/ / Общественно-политические
19.06.2018

Без лішніх слоў: Для паскарэння тэмпаў эканамічнага росту трэба павышаць прадукцыйнасць

Аб гэтым журналістам заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер перад пачаткам сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Всемирный банк

У красавіку Сусветны банк палепшыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2018–2020 гадах, аднак у канцы мая Алекс Крэмер расказаў, што баіцца паўтарэння ў Беларусі эканамічнага крызісу. З чым звязаны перагляд пазіцый – аб гэтым журналісты пацікавіліся ў спецыяліста.

«Гэта проста сведчыць аб добрых і не вельмі добрых навінах адносна развіцця макраэканамічнай сітуацыі ў краіне», – заявіў Алекс Крэмер.

На яго думку, беларуская эканоміка аднаўляецца, рэцэсія завяршылася, макраэканамічная сітуацыя паступова набірае свае тэмпы і паляпшаецца. У асноўным гэта звязана з аднаўленнем эканомікі ў Расіі, павышэннем сусветных цэн на сыравінныя тавары. Не такая добрая навіна наступная: узровень знешняга доўгу Беларусі на даволі высокім узроўні і нават расце.

«Таму наш прагноз тэмпаў росту складае не больш за 3 %, і мы мала верым у тое, што яны [тэмпы] змогуць быць хутчэйшыя, чым тыя, што назіраліся да 2009 года, – падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі. – Для гэтага неабходна павышаць прадукцыйнасць, што ў сваю чаргу звязана з разняволеннем прыватнага бізнесу, павышэннем прыватных інвестыцый».

Алекс Крэмер нагадаў, што зараз група Сусветнага банка прыступае да рэалізацыі пяцігадовой рамачнай стратэгіі партнёрства з Беларуссю. Мэта ж сустрэчы, якая прайшла ў Палаце прадстаўнікоў, – вызначыць, якім чынам аналітычная праца групы Сусветнага банка ў галіне макраэканомікі і інвестыцый можа быць карысная для дэпутатаў.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў, у планах існуе шэраг законапраектаў, звязаных з дзейнасцю Сусветнага банка, – у адукацыі, сацыяльнай сферы. «Напрыклад, Кодэкс аб адукацыі – ён абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў. Нам, вядома, цікавыя тыя навелы, якія прапануюцца Сусветным банкам», – сказаў Уладзіслаў Шчэпаў.

Паводле яго слоў, для профільнай камісіі па эканамічнай палітыцы комплекснае даследаванне, праведзенае Сусветным банкам, з'яўляецца фундаментальнай працай, дзе адлюстравана экспертная ацэнка апошніх тэндэнцый у розных галінах эканомікі Беларусі. «Я думаю, мы нават распрацуем план агульнай дзейнасці, план правядзення мерапрыемстваў, – дадаў дэпутат. – Тым больш у найбліжэйшы час будзем абмяркоўваць заканадаўства ў галіне інвестыцый, прыватызацыі, будзем запрашаць прадстаўнікоў групы Сусветнага банка для правядзення сумесных мерапрыемстваў».

Уладзіслаў Лукашэвіч, «Звязда», 19 чэрвеня 2018 г.