/ / Общественно-политические
16.02.2018

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына: Падстаў для засмучэння пакуль няма

У інтэрв'ю тэлеканалу АНТ намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, спецпрадстаўнік па Усходняй Еўропе Кент Харстэд сказаў, што многія пажаданні яго арганізацыі падчас выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў не былі ўлічаны. Наш карэспандэнт пагутарыў са Старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй ЯРМОШЫНАЙ і высветліў, як будзе мяняцца выбарчая сістэма, чым нашы дэпутаты адрозніваюцца ад калег з Расіі, а таксама хто можа стаць яе пераемнікам.

Лидия Ермошина, СБ

– Якія рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ могуць стаць штуршком для змен у выбарчым заканадаўстве? Наколькі яны неабходныя?

– Выбарчае заканадаўства ўдасканальваецца пастаянна, проста яно павінна быць звыклым і зразумелым. Я заўсёды зыходжу з таго, што выбарчы закон выконваюць не прафесійныя юрысты, а звычайныя грамадзяне. Яны павінны адчуваць сябе ў гэтым працэсе лёгка, яны не павінны запамінаць і зазубрываць нормы. Тут трэба кіравацца чалавечай логікай і здаровым сэнсам.

Таму мы, вядома, будзем удасканальваць заканадаўства, але пры гэтым па-ранейшаму рабіць усё, каб яно было простым. У адрозненне ад многіх іншых дзяржаў, у тым ліку СНД, у нас няма вызваленых арганізатараў выбараў, няма нейкіх вызваленых тэрытарыяльных камісій, якія павінны працаваць і паказваць насельніцтву, чым яны займаюцца. У нас жа робяць усё грамадскія дзеячы, а самі выбары ў краіне арганізуюць толькі дзевяць чалавек – гэта Цэнтральная выбарчая камісія.

Я не магу сказаць, што мы рэвалюцыйна зменім заканадаўства, – яно можа змяніцца радыкальна толькі пры зменах у Канстытуцыі. Калі нешта змяняць у гэтым дакуменце, то з улікам яго нормаў будзе мяняцца і выбарчы працэс. І тут не трэба цалкам абапірацца на пазіцыю АБСЕ. У нас дастаткова ўласных кваліфікаваных юрыстаў, ёсць парламент, які мае права сам вызначыць, што добра, а што дрэнна для Беларусі.

Кожныя выбары павінны забяспечваць стабільнасць і зразумеласць. Мне расказваў мой кіеўскі калега, як у адной выбарчай акрузе, умоўна кажучы, у Днепрапятроўску, у выбарах удзельнічала 63 кандыдаты. Скажыце, гэта нармальна? Выбарчы бюлетэнь не можа быць даўжэйшы за адзін метр, усе даныя аб удзельніках напісаныя дробным-дробным шрыфтам. Усё гэта вельмі дэмакратычна, але ці з'яўляецца ў такім выпадку выбар выбаршчыка ўсвядомленым?

Мы будзем карыстацца тымі рэкамендацыямі АБСЕ, якія спрашчаюць працэдуру выбараў перш за ўсё для кандыдатаў. Прынамсі, на гэта буду працаваць я. Каб было прасцей вылучыцца, каб не было пакаранняў за дробныя памылкі ў дэкларацыях, каб паменшылася колькасць подпісаў для вылучэння.

– Ці былі на вашай памяці выбары, пасля якіх вы зразумелі, што выбарчая сістэма мае патрэбу ў зменах?

– Сістэма – не, а нормы – так. Я магу сказаць, што пасля парламенцкіх выбараў 2012 года я сама звярнулася перш за ўсё да кіраўніка дзяржавы з прапановамі па змяненні выбарчага заканадаўства. Чаму? Таму што ў нас вельмі шырокія нормы ў законе, яны ўсе скіраваны на добраахвотнае выкананне, таму нядобрасумленныя людзі заўсёды могуць знайсці пэўныя шчыліны.

Менавіта таму Цэнтральная камісія звярнулася з прапановамі, і ўжо да 2013 года былі ўнесены змены ў закон, якія закранулі, напрыклад, парадак інфармавання насельніцтва. У нас жа як было: на выраб лістовак кандыдатам выдаваліся невялікія сумы. У выніку атрымлівалася так, што ні кандыдаты, ні камісіі гэтага не рабілі. Потым мне сталі пісаць грамадзяне з цалкам абгрунтаванымі прэтэнзіямі: яны паняцця не маюць, хто ў нас балатуецца.

Усе кажуць: хадзіце на сустрэчы з выбаршчыкамі. Але ж не ходзяць! Такім чынам, хоць інфармацыйныя матэрыялы павінны быць. Тады мы забралі грошы ў кандыдатаў – гэта была мая прапанова – і перадалі ў выбарчыя камісіі. І зараз ёсць абавязковае патрабаванне, каб камісіі вырабілі інфармацыйныя матэрыялы і ўклалі ў паштовыя скрыні. Прынамсі, цяпер да паходу на ўчастак грамадзянін бачыць, хто балатуецца па яго акрузе...

Не хочацца усё цалкам зарэгуляваць, паколькі гэта будуць вельмі тоўстыя законы, якія немагчыма будзе вывучыць. З іншага боку, свабодныя нормы дазваляюць рабіць любыя манеўры. Усе яны законныя, калі няма забароны, але яны не павінны супярэчыць духу заканадаўства.

Так што нормы змяняюцца ўвесь час. Мяняць выбарчую сістэму? Любая сістэма досыць добрая, але я ў пэўным плане лічу, што нам трэба глядзець у бок партый. Яны ў нас не развіваюцца, і гэта ненармальна. Як бы мы ні казалі пра прадстаўнікоў насельніцтва, усюды ў свеце прыналежнасць да партый дазваляе фарміраваць нейкае палітычнае асяроддзе. Так што, напэўна, у будучыні нам трэба адаптаваць выбарчую сістэму пад патрэбы партый. Гэта значыць перайсці да прапарцыйнай або змешанай сістэмы, даваць магчымасць партыям мець нейкія квоты, калі яны збяруць неабходную колькасць галасоў.

– У параўнанні з некаторымі прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса Расіі беларускіх дэпутатаў можна назваць узорам спакою. Чаму ў Беларусі і Расіі яны так адрозніваюцца, ці патрэбныя нашай краіне яркія дэпутаты?

– Я абсалютна за яркіх і медыйных дэпутатаў. Я лічу, што ў нас іх мала на экране, таму нішу даводзіцца запаўняць мне, што таксама няправільна. За мяне ніхто не галасуе, таму мне ўсё роўна, я магу знаходзіцца ў цішы кабінета.

З іншага боку, у нас жа іншая выбарчая сістэма – па-першае, яна мажарытарная. У Расіі яна змешаная: ёсць партыі, якія падбіраюць яркіх, эпатажных персон, каб адну партыю адрознівалі ад іншай. Я думаю, што, калі мы пяройдзем да падобнай сістэмы – змешанай або прапарцыйнай, – у нас такія фігуры з'явяцца самі сабой. Яны ёсць і цяпер, проста іх не відаць на тэлеэкране. Што да самога Парламента, у нас туды праходзяць прадстаўнікі наменклатуры. Гэта салідныя людзі, якіх немагчыма ўявіць публічнымі клоўнамі.

Я думаю, што неадназначныя паводзіны – гэта добра толькі для таго, каб пра дадзены орган казалі. Гаварыць пра тое, што такі дэпутат лепшы і разумнейшы, мы не можам, гэта толькі спосаб паводзін.

– Вы расказвалі, што ЦВК можа накіраваць сваіх назіральнікаў на выбары Прэзідэнта Расіі. Якія аспекты расійскай кампаніі можна пераняць нам напярэдадні выбараў Прэзідэнта Беларусі?

– На мой погляд, у нас усяго дастаткова для таго, каб праводзіць выбары Прэзідэнта. Больш за тое, я магу сказаць, што, калі ствараўся выбарчы кодэкс, многія яго нормы былі запазычаны з законаў Расійскай Федэрацыі. Гэта зараз яны адышлі ад нас далёка ў сувязі са зменай парламенцкай выбарчай сістэмы, партыйнымі спісамі і гэтак далей. Што ж датычыцца выбараў Прэзідэнта, то і ў нас, і ў іх – гэта цалкам мажарытарная сістэма. Трэба, каб за кандыдата прагаласавала абсалютная большасць насельніцтва. І ў іх вылучаюць грамадзян шляхам збору подпісаў, і ў нас.

У Расіі могуць быць нейкія асаблівасці, але яны звязаныя з тым, што там выбарчая сістэма забяспечваецца чыноўнікамі – людзьмі, якія робяць гэта на прафесійнай аснове. Там іншае фінансаванне і зусім іншыя маштабы дзяржавы.

Што датычыцца саміх працэдур галасавання, то ў Расіі ёсць прасунутая тэхніка па падліку бюлетэняў. Адмысловыя прылады счытваюць інфармацыю – і на працягу дзвюх хвілін падводзяцца вынікі выбараў. Усё гэта справа будучыні, па меры развіцця тэхналогій гэта паступова з'явіцца і ў нас.

– У адным са сваіх інтэрв'ю вы казалі, што вам заўсёды хочацца пакінуць пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама падчас перадвыбарчай кампаніі, а пасля – працаваць далей. Што вы адчуваеце з гэтай нагоды зараз? Ці бачыце вы для сябе годную змену?

– Пакуль пра гэта казаць рана: мой тэрмін паўнамоцтваў дзейнічае да 2021 года. Нягледзячы на тое, што я дасягнула гранічнага ўзросту знаходжання на дзяржаўнай службе, распараджэннем кіраўніка дзяржавы мне дазволена працаваць да заканчэння тэрміну маіх паўнамоцтваў на гэтай пасадзе.

Адразу магу сказаць, што ў ЦВК прымаюцца меры для выхавання годнай змены. Гэта была мая ініцыятыва, каб пры вылучэнні новых членаў камісіі кожны рэгіён прадставіў кандыдатуру ў склад у рангу начальніка альбо намесніка начальніка ўпраўлення юстыцыі канкрэтнай вобласці. І Мінск, і ўсе вобласці – акрамя Віцебскай – прадставілі такіх людзей. Што можа быць лепш? Гэта маладыя кваліфікаваныя юрысты, якія ўвайшлі ў палітычнае асяроддзе, ездзяць на канферэнцыі і выбары, маюць зносіны з калегамі. Гэта будучыя кандыдатуры на пасаду старшыні Цэнтрвыбаркама.

У нас новы сакратар Цэнтральнай камісіі, якая таксама прыйшла з упраўлення юстыцыі. Я думаю, што яна таксама зможа замяніць мяне, калі прывыкне да ўвагі прэсы.

Я лічу, што заўсёды павінна быць замена, хоць на гэта месца, як правіла, трапляюць цалкам выпадковыя людзі. У асноўным – з іншага асяроддзя: напрыклад, былы дэпутат, чалавек з навукі, былы суддзя.

Галоўнае, што ёсць апарат, здольны працаваць на любога старшыню. Неабходна яго не разбурыць: у нас творчая атмасфера, наш самы малады супрацоўнік 24 гадоў можа лёгка зайсці да мяне ў кабінет і на роўных абмяркоўваць любое пытанне. Гэта і ёсць тое асяроддзе, у якім нараджаецца ісціна.

Ці хачу я зараз сысці? Ведаеце, пакуль у мяне не было падстаў для засмучэння ў гэтай выбарчай кампаніі. Спадзяюся, што яны і не з'явяцца.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 16 лютага 2018 г.
(фота 
– «СБ»)