/ / Общественно-политические и в области права
28.09.2017

Працы будзе шмат: старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі аб планах работы

Напярэдадні новага парламенцкага года старшыні пастаянных камісій Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі падзяліліся планамі работы на наступную сесію.

Уладзімір Панцюхоў

Уладзімір Панцюхоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах:

– Камісію чакае шмат працы. Мы плануем разгледзець шэраг законапраектаў: «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)», «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» і інш. Напрыклад, унясенне змен у апошні звязана з прыняццем пакета нарматыўных прававых актаў, накіраваных на лібералізацыю эканомікі, і з унясеннем змен у грамадзянскі кодэкс. Члены нашай камісіі ўжо актыўна ўключыліся ў работу, і я ўпэўнены, што так будзе і надалей.

Ірына СТАРАВОЙТАВА

Ірына Старавойтава, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

– Усяго ў рабоце ў Камісіі знаходзіцца сем законапраектаў: з іх тры ўнесена ў Палату прадстаўнікоў, чатыры прынята ў першым чытанні. Усяго падчас трэцяй сесіі плануем разгледзець тры законапраекты. Сярод іх – «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях патэнтаў на вынаходніцтвы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб фізічнай культуры і спорце» і «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах».

Савет Рэспублікі вызначаны ў якасці дзяржаўнага органа, адказнага за падрыхтоўку законапраекта «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Паспяховая і дакладная рэалізацыя нормаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» сёння разглядаецца як своеасаблівы індыкатар цывілізаванасці любога сучаснага грамадства. У цяперашні час работа над законапраектам практычна завершана. Сабраны і абагульнены прапановы зацікаўленых дзяржаўных органаў, выдавецтваў, выканаўцаў і іншых зацікаўленых. Праведзены пасяджэнні рабочай групы, пагаджальныя і рабочыя нарады. Дадзены законапраект прынцыпова не мяняе існуючыя падыходы да прававога рэгулявання ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, ён накіраваны на больш поўнае і сістэмнае прававое рэгуляванне адносін, звязаных з аховай аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў.

Сяргей Рахманаў

Сяргей Рахманаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

– У рамках трэцяй сесіі шостага склікання Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы трэба будзе разгледзець 16 законапраектаў, у тым ліку 13 ратыфікацый міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Сярод больш чым дзясятка законапраектаў – Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам». Законапраектам замацоўваецца новы тэрмін «крытычна важныя аб'екты» і даецца яго азначэнне, устанаўліваюцца меры па недапушчэнні актаў тэрарызму на названых аб'ектах. Таксама ўдакладняецца тэрмін «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (прапануецца адносіць да яе ў тым ліку збор сродкаў у мэтах праезду да месца навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці). Уводзіцца абавязак дзяржаўных органаў і арганізацый забяспечваць прыняцце мер па выкананні рэзалюцый Савета Бяспекі ААН у дачыненні да арганізацый і грамадзян, уключаных у пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, што будзе садзейнічаць выкананню Рэспублікай Беларусь міжнародных стандартаў у сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці.

Таксама камісія плануе разгледзець Закон Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны». Законапраект накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства аб абароне з улікам практыкі прымянення, удасканаленне сістэмы ваеннага планавання і прававога рэгулявання пытанняў абароны, удакладненне задач па выкарыстанні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Вераніка Пуставіт,«Звязда» ,27 верасня 2017 г.