/ / Общественно-политические и в области права
27.09.2017

Дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі: Сёння мясцовыя Саветы – найважнейшы элемент грамадзянскай супольнасці

Амаль чвэрць насельніцтва нашай краіны лічыць, што меркаванне людзей павінна брацца пад увагу падчас прыняцця таго ці іншага закона. Пра тэндэнцыі, якія назіраюцца сёння ў дзейнасці мясцовай улады, расказаў Ігар КАТЛЯРОЎ, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар.

Игорь Котляров

Ідэі ад дэпутатаў

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі праводзіць даследаванні, якія датычацца мясцовага кіравання і самакіравання, тры гады. Гэта справа была распачата па запыту Міхаіла Мясніковіча, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Апошнія даследаванні праводзіліся ў снежні мінулага года. «Сёння мясцовыя Саветы – гэта адзін з найбольш значных аспектаў развіцця беларускага грамадства, найважнейшы элемент грамадзянскай супольнасці, – лічыць дырэктар інстытута. – Мясцовае самакіраванне – гэта той орган кіравання, які імкнецца ўлічваць інтарэсы жыхароў нават самых аддаленых населеных пунктаў, кожнага горада, сяла, аграгарадка. Яно прыцягвае ў сферу кіравання самыя разнастайныя слаі насельніцтва. Калі прааналізаваць якасны і колькасны склад мясцовых Саветаў дэпутатаў, то відаць, што сярод іх шмат і настаўнікаў, і ўрачоў, і прадаўцоў, і паштальёнаў – тых людзей, якія непасрэдна сутыкаюцца з інтарэсамі працуючых жыхароў рэгіёна кожны дзень».

На думку Ігара Катлярова, за апошнія гады значна палепшылася пазнавальнасць дэпутатаў мясцовых Саветаў, павысілася эфектыўнасць іх работы. Паводле яго асабістага пераканання, гэта заслуга членаў Савета Рэспублікі, яго кіраўніка і, вядома ж, Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. «Але ў пэўнай ступені гэта і наша заслуга. Дэпутаты мясцовых Саветаў і сенатары неаднаразова казалі, што сацыялагічны аналіз меркавання людзей дапамагае ім у далейшай працы. Наша апытанне – гэта перш за ўсё меркаванні народа, людзей, якія непасрэдна сутыкаюцца з работай мясцовых Саветаў».

«Я згадваю час, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XІІІ склікання. Усе асноўныя законы прапаноўваў прааналізаваць старшыням мясцовых Саветаў дэпутатаў: сельскіх, раённых, абласных, – расказвае навуковец. – Я дакладна памятаю, як адзін з іх – старшыня Вецярэвіцкага сельскага Савета Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Аляксандр Карашчун – прынёс прапановы па змяненнях у Закон «Аб мясцовым самакіраванні» на трох старонках. Мае калегі, дэпутаты Вярхоўнага Савета, спачатку несур'ёзна паставіліся да гэтых прапаноў, махнулі рукой. А пасля перачыталі ўважліва і зразумелі, што парады карысныя. І шмат якія з гэтых прапаноў былі прыняты потым Вярхоўным Саветам. І такіх прыкладаў шмат. Гэта гаворыць аб тым, што сапраўды неабходна актыўна выкарыстоўваць на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання меркаванні дэпутатаў мясцовых Саветаў».

Ёсць праблемныя пытанні

Праўда, ёсць і праблемы, якія мясцовым Саветам яшчэ трэба вырашаць. Напрыклад, хутка распачнецца кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. «Сёння ж ніхто мэтава «кандыдатаў у кандыдаты» не рыхтуе. Ёсць палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, якія павінны працаваць з пэўным колам насельніцтва, каб тыя людзі, хто хацеў бы стаць дэпутатам мясцовых Саветаў, мелі магчымасць здзейсніць гэта. А таксама варта праводзіць работу з тымі, хто пакуль жадання не мае, але патэнцыйна змог бы прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў. З 10 такіх падрыхтаваных «кандыдатаў у кандыдаты» адзін бы быў абраны і прыносіў бы больш карысці грамадству. А праз некалькі гадоў ён зможа стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў альбо сенатарам і базу будзе мець ужо значна больш глыбокую і грунтоўную. Гэта работа не дзяржавы, а менавіта грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый, якую яны не праводзяць», – лічыць Ігар Катляроў.

На жаль, калі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі эфектыўна працуюць з дэпутатамі ўсіх узроўняў, то тыя структуры, якія павінны затым павышаць прафесійны ўзровень дэпутатаў, спрацоўваюць не заўжды належным чынам. Так, па словах дырэктара Інстытута сацыялогіі, можна прывесці не адзін прыклад, калі старшыням Саветаў дэпутатаў чытае лекцыі па павышэнні кваліфікацыі той выкладчык, які не мае ўяўлення пра гэтую сферу, ніколі ў ёй не працаваў. І ён вучыць практыкаў, якія кожны дзень з гэтым сутыкаюцца, якія прыехалі, каб даведацца пра найноўшыя тэндэнцыі ў гэтай сферы.

Ведай сваіх

Тыя даследаванні, якія штогод праводзіць Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, носяць фундаментальны характар. Жыхарам Беларусі прапаноўваецца адказаць на 60 пытанняў анкеты, сярод якіх ёсць тыя, што задаюцца пастаянна, а таксама сітуацыйныя. Такое апытанне патрабуе шмат выдаткаў як матэрыяльных, так і па часе. «Таму мы прапануем стварыць невялікія структуры, якія пры дапамозе тэлефонных апытанняў будуць імгненна даведвацца пра меркаванне жыхароў таго ці іншага рэгіёна па нейкай невялікай у цэлым, але важнай для гэтай мясцовасці праблеме. Гэта робіцца на працягу дваіх-траіх сутак: інтэрв'юер звязваецца па тэлефоне з людзьмі, задае не больш за пяць пытанняў і адразу атрымлівае адказы», – кажа Ігар Катляроў.

Выходзячы з вынікаў праведзенага даследавання, ён лічыць, што беларускае насельніцтва досыць палітычна актыўнае. Не ўсе, але пэўная частка хоча дапамагчы краіне, дзяржаве, органам мясцовай улады і па магчымасці гэта робіць. «Калі я параўноўваю нас з іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы, то тут на дастаткова высокім узроўні працуюць органы мясцовага самакіравання», – выказаў меркаванне Ігар Катляроў.

Што датычыцца пазнавальнасці дэпутатаў, то амаль палова насельніцтва краіны можа назваць тых, хто прадстаўляе іх інтарэсы ў сельскіх Саветах. І гэтая лічба за апошнія тры гады вырасла ў значнай ступені, – раней толькі траціна выбаршчыкаў ведала дэпутатаў гэтага ўзроўню.

Погляд грамадства ўлічваецца

Ці трэба ўлічваць грамадскую думку падчас распрацоўкі і прыняцця законаў? Станоўча на гэта пытанне адказалі 21,2% рэспандэнтаў, амаль чвэрць насельніцтва. «Значыць, неабходна больш актыўна працаваць з насельніцтвам пры прыняцці законаў», – выказаў меркаванне навуковец.

Па просьбе верхняй палаты беларускага парламента Інстытут сацыялогіі робіць сацыялагічнае суправаджэнне пэўных законаў, гэта значыць задаюцца пытанні нашым грамадзянам: якім чынам лепей вырашаць тыя ці іншыя праблемныя пытанні ў розных галінах? «Мы перадаем вынікі такіх даследаванняў у Савет Рэспублікі, дзе іх аналізуюць і прымаюць адпаведныя рашэнні. Увогуле, па ўласным вопыце магу сказаць, што нашы ўлады прыслухоўваюцца да рэкамендацый, якія мы выказваем», – кажа сацыёлаг.

У цэлым насельніцтва мае больш прэтэнзій да выканаўчай улады, чым да заканадаўчай. Людзі ў большасці задаволены тымі нарматыўнымі актамі, якімі рэгламентуецца жыццё ў нашым грамадстве. «Праводзяцца сацыялагічныя апытанні ананімна – каб найбольш дакладна даведацца пра тое, што сапраўды думаюць людзі», – удакладніў Ігар Катляроў.

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда», 27 верасня 2017 г.
(фота – Анатоль КЛЕШЧУК)