/ / Общественно-политические
03.08.2018

Асаблівасці нараджэння: Рыхтуецца карэкціроўка закона «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях»

Названы закон працуе з 2012 года, а метады медыцынскай дапамогі, пры якіх зачацце і (або) пачатак развіцця эмбрыёнаў адбываецца ў лабараторных умовах, выкарыстоўваюцца ў нашай краіне з 1995-га. За гэты час у Беларусі нарадзілася больш за 20 тысяч дзяцей, зачатых з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналогій.

Репродуктивные технологии

Пакінуць шанц

Шэсць гадоў прымянення закона на практыцы дапамаглі выявіць шэраг неабходных карэкціровак. Адна з іх датычыцца павелічэння ўзроставага парога донараў палавых клетак. Максімальны ўзрост донараў сперматазоідаў прапануецца павялічыць з 40 да 50 гадоў. У адносінах да донараў яйцаклетак узрост павялічваецца толькі для сваякоў пацыенткі – да 49 гадоў уключна.

«Прапанова аб павелічэнні ўзроставага парога донара сперматазоідаў паступіла ад вучоных-генетыкаў, згодна з данымі якіх да 50 гадоў узрост донара сперматазоідаў ніяк не ўплывае на магчымасць паспяховага зачацця, – растлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў. – Акрамя таго, у гэтым пытанні ўлічваліся і міжнародныя падыходы».

Карэкціроўка выключае норму аб максімальным тэрміне захавання донарскіх палавых клетак. Дзейны закон дапаўняецца палажэннем аб кантролі за выкарыстаннем донарскіх палавых клетак, якія атрыманы з рэгістраў (банкаў, баз) донараў замежных дзяржаў, і аб міжнародным супрацоўніцтве ў гэтай сферы.

Адна з прапанаваных законапраектам нормаў датычыцца замацавання права жанчыны на замарозку сваіх яйцаклетак. «Калі ў мужчыны, напрыклад, выяўлены маркеры анказахворванняў або хвароба, ён мае права крыякансерваваць свой біялагічны матэрыял для наступнага выкарыстання, а жанчына не, бо атрыманне жаночых палавых клетак у адпаведнасці з заканадаўствам магчымае толькі пры наяўнасці дыягназу «бясплоднасць», – тлумачыць дырэктар медыцынскага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Цэнтр рэпрадуктыўнай медыцыны» Святлана Жукоўская, якая ўдзельнічае ў распрацоўцы карэкціровак у закон.

Гэта датычыцца і выпадкаў, калі жанчыне неабходна выдаліць яечнікі, пасля чаго немагчыма будзе атрымаць уласную яйцаклетку. Таму прапануецца даць права на захоўванне палавых клетак асобам, якія не маюць дыягназу «бясплоднасць».

Змяненні закранаюць сурагатнае мацярынства. Прапануецца павялічыць узрост сурагатнай маці да 49 гадоў уключна, калі яна з'яўляецца сваячкай пацыенткі. Дзейны закон дазваляе жанчыне быць сурагатнай маці ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў. Праект закона дазваляе сурагатнай маці таксама не быць у шлюбе, калі яна мае паўналетняе дзіця і не мае непаўналетняга. Зараз дзейнічае патрабаванне наяўнасці ў такой жанчыны мужа (для забеспячэння абароны правоў яе непаўналетняга дзіцяці ў выніку ўзнікнення праблем са здароўем падчас цяжарнасці і родаў).

Донар для незамужняй

Па ўсіх вышэйпералічаных карэкціроўках удзельнікі рабочай групы, якая працавала над законапраектам, дасягнулі кансэнсусу. Спрэчку выклікала ўдакладненне, якое датычыцца выкарыстання донарскай спермы для пераадолення бясплоднасці незамужняй жанчыны. Дзейны закон вылучае ананімных і неананімных донараў. Неананімным можа быць толькі сваяк (у адносінах да жанчыны – яе сваяк жаночага полу, у адносінах да мужчыны – яго сваяк мужчынскага полу). Аднак адзін з артыкулаў выявіў дваякае тлумачэнне, якое незамужнія жанчыны разумелі як магчымасць выкарыстоўваць палавыя клеткі сваіх сужыцеляў. У сувязі з гэтым праект закона канкрэтызуе абмежаванні: незамужнія жанчыны могуць выкарыстоўваць сперму толькі ананімных донараў.

З гэтым удакладненнем не згодныя прадстаўнікі Цэнтра дапаможнай рэпрадукцыі «Эмбрыа», якія таксама ўваходзяць у рабочую групу па распрацоўцы законапраекта. «Наяўнасць або адсутнасць шлюбу не павінна быць перашкодай для аказання медыцынскай дапамогі, – упэўнены дырэктар цэнтра Алег Цішкевіч. – На пастаноўку дыягназу «бясплоднасць» гэта не ўплывае. Калі пастаўлены дыягназ, прызначаецца лячэнне. Іншыя метады лячэння бясплоднасці не патрабуюць афіцыйнага шлюбу. Дык чаму лячэнне з дапамогай рэпрадуктыўных тэхналогій павінна патрабаваць рэгістрацыі адносін у загсе? Тое, што дактары вымушаны будуць адмовіць у медыцынскай дапамозе, калі шлюб не аформлены, у выпадку дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і не будуць адмаўляць, калі лячэнне праводзіцца іншымі метадамі, выклікае пэўныя прававыя і этычныя супярэчнасці».

Рэпрадуктолаг звяртае ўвагу на тое, што правы дзіцяці ў выпадку з дапаможнымі рэпрадуктыўнымі тэхналогіямі абароненыя больш, чым пры лячэнні бясплоднасці звычайнымі метадамі. У першым выпадку пацыенты падпісваюць інфармацыйную згоду, дзе ў тым ліку бяруць на сябе бацькоўскія правы і абавязкі. Калі жанчына не замужам і, згодна з праектам закона, пры ЭКА павінна выкарыстоўваць толькі сперму ананімнага донара, тады інфармаваную згоду падпісвае толькі ад свайго імя, і дзіця ў гэтым выпадку пазбаўляецца бацькі (па меншай меры, дакументальна).

– Аргументацыя, што адзінокая маці (якая не знаходзіцца ў шлюбе) атрымлівае дадатковую дапамогу на дзіця і «нагружае» тым самым бюджэт краіны – не вытрымлівае крытыкі, – дадае доктар. – Прыняцце папраўкі ў закон не прымусіць пары зарэгістраваць шлюб. Папраўка прымусіць іх паехаць рабіць ЭКА ў Расію або Украіну, дзе няма забаронных мер, яны вернуцца цяжарнымі і будуць атрымліваць тую ж дапамогу на дзіця. Абое рабое. А вось грошы з краіны яны вывезуць, і дзяржава недаатрымае ў бюджэт ні прамых паступленняў, ні падаткаў ад выканання платнай медыцынскай паслугі.

Кіраўнік медыцынскага цэнтра дадае, што праблемы ўзнікнуць і ў сувязі з развіццём медыцынскага турызму. Па-першае, не ва ўсіх краінах шлюб рэгіструецца ў загсе. І далёка не заўсёды можна даведацца, ці знаходзяцца замежныя грамадзяне ў афіцыйным шлюбе. Па-другое, ёсць краіны, якія рэгіструюць шлюб для аднаполых пар. Можа атрымацца так, што беларускай гетэрасексуальнай пары, якая не зарэгістравала шлюб, айчынныя клінікі адмовяць у прымяненні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і не адмовяць гомасексуальнай пары з іншай краіны, якая аформіла адносіны.

Супрацоўнікі «Эмбрыа» прапануюць дазволіць выкарыстоўваць палавыя клеткі мужчыны і жанчыны, якія сумесна звярнуліся па выкарыстанне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій.

Праблема ў кантролі

Гэта пазіцыя не ўвайшла ў дакумент, які паступіў у Палату прадстаўнікоў. Пункт гледжання апанентаў Цішкевіча  растлумачыла Святлана Жукоўская.

– Закон «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях», у працоўную групу па стварэнні якога ў 2010–2012 гадах былі запрошаны спецыялісты нашага цэнтра, быў сапраўды неабходны нашаму грамадству, бо адносіны, якія ён рэгулюе, могуць выклікаць сур'ёзныя наступствы, як для канкрэтна ўзятай сям'і, так і для грамадства ў цэлым. Пасля прыняцця закона многія спрэчныя пытанні выкарыстання дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій былі ўрэгуляваныя, што дазволіла палегчыць работу ўрачам і забяспечыць гарантыі для пацыентаў і іх дзяцей,– падкрэсліла яна. – Дазвол жанчыне скарыстацца паслугамі неананімнага донара (напрыклад, сужыцеля) можа выклікаць не толькі сацыяльнае ўтрыманства. Галоўная небяспека ў складанасці кантролю такога донарства. Ананімны донар не мае права на атрыманне інфармацыі пра далейшае выкарыстанне яго палавых клетак, на высвятленне асоб дзіцяці, якое было зачатае з іх дапамогай, і яго бацькоў. Гэта адзін з прынцыпаў сусветнай практыкі. З мэтай арганізацыі работы па падборы ўзораў донарскіх палавых клетак і захавання ўрачэбнай тайны праводзіцца кадзіроўка і маркіроўка крыякансерваваных донарскіх палавых клетак.

З-за складанасці ўліку неананімнага донарства немагчыма кантраляваць і яго наступствы, напрыклад, імавернасць у будучым шлюбу паміж дзецьмі, якія нарадзіліся ад аднаго такога донара, дадае Святлана Жукоўская. Неананімны донар зможа шмат разоў у месяц аказваць паслугу, што будзе садзейнічаць назапашванню генетычных мутацый і ў будучыні можа нанесці шкоду здароўю нацыі. Да таго ж палавые клеткі, атрыманыя ад ананімнага донара, могуць выкарыстоўвацца толькі пасля іх крыякансервацыі і праходжання паўгадавога каранціну, што дазваляе папярэдзіць распаўсюджванне хвароб.

У выпадку са сваякамі захоўваецца таямніца нараджэння, ёсць дакладная інфармацыя пра стан здароўя донара, маюцца абмежаванні ў выкарыстанні біялагічнага матэрыялу. Да таго ж колькасць такіх праграм з-за патрабаванняў закона нязначная.

«Дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі не лечаць, з іх дапамогай мы пераадольваем бясплоднасць, – удакладняе Святлана Жукоўская. – Таму, калі ў гэтым выпадку кажуць пра адмову ў медыцынскай дапамозе, то падмяняюць паняцці. Больш за тое, закон не пазбаўляе адзінокую жанчыну магчымасці рэалізаваць свае рэпрадуктыўныя правы. Закон гэта рэгламентуе, зыходзячы з меркаванняў аховы правоў дзіцяці і выключэння інфіцыравання жанчыны і плода такімі інфекцыямі, як ВІЧ, гепатыт С і В, сіфіліс».

Дырэктар Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны нагадвае пра рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 28 снежня 2011 года, у якім адзначана, што абмежаванні, якія ўстанаўлівае закон, «апраўданыя, з'яўляюцца суразмернымі і неабходнымі для абароны такой канстытуцыйнай каштоўнасці, як здароўе чалавека, а таксама мацярынства і бацькоўства».

Вольга Мядзведзева, «Звязда», 3 жніўня 2018 г.