/ / Общественно-политические и в области права
07.09.2017

Пачатак навучальнага года выклікаў усплёск махлярстваў са здачай кватэр у арэнду

У канцы лета – пачатку восені студэнты, у якіх няма магчымасці або жадання жыць у інтэрнаце, шукаюць альтэрнатыўнае жыллё: кватэры або пакоі. Ці лёгка зараз арандаваць кватэру па прымальнай цане і як навучэнцу не стаць ахвярай ашуканцаў, высвятляла карэспандэнт «Р».

Пачатак навучальнага года выклікаў усплёск махлярстваў са здачай кватэр у арэнду

На сайтах прапаноў дастаткова. Напрыклад, аднапакаёвая кватэра ў цэнтры горада на праспекце Незалежнасці з усёй неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай здаецца за 320 рублёў. Станцыя метро «Плошча Якуба Коласа» знаходзіцца ў пяці хвілінах хады. Кватэры танней – за 190–230 рублёў – звычайна прапануюць на ўскраінах горада, бліжэй да МКАД. Так, за 190 рублёў арэндадаўца прапануе аднапакаёўку з мінімумам мэблі, а станцыя метро «Малінаўка» знаходзіцца ў 10 хвілінах язды на грамадскім транспарце. За арэнду пакоя ў кватэры сёння просяць 100–200 рублёў у месяц.

– У пачатку жніўня, у сувязі з прыездам студэнтаў, было зафіксавана павелічэнне кошту арэнднага жылля прыблізна на 5–7%, – расказала Маргарыта Пачыцкая, начальнік упраўлення арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца». – Попыт перавышаў прапановы ў пачатку жніўня, але не нашмат. Сярэдні кошт здачы аднапакаёвай кватэры складае зараз 350 рублёў, ён упаў у параўнанні з мінулым годам.

Мінімум, зафіксаваны за апошні час, – 250 рублёў за аднапакаёўку: за гэтыя грошы прапаноўвалася кватэра без мэблі на ўскраіне горада. У тым жа выпадку, калі хочацца жыць у кватэры з добрым рамонтам, каля станцыі метро і мець дома неабходную тэхніку, падлічыла Маргарыта Пачыцкая, разлічвайце на суму прыблізна ў 380 рублёў.

Пачатак навучальнага года выклікаў усплёск махлярстваў са здачай кватэр у арэнду

Аднак не толькі кошт арэнды – галаўны боль студэнтаў: з пачаткам навучальнага сезона кожны год узрастае і колькасць кватэрных махлярстваў. Справа ў тым, што менавіта маладыя людзі з прычыны сваёй неспрактыкаванасці часцей за ўсё становяцца ахвярамі ашуканцаў. Самыя распаўсюджаныя выпадкі махлярства – здача адной кватэры адразу некалькім людзям. Акрамя таго, фіксуюцца выпадкі здачы кватэры прайдзісветамі, якія не з'яўляюцца яе гаспадарамі, а таксама хапае фактаў, калі гаспадары адмаўляюцца выплочваць заклад пры высяленні. Так, Алеся, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ, нядаўна сутыкнулася з арэндадаўцам, які патрабаваў грошы за жыллё, як пасля высветлілася, не з’яўляючыся яго гаспадаром:

– У гэтай кватэры было 4 пакоі, у кожным – па 2 чалавекі. Часу шукаць іншае жыллё не было, таму я пагадзілася на такі варыянт. Праз месяц кватэра пачала ператварацца ў прытон: «гаспадар» падсяляў нават наркаманаў. Здаралася, жылі «кампаніяй» у 10 чалавек. А неяк вечарам ён патэлефанаваў і папрасіў з’ехаць з кватэры за адзін дзень. Аказалася, што прыехала сапраўдная гаспадыня кватэры і даведалася пра ўсе яго махінацыі.

Дамову дзяўчына з махляром не заключала, а той, у сваю чаргу, дакументы не афармляў з сапраўднай гаспадыняй кватэры. У выніку, хітрун падманам зарабіў нямала грошай і не панёс ніякага пакарання.

Непрыемная гісторыя здарылася і з Валерыяй, таксама студэнткай БДУ. У кватэру, якую яна зняла з сяброўкай, стаў без папярэджання прыходзіць гаспадар, часам нават п’яным.

– Пазней ён запатрабаваў з'ехаць за адзін дзень, пры гэтым вяртаць заклад за апошні месяц – 480 рублёў – адмовіўся! Мы паспрабавалі неяк абараніць свае правы, але тады гаспадар перайшоў на пагрозы і шантаж, – дзеліцца Валерыя.

У міліцыю сяброўкі не звярнуліся таксама з-за таго, што не была складзена дамова на арэнду: гаспадар катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць.

Пачатак навучальнага года выклікаў усплёск махлярстваў са здачай кватэр у арэнду

Каб засцерагчы сябе і не жыць на птушыных правах, заключаць дамову з арэндадаўцам неабходна абавязкова. Інакш, атрымліваецца, што вы жывяце ў кватэры незаконна, – раіць Кірыл Майсеня, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама.

Не маючы дакумента на арэнду, пацярпелыя, якія сталі ахвярамі махляроў, нават не могуць звярнуцца ў міліцыю і даказаць, што яны ў той кватэры ці пакоі пражывалі. Гэтым ашуканцы актыўна і карыстаюцца.

Юлія Матузава, «Рэспубліка», 7 верасня 2017 г.
(фота – Сяргей Лазюк)