ван Гога, просячы выказаць пра іх маё меркаванне. Я знайшоў іх усе да адной падробленымі».

У музеі гісторыі Магілёва расказалі яшчэ пра адзін выпадак з творамі Ван Гога. Музею прапанавалі набыць карціну гэтага аўтара. У тым, што гэта не падробка, павінна было пераканаць заключэнне экспертаў з Нацыянальнага мастацкага музея. Але там ніхто не сцвярджаў са стапрацэнтнай упэўненасцю, што гэта арыгінал. Бо ў калекцыі музея арыгінальных карцін Ван Гога не мелася наогул. У Магілёве не сталі рызыкаваць, бо сёння арт-рынак, па ацэнках некаторых спецыялістаў, на 60 % запоўнены падробкамі.

З найбольш распаўсюджаных фальшывых артэфактаў дырэктару музея Аляксею Бацюкову прыходзілася сустракацца з прадметамі зброі і ваеннай атрыбутыкай. Зараз шмат хто займаецца рэканструкцыяй часоў Сярэднявечча і Вялікай Айчыннай вайны, таму на рынак антыкварыяту рэчаў пад выглядам арыгінала трапляе частка якасна зробленых дублікатаў.

– Той жа пярсцёнак «Мёртвая галава», персанальны ўзнагародны знак, які выдаваўся асабіста Генрыхам Гімлерам, членам СС, – прыводзіць прыклад Аляксей Бацюкоў. – Прадаўцы з інтэрнэту выдаюць яго за арыгінал, хоць гэта дастаткова рэдкі знак. Але падробкамі запалонены ўвесь рынак.

Музейныя работнікі могуць па выглядзе даць ацэнку тым ці іншым прадметам даўніны. Суразмоўнік узгадвае, што прыходзілася ідэнтыфікаваць кнігі, зброю, некаторыя побытавыя рэчы. Але перад тым як набыць чарговы экспанат, музей кансультуецца з больш дасведчанымі спецыялістамі. Напрыклад, калі размова ідзе пра тыя ж кнігі – гэта Нацыянальны гістарычны архіў або аддзел рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі. Кансультацыю па карцінах можна атрымаць у Нацыянальным мастацкім музеі.

– Калі мы набывалі ў сваю калекцыю літургічнае пакрывала з фрагментамі слуцкіх паясоў, мы кансультаваліся са спецыялістамі гэтага музея, – удакладняе Аляксей Бацюкоў. – І яны пацвердзілі, што гэта арыгінал.

Нярэдка ўладальнікі так званых рарытэтных рэчаў перабольшваюць значэнне сваіх скарбаў. Нядаўна ў музей звярнуўся мужчына, які сцвярджаў, што яго цясак, нешта накшталт невялічкай шаблі, адносіцца да часоў Паўночнай вайны – пачатку XVІІІ стагоддзя. Але ў музеі пільна агледзелі рэч і засумняваліся, што яна настолькі старадаўняя. У выніку высветлілася, што цясак сапраўды не падробка, але перыяду не Паўночнай вайны, а вайны з Напалеонам – 1812 года.

Не ўсё тое золата, што блішчыць

У магілёўскіх музеях асабліва падазрона ставяцца да тых прадметаў, якія іх уладальнікі выдаюць за рарытэты. Галоўны захавальнік фондаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Малашэнка згадала два «свежыя» выпадкі, калі прапаноўваліся відавочныя падробкі.

– Гэта былі дзве манеты Расійскай Імперыі і сярэбраная лыжка з царскіх рублёў, – расказвае яна. – Адна з манет вартасцю тры рублі 1840 года выпуску лічыцца рарытэтам. У каталозе напісана, што яна была выпушчана ў адным (!) экзэмпляры. Мы праверылі дыяметр і вагу манеты, якую нам прынеслі, і яны прыкметна адрозніваліся ад арыгінальных параметраў. Пры неабходных 10,36 грама падробка важыла ўсяго 6,38 грама. Наогул плацінавыя манеты Расійскай Імперыі рэгулярна выстаўляюцца на нумізматычных аўкцыёнах, але павінна насцярожваць тое, што гэта дастаткова рэдкія рэчы. Асабліва тыя, што былі адчаканены ў 1839-1840 гадах. Іх рабілі ўсяго па адной-дзве адзінкі.

Рубель 1911 года быў у Расійскай Імперыі больш распаўсюджанай манетай. Але грашовая адзінка, якую прынеслі на экспертызу знаўцам, пры адносна роўных вазе і дыяметры аказалася таўсцейшая. Таўшчыня рубля, як указана ў каталозе, павінна быць 1,2 міліметра, а ў гэтага яна дасягала двух міліметраў.

– Тыраж манеты быў дастаткова вялікі, і для недасведчаных людзей яна магла падацца арыгіналам, – канстатуе Вольга Малашэнка. – Падробка такая ж жоўтая, як і павінна быць, практычна такога ж дыяметра, вагі. Але, калі ўлічваць усе нюансы, амаль у два разы аказалася таўсцейшая.

Спецыяліст раіць: калі вы нешта шукаеце для сваёй калекцыі, трэба ўважліва азнаёміцца з прадметам. Калі размова ідзе пра нумізматыку, трэба спачатку вывучыць даныя каталогаў. Іх можна знайсці ў інтэрнэце без праблем. На тым жа блышыным рынку трэба быць асабліва ўважлівым. Калі сумняваецеся, лепш адмовіцца ад пакупкі. Тады не прыйдзецца кагосьці вінаваціць у тым, што купілі фальшыўку. Як той казаў, вочы бачылі, што рукі бралі.

Пра лыжкі-фальшыўкі з партрэтамі цароў таксама шмат чаго напісана ў інтэрнэце. Тым не менш знаходзяцца ахвотныя прапанаваць іх.

– Такія лыжкі сапраўды рабіліся з юбілейных рублёў у XVІІІ–XІX стагоддзях і выпускаліся да пэўных дат абмежаванай колькасцю, – расказвае галоўны захавальнік. – Але тыя, што запаланілі рынак сёння – відавочная падробка. Хоць выглядаюць яны вельмі пераканаўча, з пацінай, слядамі старэння, нават з клеймамі таго часу.

Бізнес на падробках

Памятаеце анекдот: «А гарантыя ёсць, што гэта Рэмбрант не падроблены? – Так, ёсць. Тры гады»? Насамрэч гарантаваць стапрацэнтную сапраўднасць нейкіх прадметаў мастацтва вам ніхто не зможа. Асабліва там, дзе працуюць майстры сваёй справы.

– Сёння вельмі шмат прапануецца савецкага фарфору 50–60-х гадоў, – прыводзіць прыклад Вольга Малашэнка. – Існуе шмат гжэлеўскіх падробак, нягледзячы на тое, што завод і зараз працуе. І аматарам фарфоравай скульптуры трэба ведаць, як прадметы іх інтарэсу выглядаюць у каталогах. Шмат існуе копій нямецкага фарфору, напрыклад пачатку ХХ стагоддзя. Але гэта не заўсёды агаворваецца. І людзі плацяць вялікія грошы за, мякка кажучы, шырспажыў. Калі такія рэчы трапляюць да нас, мы праглядаем усе каталогі, антыкварныя сайты, параўноўваем цэны ў Беларусі, Расіі, Украіне, раімся з калекцыянерамі і толькі тады прыходзім да нейкага кансэнсусу.

Бабуліна спадчына

Знайсці скульптуру і шмат чаго іншага савецкага перыяду можна і на Магілёўскім рынку, які ў народзе па-ранейшаму называецца Быхаўскім. Тут наогул прадаецца вялікая колькасць прадметаў быту 50–60-х гадоў. Гэта рэчы нядаўняй эпохі, і асаблівых ведаў, каб у іх разабрацца, не патрэбна. Магчыма, праз некалькі дзесяцігоддзяў нешта з гэтага і стане каштоўнасцю. Для музейшчыкаў зараз цікавасць уяўляюць іконы, прадметы мяккай этнаграфіі, некаторыя іншыя рэчы.

– Часам людзі прыносяць да нас іконы, каб проста нешта даведацца пра іх, – расказвае загадчыца філіяла Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея – Музея этнаграфіі Святлана Рыбакова. – Абразы веткаўскай школы, напрыклад, з ніякімі іншымі нельга пераблытаць. Але, калі ўзнікаюць цяжкасці, раіліся з Нацыянальным мастацкім музеем. Некаторыя ўладальнікі бабуліных строяў або ручнікоў блытаюць час стварэння гэтых прадметаў. Упэўнены, напрыклад, што гэта канец XІX стагоддзя, а я бачу – пачатак XX стагоддзя і не раней. Цікавасць для нас уяўляюць таксама фотаздымкі, асабліва ў адзенні традыцыйным для таго ці іншага рэгіёна. Напрыклад, у 60-я гады ў Хоцімскім раёне яшчэ насілі адзенне з элементамі народнага касцюма. Вельмі цікавыя для нас упрыгажэнні 50–60-х гадоў, якія выкарыстоўвалі да народных касцюмаў. Гэта пацеркі, каралі, падвескі, галаўныя ўборы.

Фота пэўнага часу таксама даносіць да нас дух атмасферы. Але іх калекцыянерам трэба зноў жа быць уважлівымі, папярэджвае магілёўскі фотамайстар са шматгадовым стажам Ірына Савосіна.

– Складана бывае адрозніць рэпрадукцыю ад сапраўднай фатаграфіі, – кажа яна. – Напрыклад, вам прапануюць фота канца XІX стагоддзя. Зрабіць падробку пры сучасных тэхналогіях проста, як, дарэчы, і ў мастацтве. І тут павінен быць спецыяліст, які па хімічным аналізе вызначыць, да якой эпохі адносілася папера фотаздымка.

Парады ад спецыялістаў

  • Перад тым як пачаць калекцыяніраваць, трэба даведацца аб прадмеце свайго інтарэсу як можна болей. У гэтым вам дапамогуць як інтэрнэт, так і знаёмства з музейнымі экспанатамі.
  • На заметку тым, хто калекцыяніруе карціны. Ёсць толькі тры надзейныя месцы, дзе іх можна набыць: карцінная галерэя, непасрэдна майстэрня мастака, а карціны болей ранняга перыяду знаўцы раяць купляць у аўтарытэтнай антыкварнай краме.
  • Калекцыяніруйце, на здароўе. Гэта пашырае кругагляд, кола знаёмых, загартоўвае нервы. Галоўнае, каб жаданне завалодаць пэўным прадметам не выходзіла за межы дазволенага. Як і спроба зарабіць на няведанні іншых.
  • Часам на дакументальным фота, якое рабіліся на бромасярэбранай паперы, нядобрасумленны аўтар мог дабавіць (удрукаваць) яшчэ нейкі іншы прадмет або нават чалавека, іншымі словамі сказіць факт або падзею. Пры блізкім разглядзе здымка пабочны прадмет можна выявіць па святлацені. Але былі і такія падробкі, дзе праўду мог рассакрэціць толькі крыміналіст.

Цікава ведаць

У фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея захоўваецца больш за 290 тысяч прадметаў. Але музейныя плошчы дазваляюць нам убачыць толькі працэнты чатыры. Пазнаёміцца з музейнымі рэдкасцямі можна на выстаўках аднаго дня або падчас Ночы музеяў. Так што сачыце за афішай.

Нэлі Зігуля, «Звязда»,25 чэрвеня 2018 г.