/ / Общественно-политические
12.09.2017

Па выніках візіту дэлегацыі Саудаўскай Аравіі ў Беларусь будзе распрацавана адпаведная праграма ўзаемадзеяння

У гэтыя дні ў Мінску з афіцыйным візітам знаходзіцца дэлегацыя Каралеўства Саудаўская Аравія на чале з Міністрам адукацыі Ахмедам Мухамедам аль-Ісам. У праграме візіту запланавана наведанне БДУ, БДУІР, БНТУ, БДМУ, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У панядзелак раніцай адбылася сустрэча Міністра адукацыі Саудаўскай Аравіі Ахмеда Мухамеда аль-Ісы з першым намеснікам Міністра адукацыі Беларусі Вадзімам Богушам.

міністр адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Ахмед Мухамед аль-Іса i Вадзiм Богуш

У мінулым годзе міністэрствы адукацыі дзвюх краін падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, і зараз прыступаюць да яго выканання. «Мы ведаем, што ў Беларусі ёсць шэраг універсітэтаў з высокай якасцю адукацыі і прасунутымі тэхналогіямі, а таксама сучасныя ўстановы прафесійнай адукацыі. Падчас візіту ў Беларусь мы хочам убачыць, з якімі ўстановамі мы маглі б узаемадзейнічаць у будучыні», – адзначыў Міністр адукацыі Каралеўства Саудаўская Аравія Ахмед Мухамед аль-Іса.

Сёння студэнты Саудаўскай Аравіі атрымліваюць адукацыю ў розных краінах свету – у Заходняй Еўропе, ЗША, Канадзе, Аўстараліі. Для гэтага ім прадастаўляюцца дзяржаўныя стыпендыі. Пры гэтым, як паведаміў Міністр адукацыі каралеўства, даволі мала студэнтаў вучыцца ва Усходняй Еўропе.

«Мы хацелі б вывучыць новыя сістэмы адукацыі і паглядзець, як можна развіць кар’ерныя магчымасці нашых студэнтаў у іншых сферах, — заўважыў спадар Ахмед Мухамед аль-Іса. — Мы мяркуем, што Беларусь можа стаць адной з краін, дзе будуць вучыцца нашы студэнты. Таксама мы можам прадаставіць некалькі стыпендый студэнтам з Беларусі для навучання ў Саудаўскай Аравіі, у прыватнасці тым, хто вывучае арабскую мову, будучым інжынерам і прадстаўнікам тэхнічных прафесій. Мы лічам, што гэта дапаможа зблізіць нашы народы».

Міністр адукацыі Саудаўскай Аравіі паведаміў, што звычайна студэнты з яго краіны едуць у спецыялізаваныя ўніверсітэты — на медыцынскія, інжынерныя спецыяльнасці, а таксама звязаныя з развіццём новых тэхналогій і альтэрнатыўных крыніц энергіі. Гэтыя напрамкі саудыты найперш і разглядаюць для супрацоўніцтва. Акрамя таго, каралеўства вельмі зацікаўлена ў тым, каб падняць узровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі і павысіць узровень падрыхтоўкі тэхнічнага персанала. Таму падчас візіту ў Беларусь будзе абмяркоўвацца магчымасць стварэння сумеснай тэхнічнай лабараторыі ці іншых форм адпаведнага навучання саудаўскіх педагогаў і майстроў вытворчага навучання.

Міністр адукацыі Саўдаўскай Аравіі адзначыў, што ў краіне ёсць стыпендыяльныя праграмы для настаўнікаў, якія могуць паехаць за мяжу на стажыроўку. Так, за апошнія 2 гады дзве тысячы саудаўскіх выкладчыкаў прайшлі навучанне па праграмах прафесійнага развіцця ў іншых краінах, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі. Спадар Ахмед Мухамед аль-Іса сказаў, што разглядаецца таксама магчымасць накіроўваць саудаўскіх настаўнікаў на вучобу ў Беларусь.

«Адукацыя – гэта даволі шырокая сфера з вялікім патэнцыялам умацавання адносін, і мы хацелі б убачыць, як нашы ўніверсітэты могуць напрамую ўзаемадзейнічаць праз праекты ў сферы навукова-даследчай дзейнасці і акадэмічных абменаў», – заўважыў спадар Ахмед Мухамед аль-Іса.

«Для нас візіт дэлегацыі Саудаўскай Аравіі вельмі значны, – заявіў першы намеснік Міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш. – Плануецца, што па яго выніках будзе распрацавана і падпісана адпаведная праграма ўзаемадзеяння, якая будзе ўключаць некалькі важных напрамкаў, пачынаючы падрыхтоўкай кваліфікаваных спецыялістаў у сістэме вышэйшай адукацыі, навуковымі даследаваннямі і ўдзелам у сумесных міжнародных праектах, заканчваючы ўзаемадзеяннем у сферы прафесійна-тэхначнай адукацыі і маладзёжных абменаў. Гэта будзе ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».

Беларускі бок гатовы да ўзаемадзеяння па ўсім спектры ўзроўняў адукацыі. І хоць у нашай краіне адукацыйныя праграмы рэалізуюцца пераважна на рускай мове (каб уключыцца ў іх, трэба прайсці праз падрыхтоўчае аддзяленне), але ўжо ёсць і шэраг англамоўных праграм на ўзроўні як бакалаўрыяту, так і магістратуры. І іх пералік будзе пашырацца. Акрамя таго, ёсць патэнцыял супрацоўніцтва ў рамках акадэмічных абменаў студэнтамі і выкладчыкамі. Прапаноўваецца наладзіць сувязі ў даследчай дзейнасці і падрыхтоўцы кадраў у аспірантуры. Спектр даследаванняў можа быць даволі шырокі: гэта хімічныя тэхналогіі, біятэхналогіі, медыцына, будаўніцтва, сельская гаспадарка, вытворчасць машын і абсталявання, ІТ і інш. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі гатовы распрацаваць адмысловую праграму для майстроў і выкладчыкаў з сістэмы прафесійнай адукацыі Саудаўскай Аравіі, з тым каб яны маглі стажыравацца ў Беларусі.

Падчас візіту ў дэлегацыі Саудаўскай Аравіі будзе цэлы шэраг сустрэч з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Беларусі. Вельмі важна, што абодва бакі зацікаўлены паглыбляць супрацоўніцтва і выходзіць на канкрэтныя сумесныя праекты.

По сообщению официального сайта Министерства образования Республики Беларусь
(фото – официального сайта Министерства образования Республики Беларусь)