/ / Общественно-политические
07.12.2018

Які можна адкрыць бізнес на грошы ад цэнтра занятасці

Каб распачаць сваю справу, патрэбны стартавы капітал. Адзін з варыянтаў атрымаць грошы – звярнуцца ў службу занятасці па субсідыю. Для тых, хто збіраецца весці бізнес у сельскай мясцовасці, матэрыяльная дапамога складае 15 бюджэтаў пражытковага мінімуму (3,2 тысячы рублёў). На што хапае гэтых грошай?

Старт

«Шукала работу і ў Брэсце, і ў Мінску»

Софія КАМЯНОЎСКАЯ з вёскі Першамайская (Бярозаўскі раён) усё жыццё займалася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча, доўгі час была кіраўніком гуртка ў дзіцячым эстэтычным цэнтры. А потым кардынальна змяніла работу – стала прыёмнай маці для дзвюх дзяўчынак. Калі ж праз пяць гадоў жанчына захацела вярнуцца ў творчасць, знайсці падыходзячую вакансію аказалася цяжка.

– Я шукала работу не толькі ў Бярозе, але і ў Брэсце, і ў Мінску. Але аддаваць увесь заробак за здымнае жыллё не варыянт. Прыйшла тады ў службу занятасці, расказала, што магу рабіць. Мяне адправілі на курсы па прадпрымальніцтве – вучыцца, як весці сваю справу.

Софія зарэгістравалася рамеснікам: вырашыла вырабляць святочныя аксесуары і сувеніры. Напрыклад, абрусы на стол для маладзёнаў, упрыгожаныя бутэлькі і келіхі. За субсідыю яна закупіла абсталяванне: добрую швейную машынку для вышыўкі, прас-гідраадпарвальнік, прыбор для выпальвання з рознымі насадкамі. Набыла таксама палатку, каб рэалізоўваць вырабы на выстаўках.

– Субсідыя – гэта добры штуршок, – лічыць жанчына, якая вось ужо тры гады працуе на сябе. – Нават тыя ж нажніцы для тканіны каштуюць дорага – беспрацоўны сабе такога не дазволіць.

Свае сувеніры Софія рэкламуе на кірмашах і ў інтэрнэце. Кажа, як толькі размясціла фота вырабаў, адразу пасыпаліся заказы.

Жанчына раіць: важна знайсці добрых пастаўшчыкоў матэрыялу. З некаторымі крамамі яна заключыла кантракт на пяць гадоў і атрымлівае 15-працэнтную зніжку на тканіны.

Кліенты Софіі ў асноўным з Бярозы. Рамесніца заўважае, што справа гэта прыбытковая: з аднаго заказу і 300 рублёў можна зарабіць. «З голаду дакладна на памрэш», – жартуе.

«Рабіў стаўку на бюджэтны варыянт – і памыліўся»

– Мяне заўсёды цягнула да прыватнага бізнесу. «Свабоднае плаванне» практыкаваў яшчэ ў пачатку 1990-х. Як і ўсе, працаваў па схеме «купі-прадай». Замежжа, авантуры, – успамінае Сцяпан БУЛЬКЕВІЧ.

Гадоў 10 таму яму дастаўся дом у вёсцы Куроўшчына Бярозаўскага раёна. Мужчына пакрысе стаў яго аднаўляць – марыў адкрыць аграсядзібу. Усё адцягваў: ну, можа ў наступным годзе. Паралельна ён працаваў механікам у Бярозе. Але прадпрыемства абанкруцілася, і Сцяпан падумаў, што самы час рэалізаваць даўнюю мару.

– Калі б ведаў, колькі гэта каштуе, напэўна, не пачынаў бы. Субсідыя пакрыла толькі маленькую частку расходаў, – прызнаецца. За грошы, выдзеленыя службай занятасці, мужчына купіў у гасцявы дом пральную машыну, тэлевізар, стол для настольнага тэніса.

Прадпрымальнік меркаваў, што сядзіба ў такім месцы абавязкова будзе карыстацца попытам: вакол – сажалкі, вадасховішча Сялец. Назбіраў для антуражу старадаўняга сялянскага начыння, падрыхтаваўся частаваць гасцей хатнім малінавым віном.

– Увесь разлік быў на рыбакоў і паляўнічых, якія ў гэту зону любяць прыязджаць. І тут не так ужо шмат месцаў, каб спыніцца. Я рабіў стаўку на бюджэтны варыянт. Аказалася, памыліўся. Бюджэтнікі аддаюць перавагу начоўцы ў палатках ці ў машынах, – дзеліцца вопытам суразмоўнік.

Правёўшы работу над памылкамі, на наступны сезон Сцяпан хоча актыўней заняцца рэкламай: кліентаў было не так шмат, як разлічваў. Шалёнага прыбытку ад агратурызму прадпрымальнік не чакае. «Я не збіраюся быць мільянерам. Мне б сярэдні заробак мець, і буду задаволены».

«З закупкамі лесу цяжка»

Летам мінулага года Вольга ШЫДЛОЎСКАЯ разам з мужам запусціла ўласны бізнес – нарыхтоўку і продаж дроў. Для жанчыны, у дыпломе якой запісана «цырульнік», варыянт нечаканы. Але Вольга ўдакладняе: па спецыяльнасці так і не працавала, была сацыяльным работнікам. Яна жыве ў маленькай вёсцы Камарнікі Маладзечанскага раёна, дзе ўсяго пяць дамоў. Крамы, дзіцячы садок – у суседняй вёсцы за паўтара кіламетра. Сюды заязджае толькі аўтакрама.

– Мая вёска знаходзіцца ў лесе, з дзецьмі на работу не выбрацца. Садок працуе з васьмі раніцы: пакуль малога завязеш, ужо нікуды не паспееш. Вось і вырашылі з мужам сямейны бізнес распачаць, – апісвае жанчына сітуацыю.

Муж Вольгі адвучыўся на спецыяліста па дрэваапрацоўцы. Працаваў трактарыстам, а ў вольны час падзарабляў у аднаго мужчыны, дзе калоў дровы. Сям’я і падумала: чаму б не займацца тым жа, але для сябе? І аформіла ІП.

– Разабрацца з дакументацыяй, каб зарэгістравацца і пачаць дзейнасць, сапраўды складана, – расказвае Вольга. – Давялося нават звяртацца па кансультацыю да бухгалтара. Вельмі шмат валакіты, папер.

Атрыманай субсідыі хапіла на прафесійную бензапілу, дрывакол, расходнікі. Частку інструментаў куплялі на грошы з сямейнай скарбонкі.

Каб прасоўваць свае паслугі, наваспечаныя прадпрымальнікі клеілі аб'явы на слупах, размяшчалі рэкламу ў інтэрнэце. Але лепш за ўсё спрацавала «сарафаннае радыё».

– Праз тры месяцы мы сталі на ногі. Нядаўна купілі трактар – летам на яго зарабілі, – расказвае Вольга пра поспехі.

Работа па нарыхтоўцы дроў сезонная, найбольш загружаны перыяд – лета і восень. «У жніўні-верасні, калі б давалі дровы, мы б суткамі іх вазілі. Але з закупкамі цяжка, – звяртае Вольга ўвагу на праблему. – Часам дроў не дапрасіцца – аднойчы паўтара месяца чакалі. Чаму так? Напэўна, на нас, як на дробных «іпэшнікаў», не звяртаюць увагі, лясгасам больш выгадна працаваць з аптавікамі».

Нечаканымі для вясковых прадпрымальнікаў сталі і высокія закупачныя цэны. Жанчына прыводзіць лічбы: калі фізічным асобам шэсць кубоў дроў з умовай самавывазу адпускаюць за 60 рублёў, то арганізацыі – за 140.

– Уявіце, па якой цане тады я магу іх прадаць. Для мясцовых жыхароў гэта вельмі дорага. У Маладзечне паміж нарыхтоўшчыкамі лесу моцная канкурэнцыя, плюс нелегальных гандляроў хапае. Таму мы больш арыентуемся на Ратамку, Заслаўе – там людзей не бянтэжаць нашы цэны. За год ужо нават пастаянных кліентаў напрацавалі.

Грошы вяртаць не трэба – пры пэўных умовах

За дзевяць месяцаў бягучага года субсідыі на адкрыццё сваёй справы атрымалі 1318 чалавек, з іх у сельскай мясцовасці – 248 (18,8 %). Асноўная дзейнасць, якую абіралі прадпрымальнікі, – аказанне транспартных, цырульніцкіх паслуг, будаўніча-аддзелачныя работы, абслугоўванне аўтамабіляў, пашыў і рамонт адзення, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.

На працягу трох месяцаў беспрацоўны мусіць даць справаздачу, на што ён патраціў выдзеленую яму матэрыяльную дапамогу, а таксама год займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Інакш грошы давядзецца вярнуць. Субсідыя паўторна не выдаецца.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адзначаюць добрую тэндэнцыю: прадпрымальнікі-пачаткоўцы сталі больш «падкаванымі». Калі летась з тых, хто атрымаў сродкі на адкрыццё сваёй справы, на курсах па прадпрымальніцтве (служба занятасці арганізуе іх бясплатна) навучаліся 53,2 %, то сёлета – 61,3 %.

Што цікава, з увядзеннем паслабленняў для бізнесу, прапісаных у Дэкрэце № 7, колькасць зваротаў па субсідыі крыху скарацілася. У міністэрстве тлумачаць: пашырыўся пералік дзейнасці, якой можна займацца без рэгістрацыі ІП, і многія сталі гэтым карыстацца. А грашовая дапамога ад службы занятасці на такіх умовах не выдаецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда», 7 снежня 2018 г.