/ / Общественно-политические
16.01.2018

Перспектывы 2018 года ў Еўразійскага эканамічнага саюза: Тэхналогіі, прамысловасць, аграрны сектар

Мы сустрэлі 2018 год са значна больш пазітыўнымі чаканнямі, чым сустракалі 2017-ы, улічваючы, якая няпростая сітуацыя ў эканоміцы была ў 2015-2016 гадах. 2017 год скончыўся ростам эканомікі для ўсіх без выключэння членаў ЕАЭС. Што абяцае нам 2018 год, якія важныя дасягненні мы можам чакаць у рамках ЕАЭС?

ЕАЭС

Адзначым адразу, што не ва ўсіх краін ЕАЭС аднолькавыя прыярытэты ў чаканнях ад змен заканадаўства, запланаваных у арганізацыі. Можна адразу адзначыць, напрыклад, што для Кыргызстана, Казахстана і Арменіі было важна дабіцца стварэння на агульным рынку працы ўмоў для свабоднага перамяшчэння грамадзян паміж краінамі саюза для вядзення працоўнай дзейнасці, забеспячэння іх роўных эканамічных правоў, асабліва для Кыргызстана і Арменіі, улічваючы маштаб працоўнай эміграцыі грамадзян і долю ў эканоміцы сродкаў, якія пералічваюцца мігрантамі сваім сем'ям. Такая магчымасць у ЕАЭС імі ўжо атрымана. Між тым для Беларусі гэта не з'яўлялася значным фактарам, паколькі ў рамках Саюзнай дзяржавы задоўга да ЕАЭС ужо былі створаны ўмовы для свабоднага перамяшчэння грамадзян. У 2018 годзе Арменія, Казахстан і Кыргызстан спадзяюцца на падпісанне Дагавора аб пенсійным забеспячэнні працоўных дзяржаў-членаў. Яго мэта – фарміраванне і рэалізацыя пенсійных правоў працоўных на тых жа ўмовах, што і для грамадзян дзяржавы працаўладкавання. Але для Беларусі гэта зноў не вельмі актуальна з-за паспяховага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. У адносінах паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь ужо дзейнічае Дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 24 студзеня 2006 года, які рэгламентуе пытанні пенсійнага страхавання і забеспячэння грамадзян бакоў, якія пражываюць на іх тэрыторыях (артыкул 2 Дагавора).

Але ёсць пытанні, якія важныя менавіта для нашай краіны. Так, для Беларусі адным з найважнейшых вынікаў 2017 года ў ЕАЭС стала прынятае ў канцы снежня 2017 года ўрадам Расіі рашэнне аб зняцці забароны на допуск праграмнага забеспячэння (ПЗ), якое паходзіць з краін Еўразійскага эканамічнага саюза, да закупак для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб. Яна была ўстаноўлена ў 2015 годзе пастановай урада РФ. Еўразійская эканамічная камісія кваліфікавала забарону як бар'ер, які перашкаджае свабоднаму руху тавараў і паслуг на ўнутраным рынку Саюза, і ў адпаведнасці з пастановай урада Расійскай Федэрацыі ад 20 снежня 2017 года №1594, якая ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2018 года, зацверджаны правілы фарміравання і вядзення адзінага рэестра расійскіх праграм для электронных вылічальных машын і баз даных і аналагічнага рэестра для ПЗ з Саюза. У выніку для праграмнага забеспячэння з краін ЕАЭС умовы допуску да дзяржзакупак у Расіі стануць роўнымі ўмовам для расійскіх праграм. Гэта важна для Беларусі, улічваючы, што наш ПВТ здольны вырабіць шмат што для рынку Расіі, але пакуль што асноўны экспарт ідзе ў заходнія краіны.

Таксама для нас важнае нарошчванне супрацоўніцтва ў прамысловасці і аграрным сектары. У 2018 годзе будзе працягнуты курс на рэалізацыю стратэгіі Асноўных кірункаў прамысловага супрацоўніцтва па двух ключавых кірунках – у традыцыйных базавых і інавацыйных галінах. Як адзначыў Міністр ЕЭК Сяргей Сідорскі, прыярытэтамі павінны стаць развіццё лічбавай трансфармацыі прамысловасці і АПК, паглыбленне кааперацыі ў прыярытэтных галінах і практычная рэалізацыя рашэнняў ЕАЭС у інавацыйнай сферы – Еўразійскія тэхналагічныя платформы, стварэнне Еўразійскай сеткі прамысловай кааперацыі і субкантрактацыі, рэалізацыя кааперацыйных праектаў з ЕАБР. Што датычыцца АПК, то сёлета нам трэба выбудаваць эфектыўныя механізмы ўзаемадзеяння па асноўных сельгаставарах з мэтай зніжэння залежнасці ад імпартных паставак і выхаду на знешнія рынкі. Да ліку перспектыўных кірункаў адносяцца праекты з высокай дабаўленай вартасцю ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, садоўніцтве, цукровай, алейна-тлушчавай і іншых галінах. Іх галоўная мэта – імпартазамяшчэнне.

ЕАЭС таксама рухаецца па шляху фарміравання агульнага фінансавага рынку дзяржаў. Міністр ЕЭК Цімур Жаксылыкаў адзначыў, што ЕЭК працуе над адпаведнай канцэпцыяй, мяркуючы, што стварэнне агульнага фінансавага рынку будзе спрыяць актывізацыі інвестыцыйнага супрацоўніцтва і стане магутным імпульсам для ўстойлівага эканамічнага росту нашых краін.

Таксама ў 2018 годзе могуць завяршыцца поспехам перамовы па заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і трэцімі краінамі. У ліку краін, якія могуць выйсці на фінішную прамую, лічацца Сербія, Сінгапур, Егіпет, Ізраіль, Індыя і Іран. Рэалізацыя падобных пагадненняў можа надаць эканомікам ЕАЭС дадатковую дынаміку за кошт росту экспарту на рынкі гэтых краін.

Сяргей Кізіма, «Звязда», 16 снежня 2018 г.