/ / Общественно-политические
15.06.2018

На якую сацыяльную дапамогу ад дзяржавы могуць сёння разлічваць вясковыя пенсіянеры

У аддаленых вёсках краіны доля людзей старэйшага ўзросту складае 80–90 %.

пенсіянерка

У свае 87 гадоў Вера Рыгораўна засталася адна: муж памёр, дачка жыве ў Мінску, сын – у Расіі. У такім узросце жыць адной у вёсцы нялёгка, асабліва зімой: паліць печку, насіць ваду, расчышчаць дарожкі ад снегу, чакаць аўтакраму з прадуктамі – усё гэта ўжо становіцца складаным. І такіх пажылых людзей, якія пражываюць асобна ад дзяцей і сваякоў, з кожным годам становіцца ўсё больш. Але пакідаць свае родныя дамы і з'язджаць да дзяцей яны, як правіла, не хочуць. Тут родная хата, агарод, усё жыццё прайшло ў гэтых сценах, як жа іх пакінуць на схіле гадоў?

Наогул, Беларусь з поўным правам можна назваць урбанізаванай краінай. З амаль 9,5 млн насельніцтва – 7, 41 млн чалавек жывуць у гарадах, і толькі крыху больш за 2 млн – у вёсках. Але пры гэтым кожны трэці вясковец з'яўляецца пенсіянерам. У сталым узросце чалавек часта сутыкаецца з немаччу, калі ўсё цяжэй становіцца не тое што падтрымліваць звыклы лад жыцця – часцяком нават проста перасоўвацца. Такое ўжо наша жыццё: сталыя паступова становяцца ўсё больш залежнымі ад іншых – ад сваіх блізкіх, проста навакольных, ад соцыуму ў цэлым. Асабліва ў вёсцы, дзе, як правіла, у доме няма гарачай вады і гарачых батарэй зімой і да крамы не 200 метраў, як у горадзе, а пару кіламетраў, а то і значна больш. Калі ўлічыць, што большасць вясковых пенсіянераў, як і Вера Рыгораўна, жывуць адны, становіцца зразумелым, наколькі моцна маюць патрэбу яны ў дапамозе і сацыяльных паслугах, адказнасць за аказанне якіх кладзецца на мясцовыя органы ўлады і ўстановы сацыяльнай абароны насельніцтва.

«Класіка жанру»

На якую ж сацыяльную дапамогу ад дзяржавы могуць сёння разлічваць вясковыя пенсіянеры? Спецыялісты Міністэрства працы і сацабароны тлумачаць, што ў краіне функцыянуе 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). У іх людзям аказваюць сацыяльныя паслугі, у тым ліку гаспадарча-бытавыя, пагадзіннага догляду (сядзелкі) за тымі, хто страціў здольнасць да самаабслугоўвання, паслугі цырульняў і іншыя.

Але, як адзначаюць у Мінпрацы і сацыяльнай абароны, адным з самых запатрабаваных на сённяшні дзень відаў сацыяльных паслуг з'яўляюцца сацыяльна-бытавыя паслугі дома, якія аказваюцца амаль 90 тысячам чалавек – непрацаздольным пажылым людзям і інвалідам.

У пералік гэтых паслуг уваходзіць набыццё і дастаўка прадуктаў харчавання, медыкаментаў і тавараў першай неабходнасці, дастаўка вады, дапамога ў растопцы печы, уборка жылых памяшканняў і іншае. І, дарэчы, амаль 65 % кліентаў, якія абслугоўваюцца дома – гэта сельскія жыхары.

Разам з тым заўважу, што ТЦСАН размешчаны ў райцэнтрах і абласных гарадах. А для забеспячэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання жыхароў вёскі арганізавана работа 1,2 тысячы сацыяльных пунктаў і 32 філіялаў цэнтраў.

Значнае распаўсюджванне ў сельскай мясцовасці атрымала аказанне паслуг праз комплексныя выязныя брыгады, якія ствараюцца рашэннямі райвыканкамаў. У склад брыгад уваходзяць спецыялісты розных службаў: арганізацый сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, прадпрыемстваў гандлю, бытавога абслугоўвання, культуры і іншых. Яны могуць аказваць разавыя паслугі па невялікай цане: рабіць апрацоўку прысядзібнага ўчастка, рамонт жылля, будынкаў, калоць дровы, рамантаваць печы, замяняць электраправодку. А яшчэ гэтыя службы арганізуюць выязныя прыёмы: сацработнікі кансультуюць жыхароў наконт жыллёвых субсідый, ільгот, дапамог, выяўляюць сем'і «групы рызыкі», ажыццяўляюць сацыяльны патранаж. Акрамя таго, сумесна з сацыяльнымі работнікамі на вёсцы выяўляюцца і абмяркоўваюцца мясцовыя праблемы.

Такая дапамога запатрабаваная ў жыхароў аддаленых вёсак, якія складаюць амаль 10 % ад агульнай колькасці сельскага насельніцтва. Наогул, у аддаленых вёсках доля людзей старэйшых узростаў складае 80–90 %. Бо, як адзначаюць спецыялісты, працэс старэння насельніцтва ў сельскай мясцовасці ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым у горадзе...

Калі пажылому вяскоўцу становіцца ўжо складана даглядаць сябе, ён можа звярнуцца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Такія аддзяленні створаны па ўсёй краіне, усяго іх на сённяшні дзень 62. У іх можна знаходзіцца на ўмовах аплаты або частковай аплаты, у залежнасці ад сітуацыі. Паводле звестак Мінпрацы, за 1-ы квартал 2018 года паслугамі аддзяленняў скарысталіся 2,1 тыс. чалавек. А калі пажылы чалавек ужо зусім не ў стане жыць адзін, ён трапляе ў дом-інтэрнат. Адзінокія пажылыя людзі, у якіх няма працаздольных дзяцей, абавязаных па законе іх утрымліваць, могуць пасяліцца ў доме-інтэрнаце на дзяржаўным забеспячэнні. Для тых, у каго ёсць працаздольныя дзеці, магчыма прызначэнне ў дом-інтэрнат на платнай аснове.

Што сярод навінак?

Мясцовымі органамі актыўна ўкараняюцца і новыя тэхналогіі сацыяльнай работы. Як правіла, новыя ідэі адпрацоўваюцца на пілотных праектах у раёнах і абласцях. Калі эксперымент аказваецца ўдалым, практыка прымянення той ці іншай паслугі распаўсюджваецца на ўсю краіну.

Напрыклад, «дамы зімоўкі». Гэта калі некалькі суседзяў зімой жывуць разам у адным з дамоў, і ім дапамагае сацыяльны работнік.

Адкрываюцца дамы самастойнага, сезоннага пражывання, у якіх пажылыя людзі жывуць працяглы тэрмін альбо толькі ў асенне-зімовы перыяд – самастойна арганізуюць сваё харчаванне і складваюцца на аплату камунальных паслуг. А ТЦСАН арганізуе сацыяльнае абслугоўванне сумесна пражываючых пажылых людзей.

У апошнія гады сталі з'яўляцца і «прыёмныя сем'і» для грамадзян сталага веку – яны аб'ядноўваюць пад адным дахам сям'ю і пажылога чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе. Трапляючы ў сям'ю, пажылы чалавек атрымлівае з боку «прыёмных дзяцей» увагу і клопат, і сам аказвае ім пасільную дапамогу па доглядзе за дзецьмі і вядзенні гаспадаркі.

У 1-м квартале 2018 года, па звестках Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у 39 дамах самастойнага (сумеснага) пражывання знаходзіліся 193 чалавекі, у трох дамах сезоннага пражывання і ў 306 дамах зімоўкі – 645 пажылых грамадзян, а таксама налічвалася 209 «прыёмных сем'яў».

– Летась была заканадаўча зацверджана яшчэ такая новая форма сацыяльнага абслугоўвання, як замяшчальная сям'я, – кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава. – Гэта калі чалавек ці сям'я афармляе догляд за непрацаздольным грамадзянінам пры ўмове сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі. Пры гэтым яны не павінны быць сваякамі. Працу па стварэнні замяшчальнай сям'і праводзіць Тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання: ён знаёміць памочніка (асобу, якая аказвае сацыяльныя паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям'і) і паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна, вызначае іх псіхалагічную сумяшчальнасць, арганізуе навучанне і падрыхтоўку памочніка. У першым квартале 2018 года ў краіне было створана шэсць замяшчальных сем'яў: пяць – у Мінскай вобласці і адна сям'я – у Гомельскай вобласці.

Святлана Бусько, «Звязда», 15 чэрвеня 2018 г.
(фота – Анатоль Клешчук)