/ / Общественно-политические
02.02.2018

Які клімат прыдатны для інвестара? Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падрыхтавалі законапраект аб унясенні змяненняў у Закон «Аб інвестыцыях»

У апошнія гады інвестыцыі ў беларускую эканоміку, як замежныя, так і ўнутраныя, крыху запаволіліся. Як падысці да гэтай праблемы парламентарыям? Зразумела ж, адаптаваць пэўныя законы да патрэб дня. Так, Пастаянная камісія па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прапанавала ўнесці змены ў Закон «Аб інвестыцыях». Законапраект быў падрыхтаваны і ўнесены дэпутатамі Аляксеем Сокалам і Уладзіславам Шчэпавым.

Уладзіслаў Шчэпаў, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі

На думку старшыні Камісіі Уладзіслава ШЧЭПАВА, праблема прыцягнення інвестыцый для Беларусі вельмі актуальная. «У сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 21 красавіка 2017 года кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на сённяшні дзень наша жыццёвая неабходнасць – гэта нарошчванне экспарту і прыцягненне інвестыцый. Замежныя інвестыцыі – рэальны прыток недаўгавога знешняга фінансавання, які мог бы быць накіраваны на стварэнне новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў для зніжэння напружанасці на рынку працы, скарачэння беспрацоўя і павелічэння занятых у эканоміцы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама ў сваім выступленні, што для прыцягнення інвестыцый неабходна мяняць стаўленне да інвестараў», – нагадаў дэпутат.

Адным з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка з'яўляецца прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.

На 2017 год было запланавана 1,4 млрд долараў. Па стане на студзень-верасень прыцягнута каля 900 млн долараў. «І такія запланаваныя і фактычны аб'ёмы інвестыцый для эканомікі Рэспублікі Беларусь недастатковыя», – упэўнены парламентарый. Пры гэтым у структуры крыніц інвестыцый больш за 90 % займаюць уласныя крыніцы фінансавання, а таксама крэдытныя рэсурсы, а не прамыя (у тым ліку замежныя) інвестыцыі. Па аб'ёме назапашаных прамых замежных інвестыцый на душу насельніцтва за 20 гадоў Беларусь больш чым у пяць разоў адстае ад Еўрапейскага саюза і больш чым у два разы – ад Казахстана.

Фактарамі, якія ўплываюць на аб'ёмы інвестыцый, з'яўляюцца іх прыбытковасць і рызыкоўнасць, агульны інвестыцыйны клімат. На паляпшэнне апошняга і накіраваны прапанаваны законапраект аб інвестыцыях.

«Законапраектам прапануецца дапоўніць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях» артыкулам 12. Ён вызначае ўмовы кампенсацыі кошту маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або якая ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, на аснове аналагічных нормаў, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь. Дзейны закон замацоўвае, што маёмасць, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, не можа быць бязвыплатна нацыяналізавана або рэквізавана. Аднак у ім не раскрываюцца крытэрыі і ўмовы такой кампенсацыі», – тлумачыць старшыня камісіі.

Разам з тым большасць міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый, заключаных з іншымі дзяржавамі, змяшчаюць нормы, якія прадугледжваюць выплату інвестару адэкватнай і эфектыўнай кампенсацыі ў выпадку нацыяналізацыі, экспрапрыяцыі або прымянення іншых мер, дзеянне якіх непасрэдна ці ўскосна эквівалентна нацыяналізацыі або экспрапрыяцыі, а таксама вызначаюць крытэрыі такой кампенсацыі.

Таму было прапанавана ўвесці ўніверсальную норму для любых інвестараў, незалежна ад краіны паходжання інвестыцый і наяўнасці двух- або шматбаковых дагавораў. Акрамя таго, у цэлым шэрагу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый прадугледжваецца магчымасць узаемнай адмовы дзяржаў, якія іх заключылі, ад імунітэту ў дачыненні да спрэчак з прыватнымі асобамі іншай дзяржавы.

Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь сведчыць аб тым, што пытанні, звязаныя з формамі адмовы дзяржавы ад імунітэту, урэгуляваны толькі часткова. У той жа час наяўнасць у нацыянальным інвестыцыйным заканадаўстве палажэнняў аб магчымасці адмовы дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту заклікана павысіць інвестыцыйную прывабнасць краіны.

У сувязі з гэтым праектам прапануецца ўключыць у закон аб інвестыцыях норму аб магчымасці замацавання ў дагаворах з інвестарамі адмовы дзяржавы ад юрысдыкцыйнага імунітэту ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Але гаворка ідзе не пра безумоўную аўтаматычную адмову ад імунітэту. У кожным канкрэтным выпадку пры заключэнні канкрэтнага дагавора інвестар можа прапанаваць унесці ў дагавор такую норму, а дзяржава ў асобе адпаведных органаў можа, але не абавязана пагадзіцца з такой прапановай інвестара.

Але Уладзіслаў Шчэпаў лічыць, што гэтых мер недастаткова. Неабходна і надалей уносіць прапановы па паляпшэнні інвестыцыйнага заканадаўства.

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда», 2 лютага 2018 г.
(фота - 
«Звязда»)