/ / Общественно-политические и в области права
30.10.2017

Пад знакам савы: Як рыхтуюць супрацоўнікаў Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў

Гэтая ўстанова размешчана на месцы былога ракетнага дывізіёна і займае плошчу большую, чым тысяча футбольных палёў. У сваю чаргу служба, да якой яна адносіцца, бярэ пачатак з пасады вартаўніка, а ў якасці талісмана абрала агульнапрызнаны сімвал мудрасці, які ў гэтым кантэксце атаясамліваецца з «нядрэмным вокам». На таямнічую загадку – просты адказ: размова пойдзе аб Дэпартаменце аховы, у супрацоўнікаў якога на эмблеме – сава.

Пахнучы банк і дом без даху

А вось аб прызначэнні апісанага месца здагадацца значна больш складана. На самай справе такімі вялікімі памерамі і багатай перадгісторыяй валодае Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС, ці ва ўжытку проста «Гарані» – па месцы размяшчэння непадалёк ад Мінска. У найбліжэйшай будучыні ён будзе пераўтвораны ў аб'яднаны вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў, таму зараз на тэрыторыі актыўна вядзецца будаўніцтва. Мы ж паспелі наведаць установу адукацыі яшчэ пакуль яна знаходзіцца ў ведамстве Дэпартамента аховы, якраз напярэдадні 65-гадовага юбілею з моманту заснавання службы.

Пачынаем «экскурсію» з палігона стэндавай стральбы – іх у краіне ўсяго тры. На гэтым можна праводзіць нават чэмпіянат свету, ён абсталяваны па ўсіх міжнародных стандартах. Дарэчы, менавіта тут апошнія два гады праходзілі ведамасныя спаборніцтвы. Плануецца, што да 2022 года групы затрымання цалкам пяройдуць на выкарыстанне помпавых стрэльбаў – на палігоне для вучобы іх выкарыстоўваюць ужо зараз. Гэта больш гуманны від зброі, які дазваляе затрымаць злачынца, нанёсшы яму мінімальныя пашкоджанні.

Паблізу знаходзіцца аўтадром. На ім праходзяць падрыхтоўку не толькі навучэнцы цэнтра, такая магчымасць ёсць у любога, хто жадае здаць на правы катэгорыі В, праўда, заняткі будуць у межах праграмы іншых аўташкол. А вось складаныя манеўры і нават контраварыйнае кіраванне – гэта ўжо для прафесіяналаў.

Накіроўваемся далей: па дарозе былое ваеннае збудаванне, якое цяпер пераабсталявана пад навучальны аб'ект.

– Сувораў казаў, «вучыць трэба таму, што неабходна ў баі». У нас няма баёў, затое ёсць паўсядзённае выкананне задач ва ўмовах рэальнага жыцця. Вось тут яны якраз максімальна набліжаны да гарадскіх, – расказвае начальнік Дэпартамента аховы МУС, генерал-маёр міліцыі Сяргей ХАМЕНКА.

І сапраўды, у адным памяшканні сканцэнтраваны магазін, банк, прыпынак грамадскага транспарту – месцы, патэнцыйна «прывабныя» для правапарушальнікаў. Дарэчы, кожнае з іх мае тут свой тыповы, практычна неадрозны для чалавечага нюху пах. Гэта важны элемент трэніроўкі для чатырохногіх абаронцаў правапарадку – нам яшчэ давядзецца ўбачыць іх у справе.

А зараз назіраем за зладжанымі дзеяннямі навучэнцаў цэнтра. Гэтакая сур'ёзная гульня ў рэчаіснасць: экіпаж садзіцца ў аўтамабіль, атрымлівае ўводную ад выкладчыка і выконвае неабходныя дзеянні гэтак жа, як калі б тут знаходзіўся сапраўдны злачынец. Для адпрацоўкі навыкаў нават пабудаваны паўнавартасны дом, які адрозніваецца ад звыклых нам дач хіба толькі тым, што ў яго няма даху. Гэта зроблена для таго, каб са спецыяльнай пляцоўкі можна было назіраць за дзеяннямі курсантаў, ацэньваць іх і рабіць высновы. У нейкі момант нават ловіш сябе на думцы, што глядзіш кіно: настолькі праўдападобна і ў той жа час сюррэалістычна выглядае ў гэтых умовах затрыманне злачынца.

Павышэнне кваліфікацыі... для сабак

На чарзе – тая самая доўгачаканая сустрэча з нашчадкамі серыяльных Рэкса і Мухтара: паказальнае выступленне кіналагічнай службы.

– Зараз пры навучальным цэнтры ўтрымліваецца 29 сабак, у будучыні іх колькасць збіраюцца павялічыць да 40. У гадавальніку ўзвялі новы гаспадарчы блок, таму стала магчыма правядзенне племянной работы і ветэрынарнае абслугоўванне, за выключэннем хіба што складаных аперацый, – адзначыў першы намеснік начальніка Цэнтра павышэння кваліфікацыі, начальнік вучэбнага аддзела палкоўнік міліцыі Сяргей ГРЫБАНАЎ.

Усяго ў Дэпартаменце аховы служыць некалькі сотняў сабак. Аснову складаюць нямецкія аўчаркі, але таксама сустракаюцца бельгійскія і сярэднеазіяцкія аўчаркі і ратвейлеры. Яны, таксама як і курсанты, праходзяць пачатковую падрыхтоўку, а потым перыядычна зноў трапляюць сюды ўжо для павышэння кваліфікацыі. Новы вучэбна-лабараторны комплекс прадугледжвае работу кінолагаў у натуральных умовах, таксама ў праграме навучання – правядзенне следавой работы, выбарка чалавека, парадак дагляду аўтамабіляў.

Дарэчы, аб аўтамабілях. У рабоце самога Дэпартамента актыўна выкарыстоўваюцца машыны беларускай вытворчасці.

Зазірнуўшы ў аўта-мабілі, якія прызначаныя для груп затрымання, разумееш, што фантастычная будучыня ўжо стала рэальнасцю: абсталяванне нагадвае карцінкі з фільмаў пра спецагентаў. Зараз яно праходзіць доследную эксплуатацыю.

Сігналы трывогі ад ахоўных аб'ектаў у рэжыме рэальнага часу паступаюць не толькі на пульт цэнтралізаванага назірання, але і на планшэты ў аўтамабілі. Гэтыя гаджэты дапамагаюць прасачыць размяшчэнне нарадаў, якія патрулююць горад, і вызначыць, які з іх найхутчэй дабярэцца да патрэбнага месца. Яму пракладваецца самы кароткі маршрут, на планшэце таксама можна паглядзець пад'езды да будынка, схему размяшчэння тэхнічных сродкаў аховы і памяшканняў унутры дома, па фота пераканацца, што гэта менавіта той аб'ект.

Падчас устаноўкі ахоўнай сістэмы на аб'екце галоўным з'яўляецца прынцып шматрубежнасці. Першы ўзровень – абараняюцца аконныя праёмы і дзверы з выкарыстаннем магніта-кантактных і оптыка-электронных апавяшчальнікаў, датчыкаў разбітага шкла. Другі – аб'ём памяшкання абсталёўваецца апавяшчальнікамі, якія рэагуюць на рух чалавека. Акрамя таго, пры неабходнасці можна ўстанавіць кнопкі трывожнай сігналізацыі. І многае іншае...

За працэсам работы службы можна паназіраць і ў навучальным класе: тут абсталяваны паўнавартасныя месцы дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы і дзяжурнага пульта цэнтралізаванага назірання. У ролі аб'ектаў выступаюць падрабязныя макеты, на якіх не проста ўмоўна пазначаныя будынкі, але можна разгледзець размяшчэнне адносна дарогі і іншых збудаванняў, колькасць вокнаў і дзвярэй і гэтак далей.

Пасля пранікнення зламыснікаў на ахоўны аб'ект сігнал паступае на пульт ў сярэднім за 15 секундаў, на працягу наступных 15 секундаў дзяжурны выдае інфармацыю ў эфір з указаннем дакладнага адраса. Дзяжурны таксама перадае інфармацыю пра колькасць памяшканняў, наяўнасць склепа і гарышча, гаража. У залежнасці ад прызначэння аб'екта вызначаецца колькасць выбываючых экіпажаў, калі гэта, напрыклад, банк, іх павінна быць мінімум два.

І спорт, і творчасць, і духоўнасць

Першапачатковае навучанне доўжыцца 4,5 месяца. Набіраюць адну групу ў месяц, колькасцю да 90 чалавек. Цяпер у цэнтры навучаецца 541 чалавек, плюс праходзяць перападрыхтоўку дзесяць міліцыянераў-вадзіцеляў. Дарэчы, на курсы павышэння кваліфікацыі ўсе супрацоўнікі Дэпартамента накіроўваюцца не радзей, чым раз у пяць гадоў.

Што датычыцца пачатковай падрыхтоўкі, то за гэты час курсанты па адзінай праграме вывучаюць асновы парадку нясення службы і праходзяць стажыроўку. Па словах начальніка Дэпартамента, больш за 90% тых, хто праходзіць навучанне, – гэта людзі пасля арміі, з вышэйшай адукацыяй або з высокімі дасягненнямі ў спорце. Гэта значыць, досыць сталыя, матываваныя і з добрай рэпутацыяй: наяўнасць нават самых нязначных адміністрацыйных правапарушэнняў – адна з прычын адмовы для нясення службы ў Дэпартаменце.

На працягу амаль пяці месяцаў курсанты жывуць на тэрыторыі цэнтра, таму з 40 аб'ектаў тут – 22 жылыя. Маладыя людзі жывуць у памяшканнях на 120 чалавек, якія прынята называць размяшчэннем, а не казармай. Для дзяўчат, якіх пакуль менш за 5% ад агульнай колькасці навучэнцаў, прапаноўваюцца пакоі гасцінічнага тыпу на 4-6 чалавек.

За час навучання курсанты паспяваюць абжыцца ў цэнтры ледзь не як дома. І не дзіва, бо абстаноўка гэтаму спрыяе: напрыклад, у сталовай яны па чарзе абслугоўваюць адзін аднаго самі. А вось на кухні «чаруюць» прафесійныя кухары. Праявіць свае таленты ёсць шанц у іншым. Курсанты сваімі рукамі ствараюць вулічныя дэкаратыўныя кампазіцыі, а таксама размалёўваюць не горш, чым прафесійныя мастакі, некаторыя службовыя будынкі. Для тых, хто не можа ўявіць свайго жыцця без спорту, уладкаваны стадыён на 750 месцаў, які абсталяваны бегавой дарожкай, а таксама пляцоўкамі для гульні ў футбол, валейбол, баскетбол.

Ёсць магчымасць падумаць і пра духоўнае. На тэрыторыі цэнтра знаходзіцца храм, асвячоны ў гонар велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Частка ўнутранага ўбрання храма – душэўныя падарункі ад абласных упраўленняў Дэпартамента. Побач з храмам – алея маладых дрэў, якая была высаджана ў маі гэтага года прадстаўнікамі краін – удзельніц СНД падчас семінара-нарады па абмене вопытам у ахоўнай дзейнасці.

А беларускім спецыялістам сапраўды ёсць што расказаць. Дэпартамент ахоўвае больш за 208 тысяч аб'ектаў па ўсёй краіне: ад дач да консульстваў і буйных гісторыка-культурных комплексаў. Акрамя таго, спецыяльны аддзел міліцыі Дэпартамента забяспечвае суправаджэнне грузаў і транспартных сродкаў, ажыццяўляе асабістую ахову фізічных асоб. Толькі аўтамабіляў з рознымі відамі тавараў канваіруюць штогод звыш 11 тысяч.

А вось і яшчэ больш ўражальная лічба: за дзевяць месяцаў гэтага года нарады груп затрымання Дэпартамента аховы звыш 453 тысяч разоў прыбывалі да месцаў злачынстваў і здарэнняў. А пачыналася ўсё з простых вартоўняў...

Дар'я КАСКО, «Звязда», 28 кастрычніка 2017 г.

Теги: МВД