/ / Общественно-политические
29.08.2018

УДАІ МУС робіць усё магчымае, каб зберагчы дзяцей ад бяды. Як правіла, у гэты час небяспека звязана з дарожным рухам

Хутка пачнецца новы навучальны год. Завяршаюцца школьныя канікулы, дзеці збіраюцца садзіцца за школьныя парты. Многія вяртаюцца ў горад з вёсак ці лагераў адпачынку. Як правіла, у гэты час небяспека звязана з дарожным рухам. Увага яшчэ «летняя», рассеяная. А вакол – інтэнсіўны рух, аўтамабілі, святлафоры, пешаходныя пераходы, і ўсюды трэба захоўваць максімальную асцярожнасць.

Ребенок в машине

Паводле слоў Ганны Банадык, старшага інспектара па асобых даручэннях УДАІ МУС, робіцца ўсё магчымае, каб зберагчы дзяцей ад бяды. Перш за ўсё, у летні перыяд супрацоўнікі органаў унутраных спраў правялі велізарную колькасць розных прафілактычных мерапрыемстваў у аздараўленчых і школьных лагерах. Ажыццяўляўся традыцыйны маніторынг дарожнай сеткі, гэта значыць, праводзілася абследаванне дарог і вуліц, прылеглых да ўстаноў адукацыі, правяраўся стан праезнай часткі, тратуараў, пешаходных дарожак.

Не пакінуты без увагі арганізацыі, якія займаюцца падвозам школьнікаў да навучальных устаноў. Правяраецца тэхнічны стан транспартных сродкаў, інструктажы кіроўцаў, абследуюцца маршруты, а таксама прымаюцца меры засцярогі, якія забяспечваюць надзейнасць падобных перавозак.

У пачатку навучальнага года, з 25 жніўня да 5 верасня, праводзіцца рэспубліканскае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!». Інспектары ДАІ і іншыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў аб'ядноўваюць свае намаганні для правядзення прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў як сярод дзяцей, так і сярод дарослых, у першую чаргу, кіроўцаў. Рух у гэтыя дні павінен ажыццяўляцца з уключаным бліжнім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі, калі такія маюцца.

З 1 да 7 верасня ва ўсіх навучальных установах будзе праведзены тыдзень бяспекі дарожнага руху. Супрацоўнікі міліцыі разам з педагогамі прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных новаму навучальнаму году, правядуць з дзецьмі класныя гадзіны, раскажуць, як засцерагчы сябе па-за сценамі школы і дома.

Таксама з 1 верасня для забеспячэння бяспекі маленькіх пешаходаў паблізу школ будзе арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў міліцыі. Гэтыя пасты будуць выстаўляцца перад пачаткам заняткаў і пасля для таго, каб аказваць дапамогу дзецям пры пераходзе праезнай часткі, і, вядома, для таго, каб сачыць за парадкам. Многія бацькі падвозяць дзяцей на аўтамабілях і забіраюць іх, і тут важна быць вытрыманымі і ўзаемакультурнымі.

Кожнай школе выдаюцца пашпарты бяспекі, у якіх захоўваецца ўся інфармацыя па арганізацыі і навучанні дзяцей правільным паводзінам. Абнаўляюцца куткі бяспекі, падрыхтаваны будуць аўтагарадкі – усяму гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага, усё гэта з 1 верасня будзе выкарыстоўвацца ў поўную сілу.

З пачатку года на дарогах краіны загінулі 17 дзяцей. З іх 13 – гэта дзеці-пасажыры. 250 непаўналетніх атрымалі калецтвы. Нягледзячы на жорсткі кантроль з боку супрацоўнікаў ДАІ, кожны трэці непаўналетні перавозіцца з парушэннем правілаў дарожнай бяспекі. Адсюль і гэтыя лічбы.

І зноў тут у першую чаргу трэба заклікаць да адказнасці дарослых. Хтосьці пасадзіў дзіця ў дзіцячае крэсла, але забыўся прышпіліць рамянём маленькага пасажыра. Некаторыя перавозяць дзяцей, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, на матацыкле або мапедзе. Іншы ігнараваў хуткасны рэжым ці сеў за руль у нецвярозым стане. Увогуле, звычайнае парушэнне правілаў прыводзіць да аварыі, гібелі і траўмаў не толькі кіроўцу, але і таго, хто даверыў яму сваё жыццё, у гэтым выпадку дзіцяці. У сувязі з чым хочацца лішні раз заклікаць да пільнасці і падвышанай асцярожнасці тых, хто кіруе транспартным сродкам. Варта памятаць, што дарога не даруе нядбайнасці. Тым больш цяпер, калі рух асабліва інтэнсіўны.

І яшчэ, што датычыцца дзяцей, канікулаў і навучальнага года. Як расказаў Леанід Ломаць, намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце ДУ «РНПЦ траўматалогіі і артапедыі», існуе такое паняцце, як «трэба ўсё паспець». Іншымі словамі, дзеці, асабліва падлеткі, выявіўшы, што адпачынак скончыўся, а яшчэ многае не зроблена, спрабуюць за тыя дні, што засталіся да вучобы, а то і гадзіны, нагнаць упушчанае. Гэта выліваецца ў гіперактыўныя паводзіны, часам з ужываннем алкаголю. У такія моманты дзеці амаль не кантралююць сябе. А паколькі ўсё наша жыццё так ці інакш праходзіць каля дарог, то ў перыяд «трэба ўсё паспець» мнагакратна ўзмацняецца верагоднасць дарожнага здарэння. Тут ступень адказнасці ўскладаецца не толькі на юных парушальнікаў, але і на іх бацькоў, паколькі менавіта яны павінны сачыць за станам сваіх дзяцей і своечасова папярэджваць магчымыя эксцэсы.

Сяргей КУЛАКОЎ, «Звязда», 29 жніўня 2018 г.