/ / Общественно-политические
11.06.2018

Уся праўда аб электрашокерах: Дзяржаўны судовы эксперт прыадчыніць завесу таямніцы

У пачатку 90-х гадоў у пералік сродкаў самаабароны трывала ўвайшлі электрашокеры. Карыстаюцца попытам яны і цяпер. Канешне, лепш за ўсё было б, калі б такую прыладу ніколі не давялося выкарыстоўваць супраць рабаўніка, але жыццё можа падкідваць розныя нечаканасці. Разам з тым трэба ведаць і некаторыя акалічнасці пры ўжыванні электрашокераў, каб самому не стаць нечакана для сябе парушальнікам закону.

Электрошокер

Прыадчыніць завесу таямніцы дзяржаўны судовы эксперт аддзела экспертыз радыёэлектронных прылад і электрабытавой тэхнікі цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксандр Куля.

Абясшкодзь, але не нашкодзь

Азначэнне электрашокеру дае дзяржаўны стандарт. Ён класіфікуе яго як грамадзянскую зброю, якая генеруе імпульсы і выкарыстоўваецца ў мэтах самаабароны з дапамогай кантактнага ўздзеяння. Патэнцыйна небяспечныя жывёлы накшталт сабак буйных парод, як правіла, палохаюцца пры выглядзе электрычнага разраду, які ўзнікае паміж двума электродамі і ўяўляе сабой дугу сіняга або бэзавага колеру, якая гучна трашчыць і напаўняе паветра азонам. Гэты прынцып і ляжыць у аснове работы спецыяльных адпужвальнікаў. Дзякуючы чаму ўтаймаваць чатырохлапага агрэсара можна нават бескантактна.

Яшчэ адно патрабаванне, якое закон прад'яўляе датычна электрашокераў – выхадныя параметры імпульсаў павінны адпавядаць патрабаванням дзяржаўных стандартаў і нормам Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Сярод іх – сутарга мышцаў без страты прытомнасці, парушэнне эмацыянальнай рэакцыі і магчымасці перасоўвацца, а таксама змена частаты дыхання на працягу не больш як на паўгадзіны, змяненне частаты скарачэнняў сэрца без парушэння рытму не больш як на 15 хвілін. Акрамя таго, у спіс уваходзіць умерана выражанае пашкоджанне скуры ў тым месцы, дзе да яе дакрануліся электроды. Такім чынам, электрашокеры, якія прадаюцца звычайным людзям, прызначаны выключна для самаабароны без трагічных наступстваў для агрэсара.

А вось, напрыклад, яшчэ ў 2013 годзе ў ЗША 80 % паліцэйскіх участкаў былі аснашчаны электрашокерамі. Прылада выкарыстоўвае сціснуты азот, каб стрэліць двума маленькімі зондамі, якія злучаюцца з электрашокерам пры дапамозе правадоў. Як запэўнівае вытворца, зараду магутнасцю ў 26 ват і напружаннем у 50 кілавольт хопіць, каб імгненна ва ўцекача знік нейрамышачны кантроль. Для параўнання, магутнасць электрашокераў, якія прадаюцца ў Беларусі, не перавышае трох ват.

Ваты, ды не тыя

Тыя, хто цікавіцца старой аўдыятэхнікай, сутыкаліся са з'явай, якую ў народзе празвалі «кітайскія ваты». Што гэта такое? Вытворцы з Паднябеснай мерылі максімальную электрычную магутнасць, пры падвядзенні якой дынамікі не выйдуць са строю. І клеілі на калонкі маркіроўку «150W», «380W»... Але выхадная магутнасць гуку таксама вымяраецца ў ватах! І пасля заканамерна аказвалася, што магнітола з маркіроўкай у 260W грае як і звычайная.

Той жа прынцып застаўся і ў вытворцаў электрашокераў. Праўда, у змененым выглядзе. Напрыклад, некаторыя з іх размяшчаюць на корпусе абазначэнні накшталт «5000W» ці «2800 kV», што з высокай доляй імавернасці азначае зусім не вальтаж ці магутнасць, а назву мадэлі прылады.

Правоз без дазволу праз мяжу забаронены

Некаторыя людзі, выязджаючы за мяжу, вырашаюць набыць электрашокер менавіта там, лічачы яго звычайнай электронікай. Але паколькі ён вызначаецца як грамадзянская зброя, то ў мытнікаў абавязкова ўзнікаюць пытанні. Яна якраз падпадае пад пералік тавараў, у дачыненні да якіх устаноўлена забарона ўвозу на мытную тэрыторыю ЕАЭС ці вывазу з яе. З адной агаворкай – пры адсутнасці спецыяльнага дазволу на правоз, выдадзенага Міністэрствам унутраных спраў. Паколькі такога дакумента пераважная большасць тых, хто перасякае мяжу, не мае, то шокер канфіскуюць і перадаюць на разгляд у Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Раней такія прылады можна было заказаць і на папулярных гандлёвых інтэрнэт-пляцоўках, але цяпер гэты канал незаконнай пастаўкі закрылі. Да таго ж цэны на шокеры складаюць у сярэднім 20–35 рублёў. Ці варта рызыкаваць адказнасцю перад законам за такія грошы?

Не разбірай, бо лясне

Параметры некаторых кітайскіх шокераў, якія трапляюць на стол да судовых экспертаў, меншыя за гранічна дапушчальныя. Яны выдаюць дугу, моцна шумяць, азануюць паветра – адным словам, з візуальнымі эфектамі праблем у іх дакладна няма. Але пры замерах высвятляецца, што магутнасць іх можа складаць не тры заяўленыя ваты, а напрыклад, 0.7. І таму калі справа дойдзе да, так бы мовіць, баявога прымянення, то абаронца рызыкуе пацярпець фіяска, паколькі нападнік можа нават і не адчуць разрад. Таму ўмельцы разбіраюць такія шокеры і ставяць туды акумулятары і кандэнсатары з большай ёмістасцю. Такі перароблены апарат адразу перастае быць бяспечным для здароўя. І нават больш за тое, пры нагрузцы, якая прыкметна ўзрастае, не выключаны прабой корпуса. Тады частка разраду дастанецца непасрэдна карыстальніку. Ну а паколькі праверыць загадзя надзейнасць работы шокера законным шляхам вельмі складана, то першае ж прымяненне такой пераробкі прывядзе да непрадказальнага выніку для абодвух бакоў канфлікту.

Таму мы рэкамендуем набываць электрашокеры не ў выпадковых асоб з рук, а выключна ў спецыялізаваных магазінах, – заўважае Аляксандр Куля. – У адваротным выпадку вам ніхто не дасць гарантыю, што шокер спраўны, што яго не рамантавалі. Пры гэтым папрасіце тэхнічную дакументацыю і ўдакладніце краіну і прадпрыемства паходжання апарата. І памятайце – нават звесткі аб паспяховым выпрабаванні на жывёлах, якія могуць змяшчацца ў дакументацыі, не гарантуюць цалкам таго, што пры выкарыстанні шокера супраць чалавека ён абавязкова выжыве. Супраціўленне скуры ў чалавека і жывёл адрозніваецца.

У некаторых скура больш грубая, што павышае супраціўленне, а ў іншых, наадварот, яна мае да электратоку павышаную адчувальнасць. І калі на скуры ёсць, напрыклад, парэзы, драпіны ці проста чалавек спацеў, то ўспрымальнасць да разраду павялічыцца. Акрамя таго, калі ўсё-такі давялося ўжыць электрашокер, то катэгарычна забаронена прыкладваць электроды да сэрца, галавы, шыі і сонечнага спляцення.

Мы сутыкаліся з тым, што шокеры ўжываюцца не па прызначэнні, – кажа эксперт. – Не так даўно быў у нас выпадак, калі падлетак бегаў з электрашокерам па двары і палохаў ім дзяцей. Пры гэтым трэба ведаць, што супраціўленне цела дзіцяці меншае за такі ж паказчык у дарослага чалавека. Акрамя таго, выкарыстанне шокера супраць малога можа ў далейшым прывесці і да праблем у яго псіхічным развіцці. Таму калі вы ўсё-такі вырашылі набыць электрашокер, то хавайце яго як мага далей ад дзяцей.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», 9 чэрвеня 2018 г.
(фота – «Звязда»)