/ / Общественно-политические и в области права
27.09.2017

Міхаіл Мясніковіч: дэпутаты мясцовых Саветаў павінны быць праваднікамі чаканняў людзей знізу наверх, сааўтарамі рашэнняў дзяржаўнага значэння

У панядзелак, 2 кастрычніка, адкрываецца чарговая сесія Нацыянальнага сходу Беларусі.

Михаил Мясникович

Якія законапраекты плануецца разгледзець на наступнай сесіі, як будзе фарміравацца бюджэт і на чым робіць акцэнт Нацыянальны сход у сваёй інфармацыйнай палітыцы? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Ад барацьбы з тэрарызмам да правоў спажыўцоў

– Зусім хутка адкрыецца чарговая сесія ў Савеце Рэспублікі і Палаце прадстаўнікоў. Што нам рыхтуе новы парламенцкі год? Якія асноўныя пытанні дзяржаўнага развіцця будуць абмяркоўвацца?

– На сёння партфель законапраектаў, якія плануюцца да разгляду ў ходзе асенняй сесіі парламента, налічвае амаль паўсотні дакументаў.

Законапраектамі прадугледжваецца ўдасканаленне адносін у сферах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, процідзеяння манапалістычнай дзейнасці і развіцця канкурэнцыі, дзяржаўных закупак, дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці, аховы праў спажыўцоў. Плануецца карэкціроўка шэрагу кодэксаў Рэспублікі Беларусь, звязаных з грамадскай бяспекай, заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам і па пытаннях абароны. Будзе аддадзена ўвага прававой базе, якая рэгулюе якасць і бяспеку харчовай сыравіны і прадуктаў харчавання, пітное водазабеспячэнне. У сацыяльнай сферы перагледжваюцца законы «Аб ветэранах», «Аб фізічнай культуры і спорце». Значная частка праектаў накіравана на заканадаўчае зацвярджэнне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, Савет Рэспублікі ўпершыню выступае ў якасці суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы і распрацоўвае праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Работа над законапраектам практычна завершана. Спадзяёмся, што вынікам работы з прапановамі дзяржаўных органаў, выдавецтваў, выканаўцаў і іншых зацікаўленых стане праект нарматыўнага прававога акта, які забяспечыць неабходны баланс інтарэсаў як праваўладальнікаў, так і грамадства.

Хачу адзначыць таксама, што парламентарыі актыўна ўключыліся ў працу па падрыхтоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год».

Фарміраванне бюджэту завяршаецца

– Вы сказалі, работа над фарміраваннем бюджэту на наступны год ужо ідзе. Традыцыйна дзяржава імкнецца падтрымаць яго сацыяльны складнік... На што зарыентуецца будучы бюджэт? Якія чаканні наконт гэтага ў Савета Рэспублікі?

— Работа над рэспубліканскім бюджэтам на 2018 год пераходзіць у завяршальную стадыю. Як і ў мінулыя гады, праект бюджэту звярстаны з прафіцытам каля 700 мільёнаў рублёў, які плануецца накіраваць на абслугоўванне знешняга доўгу. Гэта значыць, што краіна паслядоўна разлічваецца па сваіх міжнародных абавязках.

Даходы бюджэту будуць расці, прычым без павелічэння складу і памеру падаткаў. Так, павелічэнне даходаў прадугледжана на 7,8 працэнта ў параўнанні з бягучым годам, а падатковая нагрузка складзе 24,4 працэнта да валавога ўнутранага прадукту (паказчык адпавядае ацэнцы 2017 года). Гэта пазітыўны сігнал для рэальнага сектара эканомікі, бізнесу.

Безумоўна, бюджэт 2018 года будзе несці значную сацыяльную нагрузку. Я прывяду ўсяго некалькі лічбаў. Фонд аплаты працы плануецца павялічыць на 18 працэнтаў. А гэта ў першую чаргу рост зарплаты для работнікаў бюджэтнай сферы. Выдаткі бюджэту на будоўлю жылля для маладых і мнагадзетных сем'яў таксама павялічацца на 7 і 20 працэнтаў адпаведна.

Разам з тым для парламентарыяў прынцыпова, каб бюджэт наступнага года быў бюджэтам развіцця. Гэта значыць, што патрэбны бюджэтныя інвестыцыі пад эфектыўныя праекты ў прамысловасці, аграрным сектары, навуцы, неабходна больш сур'ёзная дзяржаўная падтрымка экспарту. Усё гэта будзе садзейнічаць стварэнню новых высокапрадукцыйных працоўных месцаў, прынясе валютную выручку ў краіну і ў выніку папоўніць бюджэт.

Мы сёння вельмі цесна супрацоўнічаем з Міністэрствам фінансаў па названых пытаннях, выпрацоўваем пазіцыі, якія дазволяць узмацніць інвестыцыйны складнік бюджэту без істотнага перагляду выдаткаў па іншых кірунках.

Вельмі важна таксама, каб бюджэт на 2018 год фарміраваўся ўжо з улікам нормаў пакета нарматыўных прававых актаў па ўдасканаленні ўмоў вядзення бізнесу, інвестыцыйнага заканадаўства, даручэнняў кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні эфектыўнай занятасці, развіцці ІT-сферы і гэтак далей.

Сукупнасць усіх гэтых фактараў мы будзем улічваць у рабоце над пакетам бюджэтных законапраектаў.

Паўнамоцтвы – рэальныя

– Тэндэнцыя апошняга часу – перадаваць мясцовым органам улады паўнамоцтвы па шэрагу пытанняў: ад прэферэнцый для бізнесу да вызначэння асоб, якія павінны плаціць падатак па беспрацоўі. Да гэтага такія рашэнні прымалі вышэйстаячыя інстанцыі і іншыя органы. Наколькі мясцовая ўлада гатовая выконваць такія паўнамоцтвы?

– Мясцовыя органы ўлады вырашаюць найважнейшыя пытанні мясцовага значэння. Спектр іх вельмі шырокі – ад праблем эканамічнага развіцця да сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэба адзначыць, што Саветы дэпутатаў вельмі цесна працуюць з органамі мясцовага кіравання. Таму тая стабільнасць у грамадстве, якую мы сёння маем, – адзін з доказаў таго, што мясцовыя ўлады паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. А тое, што мясцовыя органы ўсё больш уключаюцца ў працэс прыняцця эканамічных і сацыяльных рашэнняў, – аб'ектыўная неабходнасць. На пятым Усебеларускім народным сходзе была падкрэслена іх асаблівая роля ў прыцягненні інвестыцый. Так, ніхто лепей, чым яны, не ведае патэнцыял канкрэтнага рэгіёна, не можа вызначыць тыя галіны мясцовай эканомікі, развіццё якіх прынясе неабходны эканамічны эфект. Будуць інвестыцыі – будзе папаўняцца бюджэт, узрасце колькасць занятых у эканоміцы, узровень заработнай платы, а ў выніку – выйграе кожны чалавек. Інвестыцыі ідуць туды, дзе мясцовыя ўлады «не спяць», а прадметна займаюцца гэтымі пытаннямі. Мясцовыя органы павінны стаць флагманамі ў гэтай справе.

У сваю чаргу мы, заканадаўцы, павінны ствараць неабходныя ўмовы для плённай і эфектыўнай работы на месцах. Напрыклад, нядаўна былі прыняты рашэнні, якія гарантуюць нязменнасць на працягу трох гадоў нарматываў адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў у мясцовыя бюджэты. Гэта мера дазволіць мясцовым органам улады быць больш самастойнымі пры рашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамасных тэрыторый.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 19 верасня падпісаў Указ №337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», які пашырае пералік відаў дзейнасці без юрыдычнага афармлення. Гэта добрая навіна. Нормы дадзенага ўказа былі сфарміраваны ў тым ліку на аснове ініцыятыў і прапаноў Савета Рэспублікі.

Выбаршчык патрабуе канкрэтыкі

– Грамадская ініцыятыва, як і работа органаў самакіравання, мае патрэбу ў інфармацыйнай падтрымцы. Так, людзям важна ведаць, чым жыве іх акруга, раён, нават вуліца. Уладам жа трэба мець зваротную сувязь з жыхарамі. А якія нюансы працы дэпутатаў на месцах, на вашу думку, СМІ павінны асвятляць абавязкова?

– У першую чаргу хачу адзначыць, што роля сродкаў масавай інфармацыі ў фарміраванні меркавання насельніцтва аб органах улады вельмі значная. Таму менавіта органы ўлады павінны цесна і канструктыўна ўзаемадзейнічаць са СМІ. З дапамогай СМІ не толькі ўлада даводзіць свае ідэі і рашэнні да народа, а і наадварот – грамадская думка становіцца вядомая органам кіравання. Так што ўсё ўзаемазвязана. Хто такія прадстаўнікі ўлады? Гэта такія ж грамадзяне, але з пэўнымі паўнамоцтвамі. А дэпутаты – гэта прадстаўнікі канкрэтных выбаршчыкаў. Таму з іх і патрабаванні большыя.

Чалавеку цяжка адчуваць сябе падманутым, асабліва ў сваіх чаканнях. Нельга даваць людзям абяцанняў, якія немагчыма здзейсніць. Таму дэпутаты і мясцовых Саветаў, і Палаты прадстаўнікоў, а таксама члены Савета Рэспублікі, не маюць ніякага маральнага права выкручвацца, апраўдвацца.

Не патрэбны выбаршчыку ніякія лічбы — колькі зваротаў разглядзеў, колькі пасяджэнняў выканкамаў наведаў, колькі разоў у камандзіроўку з'ездзіў... Выбаршчык павінен бачыць канкрэтны вынік: дзякуючы дапамозе дэпутата адрамантавана дарога, арганізаваны падвоз вучняў, створаны новыя рабочыя месцы і г. д.

На жаль, сёння насельніцтва мала інфармавана аб рабоце Саветаў дэпутатаў: па выніках сацыялагічнага апытання поўную інфармаванасць адзначае толькі ад 0,7 да 2,8 працэнта грамадзян. Атрымліваецца, што людзі не заўсёды ведаюць, чым займаецца ўлада. Таму дэпутатам не трэба саромецца расказваць, у тым ліку пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі, што імі ці з іх удзелам зроблена, што, як ім здаецца, неабходна зрабіць для канкрэтнага раёна, горада, вёскі. Не трэба баяцца цікавіцца і думкай грамадзян. Павінен быць дыялог, а не маналог.

— Раённая прэса традыцыйна карыстаецца павагай сярод сваіх чытачоў. Наколькі цікавай вам падаецца ідэя, каб раённыя газеты аддавалі пастаянную ўвагу менавіта праблемам мясцовага кіравання?

— А якім яшчэ праблемам павінна ўдзяляць увагу мясцовая прэса? Бясспрэчна, у мясцовых сродках масавай інфармацыі абавязкова павінна расказвацца пра падзеі рэспубліканскага значэння, прынятыя Прэзідэнтам ці ўрадам рашэнні, законапраекты, якія разглядаюцца ў парламенце. Але ў першую чаргу яны павінны асвятляць жыццё свайго рэгіёна. Чалавека больш хвалюе тое, што датычыцца непасрэдна яго. Таму мясцовая прэса павінна быць «вачамі і вушамі» грамадства. На маю думку, папулярнасцю можа карыстацца рубрыка, прысвечаная канкрэтнаму сельскаму Савету. Напаўняць яе могуць як прадстаўнікі ўлады, так і простыя людзі. Карысна было б параўнаць, як ацэньваюць рэалізацыю пытанняў жыццезабеспячэння і чыноўнікі, і дэпутаты, і непасрэдна самі жыхары. Мабыць, гэта была б самая праўдзівая і аб'ектыўная ацэнка работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Такія рубрыкі не тое што могуць, а павінны быць у кожнай газеце. Інакш улада рызыкуе размаўляць сама з сабой. У сваю чаргу і рэспубліканскія газеты павінны адлюстроўваць і праблемы, і добрыя ініцыятывы рэгіёнаў.

Наогул, неабходна помніць, што СМІ не могуць пакараць, але могуць пакрытыкаваць, не могуць узнагародзіць ці прызначыць на пасаду, але могуць зрабіць чалавека папулярным.

Мясцовыя амбудсмены

– Парламентарый – гэта гучыць горда. Але не менш ганарова быць і дэпутатам мясцовага Савета. Цябе абралі людзі, а гэта значыць, што яны давяраюць табе клопат пра родны населены пункт, раён. Якая роля дэпутата мясцовага Савета ў нашы дні?

– Спектр адказнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў, вобразна кажучы, ад парадку на зямлі да «парадку ў галавах». Упэўнены, што патэнцыял «мясцовых парламентаў» не вычарпаны. Сапраўды, ключавыя рашэнні прымаюцца ў цэнтры. Але дэпутаты мясцовых Саветаў не павінны заставацца ўбаку. Па-першае, яны прызваны быць праваднікамі чаканняў людзей знізу наверх, сааўтарамі рашэнняў дзяржаўнага значэння. Па-другое, прызначэнне дэпутатаў – актыўна тлумачыць ужо прынятыя нарматыўныя прававыя акты і забяспечваць на месцы ўмовы для іх рэалізацыі.

Што граху таіць – выкананне многіх рашэнняў «прабуксоўвае» з-за іх першапачатковай недастаткова глыбокай прапрацоўкі, у тым ліку і мясцовымі Саветамі. На гэтую праблему звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы, калі закранаў пытанне барацьбы з сацыяльным утрыманствам.

Такія актуальныя задачы, як зніжэнне выдаткаў, эфектыўная занятасць, работа з моладдзю – гэта ўсё тое, дзе павінны максімальна прыкладацца намаганні дэпутатаў. Сёння існуе вострая неабходнасць стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў. Роля дэпутата мясцовага Савета – вывучыць рэальную карціну і адрэагаваць, калі статыстычныя лічбы акажуцца «дутымі». А яшчэ дэпутаты маглі б праявіць сябе ў тых сферах, якія для іх пакуль нязвыклыя, але цалкам ім пад сілу. Напрыклад, мы многа гаворым пра стварэнне спрыяльных умоў для развіцця бізнесу. Лічу, што дэпутаты могуць стаць кімсьці накшталт мясцовых амбудсменаў для прадстаўнікоў сацыяльна адказнага бізнесу – прадпрымальнікаў, якія своечасова выплачваюць «белую» заработную плату, ствараюць новыя рабочыя месцы, забяспечваюць работнікам годны сацыяльны пакет.

Спецыфіка кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў такая, што мы выбіраем у дэпутаты чалавека, якога амаль заўсёды ведаем у твар, працуем разам з ім, жывём на адной вуліцы, хадзілі ў адну школу... І папулізмам у гэтым выпадку людзей не падманеш.

Ад кандыдата патрэбны канкрэтныя справы, дасягненні, а не «салаўіныя песні» пра лепшую будучыню.

Таму хачу пажадаць, каб чарговыя выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія адбудуцца ў наступным годзе, прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні, у строгай адпаведнасці з нацыянальным выбарчым заканадаўствам, каб народ выбраў найлепшых, адказных кандыдатаў, якія будуць адстойваць інтарэсы і дабівацца рашэння надзённых праблем свайго электарата.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда», 27 верасня 2017 г.
(фота - БЕЛТА)