/ / Общественно-политические и в области права
13.09.2017

Збіраемся за грыбамі: як правільна паводзіць сябе ў лесе, што ўзяць з сабой і як не заблудзіцца?

Цёплае надвор'е, якое прыйшло на змену дажджам, паспрыяла імкліваму росту грыбоў. Але зайшоўшы ў лес па баравікі, выбірацца з яго можна даволі доўга... Толькі ў Віцебскай вобласці за пазамінулыя суткі шукалі ажно шасцярых грыбнікоў.

Как не потеряться в лесу

– Двое мужчын згубіліся ў лесе каля вёскі Валатоўкі Расонскага раёна, – паведамілі ў прэс-службе Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС. – А 18-гадовы юнак заблудзіў у Чашніцкім раёне. Трое грыбнікоў самі патэлефанавалі ратавальнікам, калі зразумелі, што выбрацца з гушчару яны не могуць. На шчасце, усе рабінзоны выйшлі з лесу самі, пачуўшы гук сірэн пажарных аўтамабіляў.

Як жа правільна паводзіць сябе ў лесе, пацікавіўся карэспандэнт «Звязды» ў прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Настассі Швайбовіч.

– Абавязкова апраніце што-небудзь яркае, каб вас пры неабходнасці можна было заўважыць з паветра. Перад выхадам у лес уважліва вывучыце карту мясцовасці. Калі вы дрэнна арыентуецеся, лепш не рызыкаваць і папрасіць суправаджаць вас таго, хто добра ведае мясцовыя лясныя масівы. Не забудзьцеся ўзяць з сабой компас і мінімальную аптэчку. Збіраючыся ў лес, звяртайце ўвагу на ўмовы надвор'я – у пахмурныя дні падарожжа ў ягады і грыбы лепш адмяніць. Раскажыце родным і блізкім пра тое, дзе вы будзеце заходзіць у лес, па якім маршруце пойдзеце і калі плануеце вярнуцца. Прыхапіце з сабой тэлефон, ваду, лекі, нож, запалкі, мінімальны запас ежы на той выпадак, калі вы заблудзіце.

А калі выйсці з лесу не атрымліваецца, то самае галоўнае – гэта не паддацца паніцы. У Беларусі няма лясоў, дзе на сотні кіламетраў навокал нельга сустрэць ніякіх прыкмет цывілізацыі. Паклічце на дапамогу: дзесьці побач могуць знаходзіцца леснікі ці грыбнікі, якія дапамогуць зарыентавацца на мясцовасці. Калі вам ніхто не адказаў і ў вас ёсць з сабой тэлефон, пазваніце па нумары 101 ці 112 і паведаміце, дзе вы заходзілі ў лес, куды збіраліся рухацца, і апішыце, што бачыце вакол. Прыслухайцеся – шум трактара чуваць за 3-4 кіламетры, брэх сабакі – за 2-3 кіламетры, таварны цягнік – за 10 кіламетраў. Вашымі правадырамі на вялікую зямлю могуць стаць лініі электраперадачы, прасекі, сцяжынкі. Калі па дарозе сустрэўся ручай, то ідзіце ўніз па яго цячэнні.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 13 верасня 2017 г.


Теги: МЧС, туризм