/ / Общественно-политические
06.07.2018

Абараніць інтарэсы людзей у працоўных зносінах: Дэпутаты прынялі ў першым чытанні змены ў Працоўны кодэкс

Адным з распрацоўшчыкаў законапраекта стала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая ўнесла ў яго каля 40 прапаноў. Мы запыталі ў лідара нацыянальнага прафцэнтра, члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Міхаіла Орды, якія навелы, на яго думку, з'яўляюцца найбольш істотнымі.

Михаил Орда

«Працоўны кодэкс для прафсаюзаў – гэта асноўны дакумент. Галоўная задача, якую мы, як нацыянальны прафцэнтр, ставілі падчас работы над гэтым законапраектам, – забяспечыць абарону інтарэсаў людзей у працоўных зносінах.

Дарэчы, намі было зроблена каля 40 прапаноў у згаданы законапраект. Усе яны сфарміраваны на аснове тых запытаў і праблем, з якімі да нас звяртаюцца члены прафсаюза і працоўныя калектывы.

У выніку сумеснай і, трэба адзначыць, дастаткова грунтоўнай работы з іншымі зацікаўленымі бакамі большая частка нашых ініцыятыў была ўлічана», – адзначыў Міхаіл Орда.

У прыватнасці, лідар нацыянальнага прафцэнтра падкрэсліў, што прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змене істотных умоў працы ў колькасці 30 дзён, адзначыўшы, што папярэдняя рэдакцыя законапраекта прадугледжвала скарачэнне гэтага тэрміну да 7 каляндарных дзён.

Гаворка аб тым, што пасля папярэджання аб зменах істотных умоў працы (напрыклад, заробку, працягу працоўнага дня ды іншага) работнік павінен вырашыць, працягваць работу з новымі ўмовамі ці звольніцца. Такім чынам, калі работнік прымае рашэнне аб звальненні, больш працяглы перыяд папярэджання дае яму больш магчымасцяў для пошукаў новай працы.

«Значным для нас з'яўляецца і далучэнне да законапраекта палажэнняў, згодна з якімі будзе заканадаўча забяспечана магчымасць для прафсаюзнай арганізацыі прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам – членам прафсаюза. Гэта дапаможа пазбегнуць сітуацый, калі работніку прапануюць заведама нявыгадныя ўмовы працы і нормы, якія дзесьці ідуць уразрэз з заканадаўствам. Таксама законапраект прадугледжвае апавяшчэнне прафсаюза пры намеры наймальніка не працягваць кантракт з работнікам», – адзначыў старшыня ФПБ.

Сярод іншых не менш істотных прапаноў нацыянальнага прафцэнтра, уключаных у законапраект, – абмежаванне матэрыяльнай адказнасці работнікаў. Як адзначылі ў прэс-службе ФПБ, прафсаюзы не аднойчы ўздымалі гэтую праблему на сустрэчах з сацыяльнымі партнёрамі.

«Гэта несправядліва, калі два работнікі працуюць у аднолькавых умовах, але з таго, хто працуе на працоўным дагаворы, матэрыяльная адказнасць можа абмяжоўвацца калектыўным дагаворам, а ў таго, што прыняты па кантракце, – не абмяжоўваецца. І ён плаціць у некалькі разоў больш. У сувязі з гэтым мы прапанавалі ўнесці змены ў Працоўны кодэкс, і на сённяшні дзень законапраектам устаноўлены адзіныя падыходы прымянення матэрыяльнай адказнасці да работнікаў пры прычыненні імі шкоды наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў, – растлумачыў Міхаіл Орда. – Таксама законапраектам прадугледжана, што штрафы, якія накладаюцца на наймальніка, пазней не будуць спаганяцца з работнікаў».

Згодна з прапановай Федэрацыі прафсаюзаў у новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса атрымалася таксама захаваць права за пенсіянерамі, якія патрабавалі скасавання працоўнага дагавора з прычыны вінаватых дзеянняў наймальніка, на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнага заробку. Дарэчы, у першапачатковай рэдакцыі законапраекта гэтай нормы не было.

Вольга Ануфрыева, «Звязда», 6 ліпеня 2018 г.