/ / Общественно-политические
27.07.2018

Калі купля – не варыянт: Кватэру, машыну і нават завушніцы з дыяментамі можна ўзяць у лізінг

Свет паступова змяняецца, і сёння футуролагі кажуць пра тое, што ў будучыні людзі паспрабуюць менш абцяжарваць сябе маёмасцю, але пры гэтым карыстацца ўсім неабходным для камфортнага жыцця. Людзі хочуць быць больш мабільнымі, а ўласная маёмасць – гэта свайго роду якар. Карыстацца, але не мець ва ўласнасці дазваляе лізінг.

Лизинг

Пра тое, як развіваецца гэты сегмент рынку, наколькі ён запатрабаваны ў насельніцтва, распавёў дырэктар Асацыяцыі лізінгадаўцаў Беларусі Сяргей Шымановіч.

– Што такое лізінг і чым ён адрозніваецца ад крэдыту?

– Лізінг дае магчымасць узяць патрэбную маёмасць у арэнду з правам ці без права выкупу. На практыцы гэта выглядае так – чалавек выбірае маёмасць, напрыклад, кватэру і звяртаецца ў лізінгавую арганізацыю. Яна выкупляе гэта маёмасць у прадаўца, затым здае лізінгаатрымальніку ў арэнду з правам ці без права выкупу па заканчэнні тэрміну арэнды. На перыяд дзеяння дагавора лізінгу маёмасць з'яўляецца ўласнасцю кампаніі-лізінгадаўца. У некаторых выпадках лізінгаатрымальнікі маюць бонусы ў выглядзе сэрвісных паслуг, ільгот па страхаванні маёмасці.

Крэдыт – гэта прадастаўленне грашовых сродкаў на ўмовах тэрміновасці, платнасці і зваротнасці. Прасцей кажучы, лізінг адрозніваецца ад крэдыту тым, што пры крэдыце ў «карыстанне» перадаюцца грошы, якія крэдытаатрымальнік траціць на набыццё неабходных яму рэчаў, а пры лізінгу –маёмасць.

Адна з пераваг лізінгу перад крэдытам у тым, што лізінгавыя кампаніі больш лаяльныя да кліента. Тэрмін дагавора лізінгу можа быць даўжэйшым, чым у банку, разлікі можна ажыццяўляць па зручным для кліента графіку, які да таго ж можна змяняць з улікам цыклічнасці атрымання даходаў. Кожная кампанія сама ўсталёўвае правілы, але часцей за ўсё пры заключэнні дагавора лізінгу не патрабуюцца паручыцелі і заклад.

– Раней было непапулярна браць у лізінг жыллё з-за высокай камуналкі, бо уласнікам нерухомасці з'яўлялася юрыдычная асоба, адпаведна і тарыфы былі даволі высокія. Зараз гэтая праблема вырашана. Ці павялічылася колькасць здзелак па афармленні кватэр у лізінг?

– Так, такая праблема была. Аднак пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 109 ад 06.04.2017 г і Палажэння аб лізінгу аднакватэрных жылых дамоў і кватэр у Рэспубліцы Беларусь ўмовы лізінгу жылля досыць поўна ўрэгуляваны, але пакуль рана казаць, што такія здзелкі атрымалі вялікае распаўсюджанне. Па стане на 1 студзеня бягучага года было перададзена 97 аб'ектаў жылога фонду, у першым квартале фізічным асобам было перададзена 43 аб'екты. Лізінг жылля пакуль не атрымаў распаўсюджвання па шэрагу прычын. Па-першае, пакуль гэта яшчэ адносна новы прадукт для рынку і далёка не ўсе патэнцыйныя кліенты гатовыя скарыстацца альтэрнатыўным механізмам набыцця жылля. Па-другое, дагаворы на лізінг жылля прапануюць тэрмінам на 20–25 гадоў, а ўлічваючы сярэдні ўзровень заробкаў у краіне, сярэдні кошт квадратнага метра і пры існуючых цэнавых прапановах лізінгавых арганізацыяў не кожны, каму патрэбна жыллё, здужае выплаты па дамове лізінгу. Па-трэцяе, у нас толькі адна кампанія актыўна працуе ў гэтым сегменце рынку, яшчэ 3-4 кампаніі заключалі толькі разавыя здзелкі. Мой прагноз такі, што чакаць прыкметнага росту аперацый у сферы лізінгу жылой нерухомасці ў кароткатэрміновай перспектыве не даводзіцца.

У той жа час, наяўнасць альтэрнатыўнага механізму набыцця жылля ў выглядзе лізінгу, яго заканадаўчае ўрэгуляванне, ужо само па сабе з'яўляецца станоўчым аспектам для эканомікі і насельніцтва краіны. А які спосаб набыцця жылля абярэ чалавек – гэта ўжо яго права.

Нацбанк Беларусі, як рэгулятар лізінгавай галіны адэкватна і своечасова рэагуе на тыя моманты, якія стрымліваюць развіццё галіны, і прымае кампетэнтныя рашэнні па ліквідацыі ўзнікаючых перашкод. Таму, калі дадзены сегмент не будзе развівацца ў сілу вышэйзгаданых ці іншых прычын, то, думаю, будуць прынятыя адпаведныя крокі для іх ліквідацыі.

– Якія перспектывы лізінгу аўтамабіляў для насельніцтва?

– Па выніках працы лізінгавай галіны за 1 квартал 2018 г. у сегменце лізінгу аўтамабіляў фізічным асобам было перададзена 724 машыны, за мінулы год было 2802. Гэта сведчыць аб высокай папулярнасці ў насельніцтва лізінгу аўтамабіляў. Улічваючы гнуткасць працы лізінгавых арганізацый і іх цеснае супрацоўніцтва з аўтадылерамі, якое дазваляе рэалізоўваць розныя праграмы, накіраваныя на зніжэнне канчатковых выдаткаў лізінгаатрымальніка, з вялікай доляй верагоднасці можна казаць, што гэты сегмент і далей будзе запатрабаваны ў насельніцтва.

Так склалася, што чалавек ездзіць на адным аўто 3–5 гадоў. Уласны аўтамабіль трэба прадаваць, дадаваць грошы, каб купіць новы. У выпадку з дамовай лізінгу такой праблемы няма. Напрыклад, тры гады чалавек ездзіў на малалітражцы па дамове лізінгу, затым павялічыліся даходы і ён перасеў на седан. У лізінг можна браць новыя і старыя аўто і нават набываць іх у фізічных асоб.

– Мэбля, завушніцы з дыяментамі, футра, халадзільнік, хатні кінатэатр - што з гэтых прадметаў можна ўзяць у лізінг? І што больш за ўсё бяруць?

– Абсалютна ўсё. Паводле звестак па выніках працы лізінгавай галіны за 1 квартал 2018 г. у сегменце лізінгу з фізічнымі асобамі было перададзена 83.573 прадметы, якія адносяцца да вышэйназваных, на агульную суму 42.050.912 беларускіх рублёў (20,1% ад сукупнага значэння 2017 года). У 2017 г. было перададзена 373.562 прадмета на агульную суму 209.712.725 рублёў. Асобнай статыстыкі па канкрэтных прадметах пакуль не вялося, таму складана сказаць, якія прадметы займаюць лідзіруючыя пазіцыі.

– Які пакет дакументаў трэба падаць у лізінгавую кампанію для заключэння дамовы?

– Для папярэдняй ацэнкі праваздольнасцьі і плацежаздольнасці ад фізічнай асобы могуць запатрабаваць пашпарт, даведку аб заробку за пэўны перыяд, анкету, згоду на запыт даных з Крэдытнага рэестра Нацбанка, для ваеннаабавязаных – ваенны білет.

– Нядаўна бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага выступіў з ініцыятывай ўзмацніць прававую абарону суб'ектаў гаспадарання ад так званага спажывецкага экстрэмізму. Ці сутыкаліся з гэтай з'явай лізінгавыя арганізацыі?

 – Масавага характару дадзеная з'ява пры лізінгу не носіць, бо ў адпаведнасці з заканадаўствам рызыкі, звязаныя з выбарам прадмета лізінгу і прадаўца, нясе лізінгаатрымальнік. Такім чынам, у лізінгаатрымальніка няма законных падстаў для прад'яўлення прэтэнзій лізінгадаўцу ў частцы якасці прадмета лізінгу і іншых пытанняў, звязаных з яго выкарыстаннем.

– Як вы думаеце, якія асцярогі могуць быць у чалавека пры заключэнні дамовы лізінгу?

– Першае, што можа бянтэжыць нашых людзей, гэта тое, што прадмет лізінгу да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора з'яўляецца ўласнасцю кампаніі-лізінгадаўца. Беларусы аддаюць перавагу таму, каб маёмасць была іх уласнасцю. У нас у краіне больш за 93 % жылога фонду знаходзіцца ва ўласнасці насельніцтва, а, напрыклад, у Германіі доля уласнікаў жылля складае 53 %, у Швейцарыі – 44 %.

 – Падводзячы вынікі нашай гутаркі, скажыце, Сяргей Уладзіміравіч, ці можна ў цэлым казаць пра запатрабаванасць лізінгу сярод фізічных асоб. І якія перспектывы гэтага рынку?

– Статыстыка Асацыяцыі лізінгадаўцаў адназначна сведчыць аб высокай папулярнасці лізінгу сярод фізічных асоб у сілу яго даступнасці ў параўнанні з іншымі механізмамі. Гэта абумоўлена меншымі бюракратычнымі працэдурамі і патрабаваннямі пры афармленні дагавораў, аператыўнасцю і гнуткасцю працы лізінгавых арганізацый, якія максімальна падладжваюцца да патрэбаў кліентаў. Грунтуючыся на дадзеных папярэдніх трох гадоў, можна з упэўненасцю сказаць, што спажывецкі лізінг і далей будзе запатрабаваны ў насельніцтва, а тэмпы росту гэтага сегмента будуць супастаўныя з тэмпамі росту папярэдняга года.

Аксана Яноўская «Звязда», 27 ліпеня 2018 г.