/ / Общественно-политические и в области права
26.09.2017

Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма павінна запрацаваць у ліпені наступнага года

Беларуская інтэграваная сэрвісна-разліковая сістэма (БІСРС) павінна запрацаваць у ліпені наступнага года, паведаміў Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў.

ID-карта

Тэставыя ІD-карты атрымаем ужо ў красавіку

Міністр адзначыў, што праект дазволіць забяспечыць замену ўнутранага пашпарта грамадзяніна Беларусі на ІD-карту. Яна стане паўнавартасным сродкам ідэнтыфікацыі грамадзян. Лічыцца што ІD-карта будзе мець дзве асноўныя функцыі – заменіць беларускі пашпарт, а таксама стане ключом-доступам грамадзяніна для атрымання розных відаў электронных адміністрацыйных паслуг. «Такія карты ёсць у многіх краінах свету, і калі будуць прынятыя адпаведныя міжурадавыя пагадненні, па ІD-карце можна будзе перасякаць межы нашай краіны. Акрамя таго, у далейшым карта зможа замяніць розныя віды дакументаў, напрыклад правы кіроўцы», – паведаміў Сяргей Папкоў.

Міністр растлумачыў, што першы этап рэалізацыі праекта практычна завершаны. Падрыхтавана тэхнічнае заданне, у хуткім часе міжведамасная рабочая група ўзаконіць яго.

І тады будзе аб'яўлены конкурс на распрацоўку апаратна-праграмнага комплексу БІСРС. Па словах Сяргея Папкова, у тэставым рэжыме сістэму плануецца запусціць у красавіку. А з 1 ліпеня пачнецца камерцыйная эксплуатацыя сістэмы, да гэтага часу першыя карты будуць ужо выдаваць кліентам. Гэтым будзе займацца Міністэрства ўнутраных спраў. Сістэма наймагутная, складаная,таму патрэбен час, каб яе выпрабаваць.

Лічбавы гандаль

Другой найважнейшай задачай галіны Сяргей Папкоў лічыць распрацоўку Нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю (НСБГ). А стварэнне тэхнічнага задання гэтай сістэмы плануецца завяршыць у лістападзе-снежні.

Работа ў гэтым кірунку вядзецца ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам навукі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій і перспектыўнага развіцця Рэспублікі Карэя. «Заключана пагадненне з паўднёвакарэйскім Нацыянальным агенцтвам інфармацыйнага грамадства. Мы стварылі беларуска-карэйскі кансалтынгавы цэнтр. І ў нас ёсць трохгадовая праграма ўзаемадзеяння», – растлумачыў Міністр.

У выніку рэалізацыі праекта ў Беларусі будзе створана лічбавая інфраструктура арганізацыі электроннага (беспапяровага) узаемадзеяння ўсіх удзельнікаў знешнегандлёвых адносін – пачынаючы ад вытворчасці тавараў і заканчваючы іх рэалізацыяй. Паводле экспертных ацэнак, укараненне НСБГ дазволіць знізіць выдаткі на знешнеэканамічныя аперацыі ў 2 разы. Як паведамілі ў Мінсувязі, тэрмін стварэння сістэмы – прыкладна 4 гады. На гэтыя мэты будзе выдаткавана каля 10 млн долараў. А акупіцца праект на працягу 5 гадоў.

Роўмінг паміж РБ і РФ будзе мінімальны

Цяпер вядзецца работа, каб сфарміраваць адзіную тарыфную палітыку на ўваходныя званкі ў межах ЕАЭС. Трэба адзначыць, што цана пры тэлефанаванні ў іншую краіну будзе нязначна, але адрознівацца. Выпрацаваць адзіную тарыфную палітыку неабходна да 2020 года.

Міністр удзельнічаў у Форуме рэгіёнаў, які адбыўся ў чэрвені ў Маскве, і падкрэсліў: «Там было даручэнне кіраўнікоў дзяржаў прапрацаваць пытанне (па адмене роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй). Мы з расійскімі калегамі гэтае пытанне разглядаем. Пытанне складанае, але пэўныя крокі зроблены, аператары сувязі паміж сабой дамовіліся аб зніжэнні цаны роўмінгавых паведамленняў». Пры гэтым ён дадаў, што пра нулявы кошт званкоў гаворка не ідзе.

Стандарт LTЕ ўжо сёлета

Сёння паслугі сотавай рухомай электрасувязі стандарту LTЕ даступныя 60% насельніцтва. «Да канца года мы забяспечым практычна ўсе раённыя цэнтры гэтай тэхналогіяй», – адзначыў Міністр. Сяргей Папкоў падкрэсліў, што ў Беларусі працягваецца развіццё сеткі сотавай рухомай электрасувязі. Мабільнай сувяззю трэцяга пакалення ахоплена 96,5% тэрыторыі краіны, на якой пражывае 99,9% насельніцтва.

Аказанне паслуг мабільнай сувязі чацвёртага пакалення было пачата ў снежні 2015 года. Сёння электрасувязь стандарту LTЕ даступная жыхарам сталіцы, абласных цэнтраў і буйных раённых цэнтраў.

А вось тэхналогія 5G будзе ўкаранёная ў Беларусі адразу пасля яе міжнароднай стандартызацыі. «Часавыя рамкі выхаду стандарту ў свет – 2019 год. Тое абсталяванне, якое ўсталёўваецца сёння на сетках bеСlоud, МТС, кампаніі «Бест», здольна з вывядзеннем у камерцыйную эксплуатацыю тэхналогій 5G іх падхапіць», – сказаў Сяргей Папкоў. Таксама стаіць задача ў поўнай меры развіваць HD-тэлебачанне. «Мы павінны да ІІ Еўрапейскіх гульняў забяспечыць якасную карцінку для прагляду грамадзянамі таго кантэнту, які рыхтуюць нашы тэлерадыёкампаніі», – адзначыў ён. Далейшае развіццё атрымаюць частоты, якія вызваліліся пасля закрыцця аналагавага тэлебачання. Па словах міністра, яны выдаюцца тым, хто жадае развіваць FM-вяшчанне як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўні. Міністр праінфармаваў, што па выніках першага паўгоддзя сёлета агульная колькасць абанентаў і карыстальнікаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт склала больш за 3,1 млн.

Тэхналогія GРОN у кожны дом

«Мы актыўна працуем, пераходзім на новыя тэхналогіі так званай апошняй мілі – GРОN-тэхналогіі. Да канца 2018 года наш нацыянальны аператар «Белтэлекам» усю шматкватэрную забудову краіны забяспечыць аптычнымі ўключэннямі. Гэта дасць магчымасць у поўнай меры задаволіць усе запыты на паслугі як тэлефаніі і лічбавага тэлебачання, так і перадачы даных, уключаючы новую канцэпцыю паслуг «Разумны дом», – расказаў Сяргей Папкоў.

Колькасць абанентаў, падключаных па тэхналогіі GРОN, за студзень-чэрвень павялічылася на 300 тысяч. Іх агульная колькасць на 1 ліпеня сёлета склала 1,39 млн.

Яшчэ Сяргей Папкоў адзначыў, што вядзецца работа над канцэпцыяй «разумнага горада», каб аб'яднаць усе крыніцы інфармацыі, якія знаходзяцца ў аб'ектах грамадскага прызначэння.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», № 185 (28549), 26 верасня 2017 г.