/ / Общественно-политические
28.09.2017

Леанід Цупрык: Як стаць вядомым у сваёй акрузе і над чым зараз працуюць у парламенце

Як стаць вядомым у сваёй акрузе і над чым зараз працуюць у парламенце, нашаму карэспандэнту расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык.

Леанід Цупрык

– На вашу думку, ці дастаткова сёння ў мясцовых улад паўнамоцтваў і магчымасцяў, каб вырашаць задачы, якія перад імі ставяцца?

– Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні вызначана кола паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых органаў і Саветаў дэпутатаў і парадак іх узаемадзеяння. Вырашэнне сацыяльных, эканамічных, палітычных і культурных пытанняў мясцовага значэння ажыццяўляецца зыходзячы з інтарэсаў насельніцтва і асаблівасцяў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на аснове ўласнай матэрыяльна-фінансавай базы і прыцягнутых сродкаў у рамках адзінага дзяржаўнага механізма. Вялікая роля нашай дзяржавы ў рэсурснай падтрымцы раўнамернага развіцця розных адміністрацыйных тэрыторый рэспублікі.

Уласна кажучы, і заканадаўства, і формы арганізацыі мясцовага кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь нацэлены на тое, каб мясцовая ўлада працавала эфектыўна. У аснове – агульнасць прынцыпаў, наяўнасць агульных мэт дзейнасці, агульная прававая база мясцовага кіравання і самакіравання.

Вырашаючы самыя розныя задачы, кіруючыся нарматыўна-прававымі актамі, органы мясцовага кіравання і самакіравання валодаюць выключнымі ўласнымі паўнамоцтвамі па выданні неабходных кіраўніцкіх актаў, падрыхтоўцы адпаведных рашэнняў і распараджэнняў, прыцягненні неабходных кадравых і матэрыяльных рэсурсаў. Так што ў органаў мясцовага кіравання і самакіравання рэспублікі ёсць усё, каб вырашаць задачы, якія стаяць перад імі. Патрэбна эфектыўная работа кадраў, здольных у большай ступені вырашаць пытанні самаразвіцця тэрыторый.

– У якім кірунку неабходна рухацца мясцовай уладзе, каб яе дзейнасць была больш эфектыўнай?

– Калі коратка, то ў кірунку далейшага развіцця народаўладдзя, пашырэння ўдзелу грамадзян у самакіраванні, умацаванні законнасці, зацвярджэнні сацыяльнай справядлівасці і гуманізму. Усё больш узрастаюць патрабаванні да прафесіяналізму кіраўнікоў і супрацоўнікаў органаў мясцовай улады і кіравання, закліканых ажыццяўляць дзяржаўную палітыку на месцах.

Мы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, працуючы са зваротамі грамадзян, часта вымушаны выпраўляць няякасную работу адказных службовых асоб органаў мясцовага кіравання або галіновых арганізацый. У жыцці людзей няма дробязяў. Для кожнага свая праблема – найважнейшая. Працуючы ў выбарчай акрузе ў кантакце з мясцовымі Саветамі і выканкамамі, мы бачым, наколькі важна своечасова рэагаваць на звароты і аператыўна прымаць меры. Але на станоўчае вырашэнне надзённых пытанняў уплываюць два фактары: рэсурсная база і якасць работы кадраў. Таму лічу адным з найважнейшых напрамкаў развіцця мясцовай улады прымяненне ў сваёй практыцы айчынных навуковых напрацовак у сферы дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, навукоўцаў БДУ.

І мая ўласная практыка, і даследаванні навукоўцаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прыводзяць да думкі, што працэс рэфармавання органаў дзяржслужбы (а ён практычна не закрануў пярвічны ўзровень мясцовага самакіравання і ў некаторай ступені – базавы ўзровень) мэтазгодна было б дапоўніць канкрэтызацыяй мэтавых функцый і канчатковых вынікаў па кожнай пасадзе на дзяржаўнай службе. Проста наяўнасці кваліфікацыйных характарыстык і фінансавых інструментаў стымулявання дзяржслужачага сёння відавочна недастаткова. Для пачатку, напрыклад, у кантрактах работнікаў трэба вызначыць асноўныя паказчыкі вынікаў, якія неабходна забяспечваць. Трэба несці канкрэтную адказнасць. Будзе асабісты стымул – будзе лепшы агульны вынік працы.

– У наступным годзе пройдуць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Як зараз ідзе падрыхтоўка да гэтай падзеі? Як вы думаеце, ці моцна абновіцца склад дэпутацкага корпуса на мясцовым узроўні?

– Думаю, што новы склад мясцовых Саветаў будзе залежаць ад якасці кандыдатаў у дэпутаты ў выбарчых акругах і іх здольнасці належным чынам весці выбарчую кампанію. Выбары ў мясцовыя Саветы паказваюць, што людзі многіх прэтэндэнтаў вельмі добра ведаюць не толькі па словах, але і па справах. Выбар – за народам! Я, як дэпутат парламента, праводжу і буду праводзіць у сваёй выбарчай акрузе работу па растлумачэнні людзям сутнасці нашай дзяржаўнасці, яе гістарычнай і міжнароднай унікальнасці, неабходнасці яе развіваць, адстойваць і абараняць.

– Якія сёння пытанні стаяць перад камісіяй, якую вы ўзначальваеце?

– Пастаянная камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў займаецца пытаннямі заканадаўства, якія вызначаюць асновы беларускай дзяржаўнасці, функцыянавання мясцовай улады, а таксама шэрагам законапраектаў аб дзяржаўных органах, выбарчай сістэме і інш. Жыццё не стаіць на месцы. Адбываецца грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё, пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва. Натуральна, у Палаце прадстаўнікоў ідзе бесперапынны працэс заканатворчасці, каб законы адпавядалі часу. Так, у Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» з моманту яго прыняцця ў апошняй рэдакцыі ў 2010 годзе ўжо ўнесена 12 дапаўненняў і змяненняў. І зараз у камісіі прапрацоўваюцца дапаўненні і змяненні ў гэты закон у частцы канкрэтызацыі функцый выканкамаў і Саветаў пярвічнага і базавага ўзроўняў.

Развіццё інфармацыйнага грамадства, удасканаленне сродкаў камунікацый на аснове лічбавых тэхналогій стварае ўсё больш перадумоў пераходу на двухзвенавую сістэму мясцовага самакіравання. І гэтае пытанне, і прапановы па выбарчай сістэме, і іншыя грамадска-значныя тэмы мы, дэпутаты, члены камісіі, глыбока і ўсебакова вывучаем, часта запрашаючы спецыялістаў і зацікаўленых асоб. Стараемся прытрымлівацца балансу інтарэсаў пры падрыхтоўцы сваіх заключэнняў і праектаў. Але якім бы ні быў змест праектаў, што разглядаюцца, для нашай камісіі пастаянным прынцыпам з'яўляецца паўната адлюстравання ў іх волі і інтарэсаў народа.

– Часам атрымліваецца, што насельніцтва пэўнай тэрыторыі не знаёмае са сваім дэпутатам. На ваш погляд, чаму так адбываецца і якую ролю тут могуць сыграць СМІ?

– У жыцці людзей дробязяў няма. Калі ты дэпутат, то ведай праблемы людзей, унікай у іх. Даводзь любое пытанне да канчатковага рашэння. Дамагайся станоўчага выніку. І тады людзі ацэняць. І будуць ведаць цябе як чалавека, здольнага дапамагчы і абараніць. А СМІ – першы памочнік дэпутата: кожны вырашае пытанні, але сваімі сродкамі і метадамі.

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 27 верасня 2017 г.