/ / Общественно-политические
25.01.2018

Колькасць фізічных асоб, якія выплачваюць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, у Беларусі расце

А з 12 студзеня сёлета гэтыя «адзіночкі» працуюць па новых правілах. З важных змяненняў – ім дазволілі не рэгістраваць ІП, гандляваць у майстэрнях і рэкламавацца ў інтэрнэце.

Ремонт обуви

Дарэчы, з 2005 года колькасць фізічных асоб, якія выплачваюць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, вырасла ў краіне больш чым у сто разоў, адзначылі ў Мінэканомікі. Дадзеная дынаміка працягваецца і цяпер. На 1 студзеня 2018 года збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці заплацілі 29 381 чалавек, як паведамілі ў Мінэканомікі. Для параўнання: на аналагічны перыяд мінулага года іх было 23 359 чалавек.

Больш за ўсё рамеснікаў на пачатак гэтага года было ў Мінску – 6674 чалавекі. На другім месцы па гэтым паказчыку знаходзіцца Брэсцкая вобласць (5055), а на трэцім – Віцебская (3780). Менш за ўсё «саматужнікаў» на пачатак гэтага года было ў Мінскай вобласці – 3375 чалавек. «Больш за 70% рамеснікаў знаходзіцца ў рэгіёнах», – адзначылі ў Мінэканомікі.

Прынамсі, рамеснікі не выплачваюць падаходны падатак і адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, а таксама не вядуць дзяржаўную статыстычную справаздачнасць, могуць самастойна выплачваць узносы ў фонд сацабароны.

Для рамеснікаў таксама пашырылі спіс відаў дзейнасці, якія можна ажыццяўляць па заяўным прынцыпе без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У спіс уключылі, напрыклад, усе віды творчасці, якія ажыццяўляюцца на аснове ручной працы. «Саматужнікам», да таго ж, дазволілі браць вучняў на навучанне сваёй дзейнасці. Але існуе абмежаванне: адначасова можна навучаць не больш за тры чалавекі. Раней можна было навучаць толькі аднаго чалавека. Пры гэтым тэрмін навучання не можа перавышаць два гады.

Сяргей Куркач, «Звязда», 24 снежня 2018 г.