/ / Общественно-политические
12.12.2018

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе? Парады ад спецыялістаў

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі. 30 лістапада ў Добрушскім раёне два браты ўзялі санкі і пайшлі пакатацца на раку Іпуць. У нейкі момант лёд хруснуў – і абодва малыя апынуліся ў ледзяной вадзе.

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе? Парады ад спецыялістаў

– Адзін з братоў праваліўся непадалёк ад берага, здолеў выкараскацца сам і пабег дадому клікаць на дапамогу бацьку, дом стаяў зусім непадалёк ад ракі, – гаворыць вядучы спецыяліст рэспубліканскага Савета Таварыства ратавання на водах Алег БАРАЗНА. – Бацька палез ратаваць сына, і ледзь не патануў сам. Цячэнне ракі там даволі моцнае і яно панесла падлетка ад таго месца, дзе ён праваліўся.

Вадалазы шукалі яго цела амаль тыдзень. Справа ў тым, што з-за пераменлівага надвор’я ў вадзе ўтварыўся густы шарош – нетрывалыя кавалкі лёду. І вадалазам даводзілася разграбаць гэта ўсё ўручную ва ўмовах амаль нулявой бачнасці.

Яшчэ дзве трагедыі звязаны з рыбакамі. Па першым лёдзе рыба клюе, як вядома, вельмі добра. Непадалёк ад вёскі Мохаў Лоеўскага раёна мужчына паставіў сетку. А калі паплыў яе правяраць на лодцы, то перакуліўся і патануў. Яшчэ адзін рыбак праваліўся пад лёд у Мсціслаўскім раёне – на жаль, выбрацца назад ён таксама не паспеў.

А ў Жлобінскім раёне ў мінулую нядзелю ў меліярацыйны канал на хуткасці вылецеў легкавік. Ён перавярнуўся ў паветры і сваім дахам праламаў лёд. Калі ратавальнікі дасталі машыну з вады, то знайшлі ў ёй два целы – 37-гадовага кіроўцы і яго 59-гадовай маці.

– У першыя дні снежня на стаячых вадаёмах таўшчыня лёду дасягала 10 сантыметраў, – гаворыць Алег Баразна. — Як быццам бы і бяспечна – кропкай адліку лічыцца паказчык у сем сантыметраў, праўда, ён справядлівы тады, калі на лёд выходзіць адзін чалавек. Калі ж людзей некалькі, то лёд мусіць нарасці да 12 сантыметраў. Разам з тым маразам папярэднічала вельмі пераменлівае надвор’е. Адмоўныя тэмпературы ўначы змяняліся дадатнымі ўдзень. Лядок, які ледзь-ледзь сфарміраваўся, пачынае раставаць. Вады падбаўляюць дожджыкі і мокры снег. Наступнай ноччу яго зноў накрывае невялікім марозам. І вось так замест суцэльнай структуры покрыва ўтвараецца порыстая. Візуальна здаецца, што лёд набраў істотную таўшчыню. Хоць рэальны слой яго там складае ад сілы пару-тройку сантыметраў, якія, вядома, чалавека не ўтрымаюць. Менавіта таму выканкамы адзін за адным выдавалі напрыканцы лістапада забароны выхаду на лёд.

За які час фарміруецца бяспечнае покрыва?

– Гэта залежыць ад спецыфікі вадаёма. Ідэальныя ўмовы – стаячае возера, дзе адсутнічае цячэнне, няма ніякіх падземных крыніц і скідаў адпрацаванай цёплай вады. Кожны з пералічаных фактараў толькі запавольвае фарміраванне трывалага лёду. Ды і тое, трэба, каб на працягу як мінімум тыдня і начная, і дзённая тэмпературы былі ўвесь час адмоўнымі. Вось тады і сфарміруецца трывалы лёд. Ён мае белы або крыху блакітны колер. Уся астатняя гама – шэры, бледны, брудны – кажа пра тое, што покрыва разбураецца і вельмі небяспечнае.

Раней мы рэгістравалі шмат выпадкаў, як людзі правальваліся пад лёд, калі зразалі дарогу па замёрзлым вадаёме, каб не наразаць кіламетры да найбліжэйшага моста. Асабліва гэта датычылася сельскай мясцовасці. Апошнім часам гэтая праблема стаіць ужо не так востра.

Што рабіць, калі чалавек праваліўся пад лёд?

– Тэмпература падлёднай вады складае прыкладна 3-5 градусаў вышэй за нуль. У залежнасці ад масы цела і фізічнай падрыхтаванасці ў небаракі ёсць не больш за пяць хвілін да таго моманту, калі ён проста не здолее рухацца. Мышцы здранцвеюць, чалавек атрымае агульнае пераахалоджанне – і пойдзе ўніз. Дзіця, якое важыць менш за дарослага, замерзне куды хутчэй.

Менавіта таму перад выхадам на лёд трэба надзець ратавальную камізэльку. Нават калі вы праваліцеся пад лёд, то яна будзе падтрымліваць вас на паверхні вады, каб выбрацца. Таксама вельмі пажадана мець пры сабе спецыяльныя лядовыя штыры. Іх нават можна не шукаць у краме, а змайстраваць самому – увагнаць цвік у доўгую драўляную ручку. З дапамогай гэтага імправізаванага альпенштока можна падцягнуцца на паверхню лёду з палонкі. Таксама нядрэнна мець пры сабе лінь. Таму трэба выходзіць на лёд мінімум удваіх.

З чалавекам, які праваліўся, нельга ўваходзіць у прамы кантакт. Той, хто знаходзіцца ў палонцы, будзе чапляцца за любую магчымасць выратавацца дзякуючы інстынкту самазахавання. І з высокай доляй верагоднасці пацягне ратавальніка ўслед за сабой у палонку. Таму трэба працягнуць яму доўгі кій, вяроўку, падыдзе нават верхняя вопратка, скручаная ў жгут. Набліжацца да палонкі трэба толькі паўзком – калі чалавек праваліўся, значыць, лёд там крохкі і трэба змяншаць на яго ціск. Не саромцеся клікаць на дапамогу іншых людзей. Пасля таго як выцягнулі чалавека з вады – выклічце хуткую дапамогу і паспрабуйце яго сагрэць.

Некалькі гадоў таму Таварыства ратавання на водах падрыхтавала законапраект. Ён прадугледжваў магчымасць штрафу за выхад на неакрэплы лёд. Але...

– Як мы ні спрабавалі даказаць, што гэта скіравана не на тое, каб пакараць, а каб папярэдзіць, – пакуль што закон так і застаецца ў выглядзе праекта, – гаворыць Алег Баразна. – Будзем спадзявацца, што гэтая справа ўсё-такі зрушыцца з мёртвага пункту...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 12 снежня 2018 г.