/ / Общественно-политические
17.01.2018

Разлічвацца за «камуналку» стане прасцей: Безнаяўныя субсідыі, зваротныя плацяжы і дэталізаваная інфармацыя пра паслугі

Асабісты кабінет карыстальніка, QR-код пры разліку за паслугі і іншыя сэрвісы абяцаюць запусціць сёлета ў сістэме АРІП. У прыватнасці, плануецца ўкараніць праграмны комплекс, які дазволіць атрымліваць разнастайныя даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы разліку за жыллёва-камунальныя паслугі (АІС «Разлік-ЖКП»). Напрыклад, фарміраваць «нестандартныя» справаздачы для ЖКГ і пастаўшчыкоў паслуг з улікам іх патрэбнасцяў. Падрабязнасці новаўвядзенняў растлумачылі спецыялісты.

Жировка

Сэрвісы для кліентаў

Да сістэмы АРІП падключана ўжо 62 тысячы паслуг, якія аказваюць больш за 14 тысяч вытворцаў, у тым ліку 203 арганізацыі, якія працуюць з АІС «Разлік-ЖКП», і гэты пералік з часам павялічваецца, як і колькасць сэрвісаў, што прапануе праграма.

– Сістэма АРІП, якая дзейнічае ў Беларусі ўжо 10 гадоў, – гэта абсалютна новае пачынанне, якога няма нідзе на постсавецкай прасторы. А перспектывы развіцця АІС «Разлік-ЖКП» бязмежныя, – заўважыў Аляксандр Селязнёў, намеснік начальніка аддзела білінгавых сістэм ААТ «НКФА «АРІП». – Адным з прыярытэтных кірункаў нашай работы ў 2018-2019 гадах стане развіццё кліенцкіх сэрвісаў.

Асабісты кабінет, які з'явіцца прыкладна летам гэтага года, дазволіць карыстальнікам атрымліваць дэталізаваную інфармацыю пра спажытыя паслугі. Спачатку пра камунальныя, а пасля і пра іншыя. Можна будзе ўбачыць патрабаванні на аплату і паведамленне пра іх наяўнасць, а таксама кіраваць інфармацыяй пра спажытыя паслугі. Акрамя таго, у АРІП мяркуюць даць карыстальнікам магчымасць атрымліваць інфармацыю пра запазычанасць перад арганізацыямі, што налічваюць камунальную плату, аказваюць паслугі сувязі, крэдытнымі органамі.

Плацежныя выявы на прадметах

Каб ісці ў нагу з інфармацыйнымі тэхналогіямі і павысіць якасць абслугоўвання плацельшчыкаў, пазабанкаўская арганізацыя АРІП распрацавала тэхналогію, якая дазваляе выкарыстоўваць QR-код пры аплаце паслуг, вытворцы якіх падключаны да сістэмы АІС «Разлік».

– Зацверджаны стандарт для генерацыі QR-кода вытворцам паслуг і магчымасці яго счытвання ў мабільных праграмах банкаў і іншых пунктах здзяйснення плацяжоў. Апісанне фармату QR-кода размешчана на сайце rаsсhеt.bу, – пракаментавалі новаўвядзенне спецыялісты АРІП. – Вытворца паслуг проста на сайце ў хуткім часе можа згенерыраваць QR-код у выглядзе невялікай выявы і нанесці яго на любы прадмет: паведамленне пра аплату, панэль у таксі, стойку адміністратара ў салоне і іншыя зручныя дэталі. Ніякіх грошай з вытворцаў за генерацыю кода не возьмуць, а плацельшчыкам не трэба будзе шукаць паслугу ў дрэве АРІП.

Разлічыцца з дапамогай QR-кода досыць проста. Чалавеку дастаткова камерай мабільнага тэлефона прасканіраваць QR-код – і ён трапіць на паслугу, якую збіраецца аплаціць, аўтаматычна. Пасля трэба ўвесці даныя і здзейсніць аперацыю. Спецыялісты разлічваюць, што банкі дапрацуюць свае мабільныя праграмы для спрошчанай аплаты праз АРІП, а вытворцы паслуг будуць гатовыя скарыстацца новай тэхналогіяй, тым самым павялічваючы якасць абслугоўвання плацельшчыкаў.

Прыносіць даведкі не трэба

Адна з функцый АІС «Разлік-ЖКП», якая ўжо працуе, – магчымасць налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый для частковай аплаты ЖКП па выяўляльным прынцыпе грамадзянам, якія знаходзяцца ў складаным сацыяльным становішчы.

– Людзям не трэба збіраць і прыносіць даведкі пра сваё матэрыяльнае становішча – сістэма сама выявіць чалавека, у якога даход ніжэйшы. Ім адразу налічваюць субсідыі, і гэта бачна ў жыроўках, – пракаменціраваў магчымасці праграмы Генадзь Трубіла, намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. – За 9 месяцаў мінулага года ў краіне субсідзіравана 426 010,5 рубля. У сталіцы па выяўляльным прынцыпе выдадзена субсідый на 41 989,9 рубля, па заяўным (калі чалавек сам звяртаецца па субсідыі) – 11 710,5 рубля.

Людзі, якім адразу налічваюць субсідыі на аплату «камуналкі» па выяўляльным прынцыпе, – гэта пенсіянеры, якія пражываюць асобна, і маладыя непрацуючыя інваліды. З часам гэтую катэгорыю плануецца пашырыць, аднак адпаведнае рашэнне пакуль не прынятае.

Па выяўляльным прынцыпе праграма прымае ў разлік даход сям'і за тры месяцы, а па заяўным – улічваецца заробак за паўгода да моманту звароту па дапамогу. На такі ж тэрмін адпаведна даюцца і безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

Уменне сістэмы АРІП весці і абнаўляць базу грамадзян у рэжыме рэальнага часу таксама спрыяе выяўленню катэгорый людзей, якія маюць патрэбу, дадалі ў НКФА «АРІП».

Спачатку ў нябанкаўскай арганізацыі было каля 30% асабістых і ідэнтыфікацыйных нумароў пашпартоў людзей. Цяпер іх 99%. Прывязка да пашпартоў дазваляе АРІП інтэгравацца з іншымі сістэмамі і атрымліваць неабходную для налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый інфармацыю: звесткі пра заработную плату, пенсіі, дапамогі.

– Арганізаваць сістэму безнаяўных субсідый кожны разлікова-даведачны цэнтр не ў стане, бо сістэма атрымання персанальных даных складаная, – заўважыў Аляксандр Селязнёў. – Нам аўтаматычна прыходзяць звесткі пра чалавека з вялікай колькасці дзяржаўных органаў: Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Фонду сацыяльнай аховы насельніцтва, Белдзяржстраха, Нацыянальнага кадастравага агенцтва. Пералік ведамстваў, якія дасылаюць інфармацыю ў НКФА «АРІП», а таксама межы і паўната падаваемых звестак вызначаны пастанаўленнем Саўміна № 790.

Пільнасць не перашкодзіць

Адна з добрых магчымасцяў праграмы – сістэма зваротных плацяжоў, якая дазваляе атрымаць свае грошы назад, калі пры аплаце няправільна ўвялі лічбы.

– Вельмі лёгка пераблытаць і націснуць, скажам, лішні нуль, калі плаціш праз банкамат. Асабліва гэта датычыцца пенсіянераў, для якіх нават невялікія сумы могуць быць даволі значнымі, – упэўнены спецыялісты. – Толькі за кастрычнік 2017-га вернута 83 плацяжы на суму 21 127 рублёў.

Спецыялісты НКФА «АРІП» папярэджваюць, што няправільны плацеж лепш за ўсё прадухіліць, пераправерыўшы інфармацыю на стадыі яе ўвядзення. Калі ж памылка-такі здарылася, адмяніць плацеж і вярнуць грошы можна ў банку да прыходу наступнага пасля аплаты дня. Прычым магчыма гэта ў дачыненні толькі тых вытворцаў паслуг, якія далі дазвол на такія аперацыі. У выпадку з электроннымі грашыма, браніраваннем электроннай чаргі, фотафіксацыяй хуткасці вярнуць сродкі праз банк не ўдасца – прыйдзецца ехаць непасрэдна ў кампанію і вырашаць пытанне. Як і з астатнімі вытворцамі паслуг, якія забаранілі банку вяртаць свае аплаты. Самі спецыялісты АРІП плацяжы не адмяняюць.

Такім чынам, якімі б зручнымі, аўтаматычнымі і «разумнымі» ні былі сэрвісы, чалавечая пільнасць і ўважлівасць лішнія не будуць.

Ірына Сідарок, «Звязда»