/ / Общественно-политические
19.07.2018

Канкурыраваць давядзецца наймальнікам? Нізкае беспрацоўе захаваецца як мінімум да кастрычніка

З пачатку года афіцыйнае беспрацоўе ў краіне не перавышала ўзровень 0,5 працэнта. А ў ліпені ўвогуле знізілася да 0,4. Вакансіі таксама б'юць рэкорды – у базе налічваецца амаль 77 тысяч прапаноў ад наймальнікаў (на 40 працэнтаў больш, чым год таму). Ці надоўга захаваецца гэта тэндэнцыя, якіх спецыялістаў не хапае рынку працы, а дзе сітуацыя з пошукам работы дагэтуль застаецца напружанай?

Поиск работы

Чатыры праблемныя раёны

На паляпшэнне стану рынку паўплывала развіццё эканомікі, адзначае Алег Токун, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. «Расце ВУП, прадпрыемствы актыўна працуюць, павялічваюць выпуск прадукцыі, таму набіраюць больш людзей. Адбіваецца і работа па стварэнні новых працоўных месцаў. У першым квартале такіх з'явілася 16,3 тысячы – амаль на тысячу лепш, чым прагназавалася».

Тое, што амаль 64 працэнты вакансій – па рабочых прафесіях, у міністэрстве лічаць добрым паказчыкам. «Гэта значыць, што будаўнічая і прамысловая галіны развіваюцца».

На думку спецыяліста, такая сітуацыя захаваецца да кастрычніка. Восенню магчымы невялікі рост зваротаў у службу занятасці. Прычын некалькі. Скончацца сезонныя і сельскагаспадарчыя работы, на біржу выйдуць выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў, людзі пасля адпачынкаў будуць шукаць новую работу.

– У нас многія прывыклі пачынаць жыццё з 1 верасня, – усміхаецца Алег Токун. – Але пры тым попыце на рабочую сілу, які ёсць, вялікага скачка паказчыка беспрацоўя не будзе.

Праўда, не ва ўсіх рэгіёнах становішча спрыяльнае. На пачатку года па краіне было выдзелена 48 тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Іх маніторынг вёўся штомесячна. У выніку ў 30 раёнах паказчыкі палепшыліся. На гэта паўплывалі і актыўная работа службаў занятасці, і дзеянні мясцовых органаў улады па садзейнічанні малому бізнесу, стварэнні новых месцаў. У 14 раёнах сітуацыя не змянілася. А вось у чатырох – Сенненскім, Чашніцкім, Бярэзінскім і Слаўгарадскім – наогул пагоршылася.

Рабочым – у Расію і Польшчу

Іншая тэндэнцыя, якая назіраецца на рынку працы, – гэта рост колькасці работнікаў, што з'язджаюць за мяжу. Калі за студзень – чэрвень мінулага года працаваць у іншыя краіны, па звестках МУС, адправілася пяць тысяч беларусаў, то за першае паўгоддзе 2018-га – 5,8 тысячы. Кожны трэці з іх – мінчанін. А радзей за ўсё з'язджаюць з Мінскай вобласці.

Неафіцыйныя лічбы, зразумела, большыя: многія ездзяць на работу па турыстычнай візе або ў суседнюю Расію, дзе віза непатрэбна. Ці можна лічыць павелічэнне адтоку кадраў адной з прычын зніжэння беспрацоўя на ўнутраным рынку? У профільным міністэрстве мяркуюць, што не: не тыя маштабы.

Самай папулярнай «працоўнай» краінай застаецца Расія: туды з пачатку года адправілася 2,7 тысячы чалавек. На другім месцы Польшча, дзе знайшлі сабе работу 1,6 тысячы нашых суайчыннікаў. Літву выбралі 695 чалавек, ЗША – 274, Германію – 208, Чэхію – 164. Практычна 68 працэнтаў працоўных мігрантаў з Беларусі – мужчыны.

Пераважная колькасць (81 %) тых, хто з'язджае на работу за мяжу, уладкоўваюцца рабочымі. 12 % працуюць у сферы абслугоўвання і гандлю, 6 % – у сельскай гаспадарцы. Толькі 0,5 % былі запрошаны ў якасці кваліфікаваных спецыялістаў, а кіраўнікамі і таго менш – 0,1 %.

57 вакансій і нуль прэтэндэнтаў

Вернемся да беларускіх рэалій. Традыцыйна самымі запатрабаванымі сярод спецыялістаў застаюцца медыцынскія сёстры (на 2,6 тысячы вакансій толькі 27 прэтэндэнтаў) і ўрачы (2,4 тысячы месцаў і 16 беспрацоўных з адпаведнай адукацыяй). Амаль 1,2 тысячы прапаноў для ветэрынараў. У топе таксама інжынеры (927 вакансій), бухгалтары (836), фельчары і фельчары-лабаранты (705). Запатрабаваны менеджары і фармацэўты.

Што датычыцца рабочых прафесій, то больш за ўсё вакансій адкрыта для кіроўцаў – 3,1 тысячы (саіскальнікаў, якія б хацелі праводзіць працоўны дзень за рулём, у шэсць разоў менш). Патрабуюцца таксама трактарысты (для іх – 2,1 тысячы прапаноў па краіне), прадаўцы і швачкі (па 1,9 тысячы), муляры (1,5 тысячы). Адчуваецца недахоп кухараў, тынкоўшчыкаў, маляроў, электрагазазваршчыкаў і электраманцёраў.

Калі глядзець на сітуацыю асобна ў гарадах, то ў пяцёрцы самых запатрабаваных прафесій – медыцынскія сёстры, урачы, кіроўцы, швачкі і прадаўцы. Топ для сельскай мясцовасці складаюць трактарысты, аператары машыннага даення, ветэрынары, кіроўцы і жывёлаводы.

На некаторыя вакансіі канкурэнцыя адсутнічае наогул. Так, на 210 прапаноў для фармацэўтаў у гарадах прэтэндуе ўсяго адзін беспрацоўны спецыяліст. На вёсцы не хапае 92 педагогаў-псіхолагаў (і толькі адзін адпаведны саіскальнік) і 57 кіраўнікоў фізічнага выхавання, на месца якіх не зарэгістравана ахвотных ці падыходзячых кандыдатаў.

Што з заробкамі?

Бадай, галоўнае пытанне. Менш за 400 рублёў у месяц прапануюць 38 % вакансій. Ад 400 да 599 рублёў гатовы плаціць на 35 % свабодных месцаў, ад 600 да 799 – 16 %. Заробак у 800–999 рублёў утрымліваюць 6 % вакансій, а больш за тысячу абяцаюць усяго ў 5 % выпадкаў. Самыя грашовыя працоўныя месцы (з аплатай у пяць тысяч рублёў і больш) – для дырэктараў.

– На жаль, заробкі застаюцца на тым жа ўзроўні, – канстатуе Алег Токун. – Хоць, калі захаваецца бягучая тэндэнцыя (маю на ўвазе рост попыту на кадры), наймальнікам давядзецца перагледзець заробкавую палітыку і зрабіць свае вакансіі больш прыцягальнымі.

Наталля Лубнеўская, «Звязда», 19 ліпеня 2018 г.