/ / Общественно-политические и в области права
23.02.2018

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання: Неабходна прыняць меры для павышэння якасці жыцця

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання вызначыў галоўную мэту: павышэнне якасці жыцця вяскоўцаў, у тым ліку і шляхам укаранення новых формаў гандлёвага абслугоўвання, стварэння эфектыўнай сістэмы закупак лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, вырабленай у асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарках, а таксама яе перапрацоўкі па ўнікальных народных рэцэптах. Нароўні з арганізацыямі спажывецкай кааперацыі важная роля ў вырашэнні многіх праблем сельскіх жыхароў адводзіцца мясцовым органам улады.

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання

І праблемы занятасці

Чаму праблемы павышэння якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва сталі галоўнай тэмай абмеркавання на сумесным пасяджэнні праўлення Белкаапсаюза і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання? Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, спажывецкая кааперацыя, як ніякая іншая арганізацыя, можа спрыяць развіццю сельскіх тэрыторый – шляхам арганізацыі дакладнай і эфектыўнай работы з насельніцтвам. Яна павінна прымаць удзел у фарміраванні даходнай часткі бюджэту свайго рэгіёна, прыцягваць інвестыцыі ў стварэнне новых прадпрыемстваў перапрацоўкі і, нароўні з буйнымі гандлёвымі сеткамі, забяспечваць жыхароў нават самых аддаленых населеных пунктаў якаснай прадукцыяй па даступных цэнах.

Перад мясцовымі органамі ўлады зараз стаіць задача не толькі забяспечыць умовы для арганізацыі гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва на высокім узроўні, але і вырашыць праблемы занятасці сельскіх жыхароў, у тым ліку шляхам адкрыцця прадпрыемстваў па перапрацоўцы дзікарослай і сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама другаснай сыравіны, закупленых у вяскоўцаў.

Чаму гандаль стратны?

Пакуль жа ў сістэме спажывецкай кааперацыі нямала праблем. Адна з самых набалелых – стратны гандаль у маланаселеных вёсках. Па даных Белкаапсаюза, каля 70 % гандлёвых аб'ектаў размешчаныя менавіта ў сельскай мясцовасці. У тым ліку 674 крамы абслугоўваюць населеныя пункты з колькасцю да 100 жыхароў. Па словах спецыялістаў, стратная работа гандлёвай галіны ў асноўным звязана з яе неэфектыўнасцю. Гэта хутчэй сацыяльны праект, чым камерцыйны.

Іншая справа – нарыхтоўчая дзейнасць. Тут ёсць нядрэнныя перспектывы. Гэта дадатковая крыніца даходу як для насельніцтва, так і для спажывецкай кааперацыі. Сістэма закупак сельгаспрадукцыі і сыравіны дазваляе забяспечваць бясстратную работу ўсіх, хто заняты гэтай дзейнасцю.

Штогод арганізацыі Белкаапсаюза закупляюць у насельніцтва каля 80 тысяч тон пладоў і ягад, каля пяці тысяч тон дзікарослай прадукцыі (чарніцы, буякі, журавіны і інш.). У вялікай колькасці закупляюцца грыбы, зяленіўныя культуры, мяса і мясапрадукты. За закупленую прадукцыю сельскім жыхарам штогод выплачваецца звыш 110 млн рублёў – гэта супастаўна з сярэднямесячным фондам аплаты працы работнікаў сельскай гаспадаркі.

Перспектыўным напрамкам дзейнасці ў вырашэнні праблемы занятасці мясцовага насельніцтва спецыялісты лічаць збор і перапрацоўку другасных рэсурсаў. Доля арганізацый спажывецкай кааперацыі ў агульным рэспубліканскім зборы другаснай сыравіны сёння складае 20 %. Напрыклад, па выніках 2016 года арганізацыямі Белкаапсаюза нарыхтавана больш за 85 тысяч тон другасных матэрыяльных рэсурсаў, а з улікам лому чорных і каляровых металаў – 385 тысяч тон на суму 58,9 млн рублёў. Адходы паперы і кардону, шкла і палімерных матэрыялаў – усё гэта становіцца сыравінай для далейшай перапрацоўкі выпуску і тавараў бытавога прызначэння.

Шмат магчымасцяў. Нерэалізаваных

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання лічыць, што ў гэтай сферы дзейнасці ёсць яшчэ вельмі шмат нерэалізаваных магчымасцяў. І нарыхтоўчая галіна спажывецкай кааперацыі выкарыстоўвае іх не ў поўнай меры. Пра гэта сведчыць аналіз аб'ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі насельніцтвам. У цяперашні момант ва ўласных падсобных гаспадарках вырабляецца больш за 80 % бульбы, пладоў, ягад, мёду і воўны, каля 70 % гародніны, 20 % яек, 5 % малака і мяса жывёлы і птушкі. А вось доля прадукцыі, якая закупляецца арганізацыямі Белкаапсаюза ў сельскіх жыхароў, нязначная. Мяркуйце самі: менш за 1 % закупляецца бульбы, усяго толькі 5 % агародніны, пладоў і ягад – 15–17 % ад валавых аб'ёмаў вытворчасці гэтых відаў прадукцыі вяскоўцамі. Такі нізкі ўзровень закупак прадукцыі ў насельніцтва можна растлумачыць, з аднаго боку, нізкімі цэнамі, якія прапануе спажывецкая кааперацыя для насельніцтва, а з другога – недастаткова высокай спажывецкай якасцю прадукцыі, што вырабляецца насельніцтвам.

Дарэчы, па даных сацыялагічнага апытання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, на нізкія закупачныя цэны за здадзеную прадукцыю ў Гродзенскай вобласці скардзяцца 59,1 % рэспандэнтаў, у Віцебскай – 53,7 %, у Брэсцкай – 26,5 %, у Мінску – 25,9 %. У Магілёўскай вобласці больш за 14 % апытаных рэспандэнтаў скардзяцца на абважванні кліентаў і аблікі пры прыёме прадукцыі на нарыхтоўчых пунктах.

Прыцягнуць інвестыцыі, стварыць вытворчасці

Прааналізаваўшы гэтую праблему з розных бакоў, Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання вырашыў рэкамендаваць абласным выканаўчым камітэтам і Саветам дэпутатаў садзейнічаць прыцягненню інвестыцый у сферу нарыхтоўкі, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі, выкарыстоўваючы прадугледжаныя заканадаўствам меры дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальнікаў.

Таксама ў мэтах вырашэння праблемы занятасці сельскага насельніцтва Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук прапанавана вывучыць практыку сельскагаспадарчай кааперацыі на тэрыторыі дзяржаў – удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза і іншых краін. Пры неабходнасці для ўкаранення такога вопыту ва ўмовах Беларусі ўнесці прапановы па ўдасканаленні адпаведнага заканадаўства.

Па выніках работы выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання прыняты дакумент, у якім змяшчаецца шэраг рэкамендацый Савету Міністраў, вядучым міністэрствам і ведамствам, а таксама мясцовым органам улады па вырашэнні праблем павышэння якасці жыцця насельніцтва, прыцягненні інвестыцый, стварэнні новых вытворчасцяў, уключэнні ў абарот для гэтых мэт нявыкарыстанай маёмасці. Так, напрыклад, прапануецца разгледзець магчымасць кампенсацыі арганізацыям спажыўкааперацыі выдаткаў на паліва пры дастаўцы тавараў у асобныя населеныя пункты, у тым ліку аўтамагазінамі. Таксама прапануецца прадугледзець магчымасць кампенсацыі часткі расходаў на абслугоўванне вёсак з колькасцю жыхароў менш за 200 чалавек, зніжэння тарыфаў на электраэнергію для спажывецкай кааперацыі да ўзроўню арганізацый бытавога абслугоўвання, а таксама прымянення мінімальнага памеру стаўкі збору з нарыхтоўшчыкаў дзікарослай прадукцыі. Усе гэтыя меры павінны палепшыць умовы работы арганізацый Белкаапсаюза ў сельскай мясцовасці.

Таксама Міністэрству лясной гаспадаркі Беларусі, МАРГ, канцэрну «Беллеспаперапрам» прапанавана разгледзець магчымасць павелічэння аб'ёму рэалізацыі драўніны ў нарыхтаваным выглядзе па-за біржавымі таргамі юрыдычным асобам і прадпрымальнікам з выкарыстаннем яе для вытворчасці тавараў, прызначаных для рэалізацыі ў рознічным гандлі.

Усе гэтыя прапановы павінны стаць асновай для новай стратэгіі абслугоўвання сельскага насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, распрацоўку якой прапанавана ажыццявіць Савету Міністраў у найбліжэйшы час.

Наталля БІТЭЛЬ, «Звязда», 23 лютага 2018 г.
(фота 
– «Звязда»)