/ / Общественно-политические
19.06.2018

«Энцыклапедыя» чалавечай хітрасці: Якія канфіскаваныя прадметы можна знайсці ў музеі міліцыі?

Мы ўжо расказвалі пра Музей Міністэрства ўнутраных спраў. Але цяпер падабраліся, мабыць, да самай цікавай яго часткі – гісторыі суверэннай Беларусі. Чаму яна здаецца самай захапляльнай? Адказ просты: бо мае непасрэднае дачыненне да ўсіх нас. Што ж, пачнем экскурсію.

Музей Міністэрства ўнутраных спраў

Калі віртуальны свет становіцца рэальным

Сёння ў краіне распрацоўваецца сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі.

Яе элементамі з'яўляюцца сістэма відэаназірання за станам грамадскай бяспекі, лакальныя сістэмы відэаназірання, спецыяльныя дэтэктары (датчыкі дыму, полымя, выбуховых, наркатычных і радыеактыўных рэчываў, цеплавізары і іншае), каналы сувязі адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы даных, праграмная платформа сістэмы маніторынгу. Наяўнасць сістэмы, якая аб'яднае камеры і спецыяльныя дэтэктары па ўсёй краіне, дазволіць у разы павялічыць магчымасці адпаведных структур па гарантаванні грамадскай бяспекі і аператыўным рэагаванні на розныя негатыўныя прыродныя з'явы.

У адной з залаў музея прадстаўлена карцінка з рэальных камер, усталяваных у цэнтры сталіцы і абласных гарадоў. Наведвальнікі могуць асабіста пераканацца ў добрай якасці выявы і ў тым, што без праблем можна разгледзець патрэбныя дэталі. Адзіны момант, што трансляцыя адбываецца не ў рэжыме рэальнага часу – гэта даныя для ўнутранага карыстання ведамства: на экраны выводзяцца нядаўнія запісы.

– Мы прывыклі бачыць моладзь у тэлефонах і камп'ютарных гульнях. Але на пачатку 90-х забаў было не так шмат, таму матывы сучасных камп'ютарных гульняў маладыя людзі нярэдка ўзнаўлялі ўжывую. Адзін з самых распаўсюджаных сюжэтаў – масавыя бойкі: школа на школу, раён на раён, горад на вёску... Колькасць удзельнікаў даходзіла да 300 чалавек, – расказвае падчас экскурсіі дырэктар Музея Міністэрства ўнутраных спраў Віялета Салодкая.

Доказы таго, што ў той час юнакі занадта «загульваліся», – зброя, дарэчная хіба што ў баевіках: на стэндзе і арматура з прываранымі шыпамі, і булава з укручанымі ў яе дэталямі ад буцаў, і нават кідальныя зорачкі – сюрыкены. Як жартуюць наведвальнікі: чым не доказ рэальнасці існавання чарапашак-ніндзя?

Але, здаецца, у Беларусі бывалі не толькі вядомыя чарапашкі, але нават марсіяне. Так, у музейнай экспазіцыі можна ўбачыць дакументы на імя Артура Аганэсавіча Луны, дзе ў графе нацыянальнасць стаіць «марсіянін». Увогуле пашпартоў у яго было шмат, сярод іх сустракаліся і не менш экзатычныя прозвішчы, напрыклад Петрасян або Шышкіян. Мужчына з'яўляўся злодзеем-рэцыдывістам, але на тэрыторыі Беларусі нічога скрасці не паспеў: яго затрымалі ў Брэсце за падробку дакументаў і дэпартавалі на радзіму. На жаль, ёй аказаўся не Марс, а Прыморскі край.

Асобны стэнд у музеі прысвечаны значнай даце ў гісторыі беларускай міліцыі – яе 100-гадоваму юбілею, які адзначылі 4 сакавіка 2017 года. Тут сабрана ўсё, што было выпушчана да гэтай падзеі, у тым ліку і пры дапамозе супрацоўнікаў музея. У прыватнасці, другі том кнігі пра гісторыю беларускай міліцыі быў створаны цалкам на аснове матэрыялаў з фондаў музея. Першы ж быў напісаны прафесарска-выкладчыцкім складам Акадэміі МУС. Двухтомнік стаў пераможцам конкурсу «Мастацтва кнігі – 2017». Напярэдадні юбілею таксама быў праведзены маштабны конкурс на самыя лепшыя празаічны, паэтычны і музычны творы, карціну, фотаздымак, прысвечаныя працы праваахоўных органаў. У выніку выдавецтвам «Мастацкая літаратура» быў выпушчаны зборнік найлепшых твораў, якія былі перададзеныя на конкурс. А таксама быў складзены музычны дыск «100 песень аб міліцыі». Акрамя таго, сумесна з РУП «Белпошта» да юбілею быў выпушчаны паштовы блок. Адзін дзень, 21 лютага 2017 года, абсалютна ўся пошта, якая выходзіла з Галоўпаштамта па краіне і свеце, гасілася штампам, на якім было напісана «100-годдзе міліцыі Беларусі». Гэта так званы штамп першага дня.

Падман зроку

Ад урачыстай часткі пераходзім да паўсядзённай працы. Так, у музеі ёсць прылада, якая можа істотна палегчыць жыццё ўсім тым, хто пакутуе на непамятлівасць. Тут прадстаўлены дзверы, якія можна адмыкнуць толькі з дапамогай адбітка пальца. Два ў адным: і пра забытыя ключы больш не давядзецца перажываць, і ўзровень бяспекі жылля або офіса істотна падвысіцца.

Стэнд з прадметамі, якія канфіскавалі супрацоўнікі дэпартамента выканання пакаранняў, заслугоўвае асобнай увагі. Чаго толькі не прыдумляюць «народныя ўмельцы». Мабільны тэлефон «са смакам» кетчупа або масла, а дакладней, схаваны ў іх упакоўку, – чаму не. Але, мабыць, самы экзатычны экспанат тут – кактус. Ён стаяў у адной з выхаваўчых калоній. Супрацоўнік дэпартамента заўважыў, што за ім дрэнна даглядаюць – зямля высахла. Калі ён узяў расліну ў рукі, аказалася, што кактус выраблены з хлеба, іголкі – з лёскі, а ўнутры гаршка схаваны мабільны тэлефон. Нават пры бліжэйшым разглядзе далёка не адразу зразумееш, што гэта падробка. Таксама за расліны ў 2011 годзе спрабавалі выдаць партыю з 27,7 кілаграма гераіну. У легкавым аўтамабілі яе перавозілі пад выглядам цыбулі. Балазе, супрацоўнікам упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі добра вядомыя калі не ўсе канкрэтныя спосабы транспарціроўкі забароненых рэчываў, то ход думак злачынцаў.

Таксама ў музеі можна ўбачыць калекцыю канфіскаванай зброі. Сярод яе, напрыклад, самаробны зусім маленечкі пісталет, які страляе скарочанымі патронамі. Забіць чалавека ім немагчыма, але, калі стрэл прыйдзецца на адчувальныя ўчасткі, ён пагражае непрыемным раненнем.

Ёсць у запасе музейшчыкаў і «прафесійныя прылады» зладзеяў-«мядзведнікаў». Для параўнання прапануюць паглядзець вялікіх памераў чамадан, з дапамогай якога ў 70-я было здзейснена 27 крадзяжоў на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці, і невялікі набор адмычак, які змяшчаецца ў кішэні, нядаўна заказаны на адным вядомым сайце, дзе, здаецца, можна знайсці ўсё.

«У інтарэсах» спажыўца

Адзін з відаў злачынстваў, які з'явіўся зусім нядаўна, – устаноўка на банкаматы так званых скімераў – прылад, якія счытваюць інфармацыю з карткі. Калі яна міжнароднага ўзору, атрымаць даныя праз інтэрнэт і вырабіць копію можна практычна ў любой краіне свету.

Ёсць у экспазіцыі і больш старая тэхніка. Напрыклад, прылада, з дапамогай якой у 1980-я гады складалі фотаробат, называецца яна «Партрэт». Каталог варыянтаў вачэй, вуснаў, прычосак і гэтак далей проста велізарны. Кожны ўзор быў на асобнай пласцінцы, з якіх уручную і складалі выяву.

Далей у экспазіцыі «хатняя» тэхніка. Напрыклад, прылада, выкарыстоўваючы якую закаркавалі 12 тысяч бутэлек алкаголю. Міні-завод знаходзіўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Усё было аўтаматызавана: закаркоўванне, разліў, наклейка этыкетак. Крыху далей узор яшчэ адной вытворчасці – злачынная група з трох пакаленняў сям'і падрабляла алкаголь: мама з бабуляй са спірту, разведзенага з гарбатай, гатавалі «каньяк», а непаўналетняя ўнучка потым яго прадавала. Побач яшчэ адзін тавар, які з'яўляецца зусім не тым, чым здаецца, – антысептычны сродак на справе аказаўся чыстай вадой з-пад крана, у якую для ўтварэння пены дадалі шампунь.

Былі падобныя выпадкі і на буйных прадпрыемствах. Напрыклад, група злаўмыснікаў у пачкі беларускай мукі найвышэйшага гатунку засыпала расійскую бессартавую. Розніца – тры кошты. Маркіроўка пакетаў змяшчала і новыя даныя аб вытворцу, фасоўцы і тэрміне захоўвання мукі. На фабрыку пачалі паступаць скаргі на якасць мукі, і злачынства неўзабаве было раскрыта. Вытворца быў вымушаны замяніць упакоўку, і некалькі гадоў на ёй, каб пазбегнуць паўтарэння сітуацыі, нават размяшчалі галаграмы.

Можна ўбачыць у музеі і падробленае золата. У 90-я быў распаўсюджаны такі тып махлярства: на трасах спынялі машыны і прасілі кіроўцаў дапамагчы грашыма, маўляў, нічога не пашкадую – вось табе нават золата ў падзяку.

На самай справе ўпрыгажэнні былі латуневымі. Прадстаўлены тут і класічны прыклад падману ў гандлі: гіра намінальнай вагой два кілаграмы рэальна важыць на 150 грамаў меней. Канфіскавалі яе ў жанчыны, якая гандлявала рыбай. У гіры прароблены адтуліны, якія запоўнілі больш лёгкім металам. «Выйгрыш» прадаўшчыца забірала сабе ў кішэню.

Ну і вядома, у гэтай тэме нельга пакінуць па-за ўвагай падробку дакументаў і грошай. Напрыклад, друкарскі станок для афсетнага друку вырабляў усё, што пажадаеце: акцызы, пасведчанні кіроўцы, ветпашпарты, дыпломы ВНУ і нават купюры ў 10 долараў. Працаваў ён няспынна, пакуль вынаходнікі схемы не апынуліся ў турме.

Дакладна да мэты

Хлопчыкаў у музеі звычайна больш за ўсё ўражваюць форма і ўзбраенне, якія сёння выкарыстоўвае спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Тут жа – самаробныя выбуховыя прылады, якія даводзілася размініраваць супрацоўнікам. Вынаходлівасці насельніцтва, на жаль, накіраванай не ў тое рэчышча, праходзячы па залах увогуле не стамляешся шчыра здзіўляцца. Як і прафесіяналізму супрацоўнікаў міліцыі, якія з гэтым змагаюцца.

Наступная частка экспазіцыі прысвечана ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Тут прадстаўлена справа сумна вядомай групоўкі Марозава, якая дзейнічала ў 90-х – пачатку 2000-х у Гомелі і Гомельскай вобласці. На лаву падсудных трапіла 48 яе ўдзельнікаў, 5 абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, увогуле яны атрымалі каля 500 гадоў пазбаўлення волі. У ліку іх злачынстваў – 19 даказаных забойстваў, спіс астатняга не паддаецца падліку: бандытызм, разбоі, рабаванне, вымаганне, махлярства, захопы заложнікаў, згвалтаванні і іншыя эпізоды здзяйснення і маёмасных злачынстваў. У іх быў канфіскаваны велізарны арсенал зброі. У музеі знаходзіцца толькі невялікая частка. Напрыклад, самаробны арбалет, якім карыстаўся адзін з блізкіх паплечнікаў Марозава па мянушцы Джын. Арбалет заводскага вырабу з аптычным прыцэлам. Сёння з такім ходзяць на паляванне на буйнога звера.

Завяршае агляд экспазіцыі экскурсавод рэальнай гісторыяй, якая ўжо стала легендарнай. У 1994 годзе супрацоўнік МУС Князеў быў адпраўлены ў ЗША працаваць пад прыкрыццём па выхадцах з Савецкага Саюза. У яго было два пасведчанні: МУС Беларусі і паліцыі ЗША. Неўзабаве пасля яго прыезду прыйшла інфармацыя, што ў аэрапорце Мінск-2 пасажыр заплаціў за білеты фальшывымі доларамі. Князеў з дапамогай паліцыі ЗША ўстанавіў месцажыхарства гэтага чалавека. Толькі ўбачыўшы Князева, той сказаў, што нават пытанні задаваць не трэба, ён і сам усё раскажа. Аказалася, што яны з супрацоўнікам міліцыі ляцелі адным рэйсам і злачынец вырашыў, што праваахоўніка з Беларусі даслалі адмыслова па яго. Падчас разбораў высветлілася, што долары ён купіў у Тэль-Авіве, адрас не змог успомніць, але намаляваў карту. Беларуская міліцыя перадала інфармацыю ізраільскім калегам, у выніку чаго была затрыманая група фальшываманетчыкаў.

Ужо падчас размовы сам-насам Віялета Салодкая прызнаецца, што пасля рэканструкцыі ў музея міліцыі сапраўды пачалося новае жыццё: «На шчасце, нашы суайчыннікі пачалі праяўляць больш цікавасці да сваёй культуры, гісторыі свайго народа і дзяржавы. Таму зараз у нас нямала наведвальнікаў. Акрамя непасрэдна экскурсій мы праводзім на базе музея выхаваўчую і навучальную работу з дзецьмі і падлеткамі. Уручаем шаўроны навучэнцам прававых класаў і пагоны – кадэтам. Сумесна з ДАІ ладзім прафілактычныя гурткі і кінапаказы. Вядома, усё гэта суправаджаецца тэматычнымі экскурсіямі. Самае прыемнае для нас, што ў тых, хто праходзіць па залах, можна заўважыць шчыры агеньчык у вачах. Наведайцеся да нас – не пашкадуеце».

Дар'я Каско, «Звязда», 19 чэрвеня 2018 г.
(Фота – Ганна Занкавіч)


Теги: МВД