/ / Общественно-политические
28.04.2018

Хто адпрацаваў на забруджаных тэрыторыях, заслугоўвае асаблівай увагі – дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Напярэдадні гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС «МС» пагутарыла са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, дэпутатам ад Быхаўскай акругі № 81 (Быхаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі, Касцюковіцкі раёны) Таццянай КАНАНЧУК.

Татьяна Конончук

– Таццяна Пятроўна, вы пабывалі на сваёй малой радзіме ў апошнія выхадныя?

– Так. Я там бываю часта: падчас кожнага тыдня работы ў акрузе і ў выхадныя.

– Якая там зараз радыяцыйная абстаноўка?

– Сітуацыя пасля 1986 года змянілася істотна. За гэты час частка населеных пунктаў, дзе ўзровень забруджвання радыенуклідамі быў ад 5 да 15 кюры на квадратны кіламетр, перайшла ў пералік населеных пунктаў з узроўнем забруджвання ад 1 да 5 кюры на квадратны кіламетр. Сярод населеных пунктаў, дзе ў глебе захоўваецца досыць высокая канцэнтрацыя радыеактыўных рэчываў, застаюцца Слаўгарад, некалькі аграгарадкоў – Свенск, Гіжэнка, Рэкта, іншыя населеныя пункты.

– Як мяняецца жыццё са змяншэннем радыяцыі?

– Паляпшэнне радыеактыўнай абстаноўкі адбываецца ў выніку дзвюх рэчаў: натуральных працэсаў (пасля завяршэння перыяду паўраспаду радыеактыўных элементаў) і ў выніку захадаў з боку чалавека. У асноўным гаворка пра цэзій-137 і стронцый-90. Іх перыяд жыцця досыць доўгі – больш за 30 гадоў. На працягу пяці чарнобыльскіх праграм праводзяцца ахоўныя мерапрыемствы (вапнаванне глебы, унясенне мінеральных угнаенняў), якія накіраваныя на звязванне радыеактыўных элементаў у глебе, – для таго каб яны не траплялі ў расліны. Гэта дазволіла атрымліваць чыстую прадукцыю. За апошнія гады не было ніводнага выпадку рэгістрацыі забруджанага радыенуклідамі малака нават у прыватным сектары на тэрыторыі маёй акругі. Кароў там пасуць на апрацаваных пашах. Спецыяльныя мерапрыемствы вярнулі вялізную колькасць зямель у сельгасабарот.

Вялікай праблемай пакуль застаецца лясны фонд, дзе мерапрыемствы па абароне ад радыяцыі праводзіць больш складана і яны менш эфектыўныя.

Падчас рэалізацыі першай і другой дзяржаўных праграм па пераадольванні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС была праведзена дэзактывацыя глебы ў вялікай колькасці населеных пунктаў, асабліва каля ўстаноў сацыяльнай сферы: школ, дзіцячых садкоў, бальніц. Трэцяя і чацвёртая праграмы былі накіраваныя на рэабілітацыю забруджаных радыенуклідамі тэрыторый, на іх сацыяльна-эканамічнае развіццё.

Галоўная задача пятай праграмы, якая ажыццяўляецца зараз, – пераход на ўстойлівае развіццё гэтых тэрыторый. Мадэрнізуюцца школы, будуюцца фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры, малочнатаварныя, свінагадоўчыя комплексы. Сёння, калі недасведчаны чалавек апынецца там, то не ўбачыць ніякага адрознення ад іншых раёнаў. Там працуюць вытворчасць, сацыяльныя аб'екты, развіваецца прадпрымальніцтва. Разам з тым працягваюцца мерапрыемствы па радыяцыйнай абароне.

Сёння па ўсёй краіне на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях пражывае яшчэ каля 1,1 мільёна чалавек у 2193 населеных пунктах. Раней пражывала больш за два мільёны. У 1,7 раза зменшыліся забруджаныя плошчы.

Адзін з самых важных кірункаў, які змяшчаюць усе пяць праграм, – сацыяльная абарона, медыцынскае забеспячэнне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва. Усе людзі, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях, праходзяць абавязковую дыспансерызацыю, усім дзецям забяспечана бясплатнае аздараўленне і харчаванне ва ўстановах адукацыі. Кірункі гэтыя пастаянна ўдасканальваюцца.

Мы цяпер кажам, што вельмі важна мець у дзіцячых аздараўленчых цэнтрах сучаснае медыцынскае абсталяванне для ранняй дыягностыкі. Гэты кірунак неабходна развіваць, бо да 2056 года ў нас усё яшчэ застанецца 1051 населены пункт на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях.

Самазаспакаення ў тых, хто там пражывае, не павінна быць. Трэба кантраляваць прадукцыю. Умовы для гэтага створаны, напрыклад у школах ёсць адпаведныя цэнтры. Трэба абмяжоўваць і наведванне лясоў. Нам жыць з гэтым яшчэ не адно дзесяцігоддзе.

– У вас дазіметр ёсць?

– Не. Што датычыцца дозы выпраменьвання, то гадавы ўзровень не павінен перавышаць 1 мзв (мілізіверт). Я пражыла там усе 32 гады пасля аварыі на ЧАЭС. У красавіку 1986 года заканчвала трэці курс Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, і ўжо на чацвёртым курсе вахтавым метадам вучэбную чвэрць працавала ў родным Слаўгарадскім раёне ў школе, бо многія настаўнікі з'ехалі, настаў востры недахоп кадраў. На пятым курсе гэта ўжо было дзве чвэрці. Уся мая працоўная дзейнасць, да абрання ў Парламент, праходзіла ў гэтым раёне. А калі працавала старшынёй райсавета, то наведвала і зоны адчужэння. Заўсёды імкнулася выконваць усе санітарныя нормы і патрабаванні для таго, каб вырасціць здаровымі сваіх дзяцей.

– Праблема з кадрамі на гэтых тэрыторыях захоўваецца?

– Пра недахоп кадраў там ужо па вялікім рахунку размова не ідзе. Ёсць цякучасць: маладыя спецыялісты пасля адпрацоўкі з'язджаюць, сыходзяць у дэкрэтныя адпачынкі. Радыяцыі дагэтуль баяцца, але ж у першыя гады была паніка. У месца, адкуль людзі масава выязджаюць, складана кагосьці накіраваць. Хаця... У наш выпускны год адбываўся эксперымент па студэнцкім самакіраванні. Мы павінны былі самі размеркавацца – без удзелу дэканата. З нашага курса выпускалася 125 матэматыкаў і 50 фізікаў. І мы закрылі ўсе «чарнобыльскія» раёны. Сама паехала на сваю радзіму. Цяпер, калі працую ў акрузе, сустракаю сваіх былых аднакурснікаў, якія засталіся, стварылі сем'і, жывуць і працуюць.

Зараз няма ранейшага непрыняцця «чарнобыльскіх раёнаў». Міграцыя не адрозніваецца ад той, што адбываецца ўсюды: людзі пераязджаюць у буйнейшыя населеныя пункты.

– Якія праблемы надзённыя для гэтых рэгіёнаў?

– Праблемы, якія ўзнікаюць, становяцца больш кропкавымі. Пры далейшым уцягванні зямель, якія пацярпелі ад аварыі, у вытворчасць важна не забываць пра тое, што цэнтральная гаспадарка, скажам, можа знаходзіцца на адносна чыстай тэрыторыі, а палі, на якіх працуюць механізатары, на забруджанай. Аднак, згодна з дзеючым заканадаўствам, такой гаспадарцы ўжо не вылучаюцца сродкі для спецвопраткі. Усе гэтыя нюансы трэба прадумваць.

Сёлета плануецца паступленне ў Палату прадстаўнікоў законапраекта аб карэкціроўцы Закона аб радыяцыйнай бяспецы. Пасля яго прыняцця трэба ўносіць змены ў іншыя нарматыўныя акты. Час мяняецца. Раней радыяцыяй было забруджана 23 % тэрыторыі, цяпер – 11 %, але адзін і той жа чалавек можа працаваць і пражываць і на чыстай тэрыторыі, і на забруджанай. Напэўна, складана гэта ўлічыць, але трэба шукаць магчымасці.

Дзяржава аказала моцную дапамогу для адраджэння гэтых тэрыторый, але вялікую ролю ў гэтым сыграла само насельніцтва. Сваёй верай у родную зямлю, працай без аглядкі на незвычайныя ўмовы людзі выратавалі сваю малую радзіму. Інакш не скажаш. І сёння яны правільна падымаюць пытанне: мы прапрацавалі на забруджаных тэрыторыях 30 гадоў і хацелі б, каб пры выхадзе на пенсію гэта было нейкім чынам улічана. Такі падыход быў бы справядлівы. Пра гэта трэба сёння думаць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, «Звязда», 28 красавіка 2018 г.