/ / Общественно-политические
23.02.2018

Заметкi на палях. Год Кодэксу аб культуры: якiя карэктывы наспелi за гэты час?

Дваццаць сем глаў, дзвесце пяцьдзясят сем артыкулаў і сотні старонак дробным шрыфтам – так выглядае Кодэкс аб культуры. Той, каго гэты дакумент не датычыцца, наўрад ці здужыць яго прачытаць. Для некага ж гэта лёсавызначальны дакумент. Кодэкс з’явіўся якраз у лютым 2017-га. Як ён «пражыў» гэты год і ці патрабуецца яму дапрацоўка? Пра гэта і наша размова з дзеячамі культуры.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры

Аналіз актуальнасці не спыняецца

Роўна год таму ў яго адрас пелі выключна дыфірамбы. Маўляў, унікальны дакумент, які аб’яднаў у сабе ўсю нарматыўна-прававую базу сферы культуры. Такога няма не тое што ў іншых ведамствах, але нават у калег на постсавецкай прасторы. Быць першым сапраўды складана. Слова намесніку Міністра культуры Аляксандру Яцко:

– Кодэкс аб культуры дазволіў сістэмна і лагічна аб'яднаць наяўныя акты заканадаўства ў сферы культуры і максімальна скараціў колькасць нарматыўных прававых актаў і адсылачных норм. Ён увабраў нормы каля 50 нарматыўных прававых актаў, у тым ліку 7 базавых законаў у сферы культуры. Такім чынам, закладзена фундаментальная прававая аснова функцыянавання сферы культуры.

У выніку аб'яднанне нарматыўных прававых актаў у сферы культуры ў адзіны заканадаўчы акт дазволіла правесці рэвізію заканадаўства ў гэтай сферы ў мэтах удакладнення і ўніфікацыі тэрміналогіі, выключэння састарэлых норм, ліквідацыі прабелаў і супярэчнасцей у прававым рэгуляванні гэтай сферы, вывядзення прававога рэгулявання асобных грамадскіх адносін у сферы культуры на больш высокі ўзровень.

Намеснік Міністра зазначае, што ў сувязі з тым, што нарматыўна-прававыя акты, аб'яднаныя ў адзіны сістэматызаваны акт, дзейнічалі на працягу доўгага часу, насілі даволі ўстойлівы характар і атрымалі апрабацыю на практыцы, істотных недахопаў, супярэчнасцей у Кодэксе аб культуры на працягу мінулага года выяўлена не было. Пры гэтым, вядома ж, ажыццяўляецца і іх аналіз на прадмет актуальнасці і неабходнасці карэкціроўкі.

Адказы знайшліся

Гэта думка чыноўніка, а што на конт дакумента думаюць людзі, якім штодзень даводзіцца сутыкацца з ім, можна нават сказаць, жыць па ім?

Дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Аксана Кніжнікава запэўнівае, што на ўсе пытанні, якія яе турбавалі, яна знаходзіла вычарпальныя адказы. Што называецца, усё вырашалася ў рабочым парадку. Словам, за бібліятэчную сферу можна толькі парадавацца.

Што ў музейшчыкаў? Дырэктар замкавага комплексу «Мір» Аляксандр Лойка прыйшоў на сваю працу якраз у той час, як «нарадзіўся» Кодэкс аб культуры. Сваё жыццё разам ён называе мірным: ніякага непаразумення няма. Хаця кіраўнік замка гаворыць, што некаторыя пытанні да дакумента могуць хутка ўзнікнуць. Размова пра стварэнне музейных холдынгаў. Гэта вельмі тонкае пытанне, наконт яго зараз ідуць спрэчкі. Там шмат нюансаў, якія і павінны знайсці сваё адлюстраванне ў кодэксе. Але пакуль няма тых замкавых холдынгаў – няма і нараканняў.

У Міністэрстве культуры не ўтойваюць: за гэты год неаднойчы з’яўляліся пытанні, на якія было нялёгка даць адказ. Напрыклад, адзін з білетных аператараў прасіў растлумачыць пункт 5 артыкула 217 Кодэкса аб культуры ў частцы таго, які дзень лічыць апошнім для вяртання білета на культурна-відовішчнае мерапрыемства. Да гэтай справы нават прыйшлося падключыць Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

У вулічных музыкантаў пытанняў было яшчэ больш. Іх турбавалі нюансы неабходнасці атрымання пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі краіны, былі непаразуменні наконт узгаднення свайго рэпертуару з мастацкім саветам па культурна-відовішчных мерапрыемствах пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах.

Жыццё ўносіць карэктывы

Збольшага ўсе гэтыя пытанні вырашаныя. Няўжо ўсё так гладка? Не. За дванаццаць месяцаў выявіліся і «дзіркі» ў кодэксе. Напрыклад, член праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускае нумізматычнае таварыства» Ілья Шталянкоў заўважае, што ў гэтым дакуменце «няма ні слова аб прыватным калекцыяніраванні як важным суб'екце ў дзяржаўнай справе захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх вяртання на радзіму». Спецыяліст лічыць, што ў гэтым пытанні трэба карэкціраваць і шмат іншых заканадаўчых актаў, у тым ліку Грамадзянскі кодэкс. І справа гэта не такая ўжо і складаная, асабліва калі пераняць вопыт іншых краін:

– Па прыкладзе Расіі стварыць умовы для папаўнення прыватных калекцый з замежных аўкцыёнаў і крам за кошт асабістых сродкаў грамадзян і палегчыць сам працэс вяртання на радзіму страчаных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Зноў жа па прыкладзе Расіі адмяніць усякія абмежаванні па сумах увозу з-за мяжы прадметаў калекцыяніравання (нумізматыка, фалерыстыка і г.д.) для папаўнення прыватных калекцый пры асабістым увозе (не ў паштовых адпраўленнях) з дэклараваннем прадметаў, якія ўвозяцца. Цяпер для гэтага якраз спрыяльная сітуацыя, паколькі адбываецца ўніфікацыя мытнага заканадаўства ЕАЭС.

Ілья Шталянкоў узнімае і пытанне, якое не першы дзень лунае ў паветры, – стварыць умовы і заахвочваць на дзяржаўным узроўні адрасныя адлічэнні з падаткаў на закупку новых экспанатаў для дзяржаўных музеяў. Яму падабаецца прыклад ЗША, дзе яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя ахвяраванні музеям сталі «ўзнагароджвацца» падатковымі льготамі. Чалавек атрымліваў магчымасць адняць з сумы падаткаў поўны актуальны кошт падоранага твора мастацтва. 

Ёсць прапановы і ў намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах, кандыдата гістарычных навук Вольгі Папко. Яны тычацца канкрэтна артыкула 77, у якім ідзе размова пра вяртанне культурных каштоўнасцей:

– Ён абвяшчае, што вывезеныя з парушэннем актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Беларусі, іншых норм міжнароднага права, а таксама ў час ваенных канфліктаў і не вернутыя ў краіну культурныя каштоўнасці падлягаюць абавязковаму вяртанню незалежна ад часу і абставін вывазу. Гэтыя пункты носяць дэкларатыўны характар, а механізм такога дзеяння не прапісаны. Сёння Беларусь мае магчымасць звярнуцца, у прыватнасці, да Расіі ў выпадку выяўлення там каштоўнасцей, якія апынуліся на яе тэрыторыі ў гады Другой сусветнай вайны. Там дзейнічае Федэральны закон 1998 года «Аб культурных каштоўнасцях, перамешчаных у выніку Другой сусветнай вайны і якія знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі», ён дазваляе прэтэндаваць на вывезеныя ў гэты перыяд прадметы. Пры гэтым Беларусь, каб звярнуцца, павінна кіравацца адэкватным законам. Мы ж такога не маем, а праз 18 месяцаў пасля выяўлення каштоўнасці па расійскім заканадаўстве права ўласніка страчваецца. Пры гэтым у Расіі ёсць не адзінкавыя прыклады вяртання культурных каштоўнасцей Германіі і Венгрыі. Мы пакуль нічым пахваліцца не можам.

Вольга Мікалаеўна ўдакладняе, што размова ідзе не пра выпрацоўку асобнага закона, а менавіта пра ўнясенне змен у Кодэкс аб культуры. Па яе ініцыятыве ўжо створана група, якая і вывучае гэтую справу.

Недасканалым яна лічыць і артыкул 78 «Камісія па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь»:

– Камісія існуе ўжо не адзін год, некалькі разоў абнаўляўся яе склад, аднак бачных вынікаў яе дзейнасці няма. Адной з найважнейшых прычын гэтага, на нашу думку, з'яўляецца адсутнасць заканадаўчай базы і супрацоўнікаў, якія б займаліся гэтай працай штодня на пастаяннай аснове. Другой прычынай нездавальняючых вынікаў з'яўляецца адсутнасць фінансавання дзейнасці камісіі. У многіх краінах, якія прымалі ўдзел у Першай і Другой сусветных войнах, чые культурныя здабыткі перамяшчаліся ў ходзе ваенных дзеянняў, ёсць спецыяльныя ўстановы, якія ажыццяўляюць пошук, выяўленне i вяртанне культурных каштоўнасцей. Нам таксама трэба ісці ў гэтым кірунку. Калі сітуацыя ў нас не зменіцца, то дзейнасць камісіі па-ранейшаму застанецца намінальнай, а праблема рэстытуцыі культурных каштоўнасцей не зрушыцца з мёртвага пункта.

Які вывад напрошваецца? Кодэкс аб культуры жыве і дзейнічае. Але нават такі, здавалася б, дасканалы дакумент не можа быць нязменным. Жыццё не стаіць на месцы, і прававое рэгуляванне сферы культуры павінна ісці ў нагу з часам, адказваючы зменам і патрэбам галіны. Ужо зараз выяўлены пункты, якім неабходны карэкціроўкі. У Міністэрстве культуры не даюць ніякіх прагнозаў адносна тэрмінаў унясення змяненняў, але відавочна, што яны наспелі і не могуць не з’явіцца на свет.

Наталля Сцяпура, «Рэспубліка», 22 лютага 2018 г.
(фота – НЦПІ)