/ / Общественно-политические
06.12.2018

Сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый пашырана

Спецыялісты сістэмы ЖКГ расказалі, хто можа прэтэндаваць на частковую аплату жыллёва-камунальных паслуг.

Калькулятор

Па словах намесніка начальніка жыллёва-камунальнага аддзела філіяла «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр Мінска» Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Ганны Бельскай, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі № 225, права на безнаяўныя жыллёвыя субсідыі атрымалі па выяўляльным прынцыпе мамы (альбо іншыя асобы), якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў і якім выплачваюць адпаведныя дапамогі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Таксама грамадзяне, якія атрымліваюць дапамогу па доглядзе за інвалідам І групы або пажылым пасля васьмідзесяцігадовага ўзросту.

Субсідыя гэтым людзям будзе выдзяляцца на падставе баз даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ніякіх даведак і дакументаў збіраць не трэба.

Акрамя таго, па заяўляльным прынцыпе звяртацца па субсідыю змогуць грамадзяне або сем’і, якія не маюць уласнага жылля і пражываюць на здымных кватэрах альбо ў інтэрнаце прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Асноўная ўмова, як і раней, – штомесячная сума платы за жыллёва-камунальныя паслугі пры нарматыўным іх спажыванні не павінна перавышаць 20 % сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і ў горадзе і 15 % – на вёсцы.

Па выяўляльным прынцыпе субсідыі будуць выдзяляцца на квартал. Затым яны могуць аўтаматычна аднаўляцца. Па заяўляльным прынцыпе жыллёвыя субсідыі выдзяляюцца на паўгода. Па заканчэнні 6 месяцаў чалавек (сям'я) зноў можа звярнуцца па такую форму сацыяльнай падтрымкі.

Тым, хто разлічвае на яе атрыманне, неабходна прадставіць пакет дакументаў, які ўключае заяву, пашпарт, дакументы, што пацвярджаюць даходы ўласніка жылля і членаў сям’і за 6 месяцаў (даведка аб зарплаце, дапамогах, даходах ад прадпрымальніцкай дзейнасці і інш.); працоўную кніжку; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (для тых, у каго ёсць дзеці да 18 гадоў); пасведчанне аб заключэнні (або скасаванні) шлюбу; пенсійнае пасведчанне або пасведчанне інваліда (калі ў сям’і ўласніка ёсць пенсіянеры або інваліды).

Па звестках Міністэрства ЖКГ, за 10 месяцаў гэтага года безнаяўная жыллёвая субсідыя выдзелена 29 745 хатнім гаспадаркам на суму больш за 865 тысяч рублёў.

Начальнік службы субсідавання філіяла «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр Мінска» Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама Таццяна Осікава нагадала пра некаторыя нюансы. У прыватнасці, пра тое, што субсідуюцца толькі асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі ў межах нарматываў спажывання, якія былі ўстаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 30 верасня 2016 года № 789. Так, па тэхабслугоўванні ўлічваецца наступная норма: 20 кв. м на аднаго зарэгістраванага чалавека ў кватэры плюс 10 кв. м на сям»ю. Калі, напрыклад, у кватэры плошчай 54 кв. м пражываюць два чалавекі, у разлік будуць прымацца толькі 50 кв. м. Па водазабеспячэнні ўстаноўлена норма ў 140 л у суткі на чалавека. Усё, што было выкарыстана звыш нормы, прыйдзецца аплачваць самастойна і ў поўным аб'ёме. Не распаўсюджваецца субсідыя і на аплату дадатковых відаў жыллёва-камунальных паслуг, тых, ад якіх чалавек можа адмовіцца, напрыклад відэаназірання.

Атрымаць субсідыю могуць сем’і ці адзінокія грамадзяне, чые выдаткі на аплату жыллёва-камунальных паслуг перавышаюць 20 % ад сукупнага даходу ў горадзе і 15 % – у вёсцы.

Таццяна Осікава адзначыла, што ў сувязі з апошнімі зменамі ў заканадаўстве павялічылася колькасць атрымальнікаў субсідыі па выяўляльным прынцыпе і паменшылася – па заяўляльным.

Хто не атрымае субсідыю

З 1 студзеня 2019 года субсідыі не будуць выдзяляцца грамадзянам, якія ўнесены ў спісы працаздольных, але не занятыя ў эканоміцы і пры гэтым не стаяць на ўліку ў службе занятасці як беспрацоўныя. Аднак члены сям’і, якія пражываюць сумесна з імі, маюць права на атрыманне субсідый.

Калі ў чалавека няма ніякага даходу (нагадаем, што ў якасці даходу, акрамя заробку, разглядаецца стыпендыя, пенсія, дапамога па беспрацоўі – як самога грамадзяніна, так і членаў сям’і, якія пражываюць з ім), матдапамога таксама не налічаецца.

Не атрымаюць субсідыю і сем'і, у якіх дзве і больш кватэры, зарэгістраваныя фірмы ў згаданым памяшканні, здаюцца пакоі ўнаём. Адмовіць могуць і з прычыны непрадастаўлення неабходнага пакета дакументаў, а таксама ў сувязі з тым, што сума платы за жыллёва-камунальныя паслугі не дасягае 20 % сярэднямесячнага сукупнага даходу.

Святлана Бусько, «Звязда», 6 снежня 2018 г.