/ / Общественно-политические
23.02.2018

Увесну плануецца правесці другое чытанне Банкаўскага кодэкса: пры яго падрыхтоўцы паступіла больш за 25 заўваг і прапаноў

Але, каб прыняцце праекта праходзіла ў штатным рэжыме, неабходна азнаёміцца з ім ушчыльную, атрымліваць адказы ад прафесіяналаў. Пра гэта заявіла старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна на круглым стале па абмеркаванні праекта Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь».

Пры падрыхтоўцы законапраекта да другога чытання паступіла больш за 25 заўваг і прапаноў ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Рэспублікі, галоўнага прававога і рэдакцыйнага ўпраўлення сакратарыята Палаты прадстаўнікоў, Камітэта дзяржаўнага кантролю, міністэрстваў фінансаў і юстыцыі. Актыўны ўдзел у рабоце над дакументам прымаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі.

Спікер мерапрыемства адзначыла, што нормы законапраекта прыведзены ў адпаведнасць з Указам № 371 «Аб Беларускім міжбанкаўскім разліковым цэнтры» і Дэкрэтам № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Людміла Дабрыніна звярнулася да прысутных на пасяджэнні банкіраў з просьбай выказаць свае заўвагі і прапановы з улікам існуючай практыкі, асабліва па артыкуле, які датычыцца крэдытавання насельніцтва, таму што менавіта яму дэпутацкі корпус удзяляе асаблівую ўвагу.

У пасяджэнні круглага стала прыняў удзел старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Аляксандр Кучынскі, які расказаў, што члены асацыяцыі па просьбе Нацбанка некалькі разоў рыхтавалі свае прапановы ў кодэкс. «Хацелася б пачуць, наколькі яны ўключаныя ў абноўлены дакумент», – адзначыў ён.

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – члены Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, адкрыта падзяліліся думкамі таксама старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў і намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко. «Разгляд законапраекта ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў запланаваны падчас вясенняй сесіі Парламента, якая пачне работу 2 красавіка», – паведаміла Людміла Дабрыніна.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 23 лютага 2018 г.