/ / Общественно-политические
27.10.2017

Ці праўда ў нас стварылі рай для спажыўцоў, ці існуюць пэўныя нюансы – падводныя камяні жыцця ў доўг

Услед за памяншэннем стаўкі рэфінансавання практычна імгненна працягваюць зніжацца і працэнты па крэдытах. За апошнія шэсць месяцаў яны зменшыліся яшчэ на 7–10%. У выніку цяпер у банкаў з'явілася досыць вялікая колькасць прапаноў па крэдытах са стаўкай і да 15%. Мінімальная ж стаўка складае 10% гадавых. Да таго ж, многія банкі сёння не патрабуюць ад сваіх кліентаў даведкі аб даходах. Спакуса ўзяць грошы на што-небудзь не надта і патрэбнае становіцца сапраўды вялікай. Ці праўда ў нас стварылі рай для спажыўцоў, ці існуюць пэўныя нюансы. Раскладваем па паліцах.

Жизнь в долг

Куплю ўсё і зараз

Зразумела, што самымі папулярнымі ў людзей з'яўляюцца спажывецкія крэдыты на тэрмін да года. Гэта так званыя кароткія крэдыты, якія прызначаны для ажыццяўлення не вельмі дарагіх пакупак. Шэраг камерцыйных банкаў пачаў выдаваць такія крэдыты на тэрмін ад 7 да 12 месяцаў па стаўцы ад 10% да 14% пры выкананні спецыяльных патрабаванняў да заяўніка. У першую чаргу, гэта будзе даведка аб даходах, якая сведчыць, што штомесячны прыбытак кліента складае не менш за 400 рублёў. Для заяўнікаў і паручыцеляў, якія з'яўляюцца кліентамі банка і атрымліваюць заработную плату на яго ж плацежную картку, падача даведкі аб даходах не патрабуецца.

Калі вы бераце ўвогуле мінікрэдыт (да 1000 рублёў) на 5–6 месяцаў, то вам яго дадуць без ніякіх паручыцеляў, даведак і камісій. Узрост для атрымання крэдыту – ад 18 да 64 гадоў  (для мужчын), ад 18 да 70 гадоў для жанчын.

Кліент банка павінен мець рэгістрацыю на тэрыторыі краіны, узрост ад 18 гадоў і стаж на цяперашнім месцы працы ад трох месяцаў. Заўважу, што максімальную суму крэдыту вам дадуць толькі ў тым выпадку, калі існуе больш сур'ёзны даход, а стаж складае не менш за год ці нават два. Акрамя таго, банкі пачалі цяпер патрабаваць ад кліентаў дакумент воінскага ўліку (для мужчын, якія не дасягнулі ўзросту 27 гадоў). Аднак, мабыць, самым галоўным мінусам танных крэдытаў на спажывецкія патрэбы ад невялікіх прыватных банкаў з'яўляецца тое, што стаўка па такіх пазыках можа змяняцца.

Часам банкі прапануюць проста цудоўныя ўмовы, але яны такімі з'яўляюцца толькі на першы погляд. Так, напрыклад, прапануецца крэдыт ад 500 да 15 000 рублёў на тэрмін да пяці гадоў. Без закладу і паручыцеля. Працэнтная стаўка ўсяго 12% на працягу льготнага перыяду (да 40–60 дзён).

На гэту агаворку пра льготны перыяд можна і не звярнуць увагі. Але пасля заканчэння гэтага перыяду працэнты павялічваюцца да 27% і 35% гадавых. У кол-цэнтры нам паведамілі, што такія вялікія працэнты з'яўляюцца платай за рызыку невяртання грошай без закладу.

Грошы ў будучыню

Найбуйнейшыя фінансавыя ўстановы выдаюць сёння крэдыты і на навучанне ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтым выпадку сродкі накіроўваюцца безнаяўным пералікам на рахункі адпаведных устаноў.

Пры атрыманні крэдыту на аплату першай адукацыі дзённай формы ва ўстановах вышэйшай адукацыі пазыка даецца пад стаўку рэфінансавання з пагашэннем з наступнага месяца пасля заканчэння ВНУ на працягу пяці гадоў. Працэнты выплачваюцца адразу пасля выдачы крэдыту. Пры атрыманні першай адукацыі дзённай формы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі крэдыт гасіцца на працягу трох гадоў пасля атрымання дыплома.

Працэнты налічваюцца за фактычны час карыстання крэдытам, а іх памер вызначаецца ў межах гадавога кошту навучання з улікам плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка.

З працэнтамі ёсць асобныя пытанні. Так, у крэдытным дагаворы ўказваецца памер працэнтнай стаўкі ў абсалютным значэнні на дату заключэння крэдытнага дагавора. Пры змене стаўкі рэфінансавання памер працэнтнай стаўкі па раней заключаных крэдытных дагаворах не змяняецца, калі іншае не прадугледжана крэдытным дагаворам. Вось так. Зараз, калі стаўка рэфінансавання ў нас падае, гэты пункт, нам здаецца, працуе не на карысць спажыўца. Але на працягу пяці гадоў сітуацыя са стаўкай можа змяніцца...

Аформіць заяўку на крэдыт досыць проста. Многія банкі нават прапаноўваюць папярэдне пакінуць яе па тэлефоне, на сайце або адразу ў аддзяленні, а пазней, ужо пасля атрымання станоўчага адказу, прынесці неабходныя дакументы ў банк і заключыць дагавор. Афармленне крэдыту (незалежна ад сумы) грамадзянам, якія атрымліваюць заработную плату (пенсію) ва ўстановах банка, магчыма без падачы даведкі аб даходах.

Інвестыцыі ў жыллё

Восенню істотна патаннелі і крэдыты на будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў і кватэр. Напрыклад, «Беларусбанк» прапануе грошы на гэтыя мэты на тэрмін да 20 гадоў. Працэнты па такім крэдыце ў першыя 24 месяцы складаюць стаўку рэфінансавання. Пачынаючы з 25 месяца стаўка павялічваецца на тры працэнтныя пункты за фактычны час карыстання. Грошы выдаюцца на суму ў межах да 90% ад кошту будаўніцтва (рэканструкцыі) жылога памяшкання ў межах плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка. У банку ўдакладнілі, што пры разліку памеру крэдыту пры недастатковай плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка па рашэнні крэдытнага камітэта ў яго сукупны даход могуць уключацца даходы паручыцеляў – блізкіх сваякоў (членаў сям'і) крэдытаатрымальніка (жонкі, мужа, бацькоў, родных братоў (сясцёр), дзяцей, унукаў). Трэба мець на ўвазе, што ў крэдытным дагаворы прапісваецца памер працэнтнай стаўкі ў абсалютным значэнні на дату заключэння крэдытнага дагавора. На сёння гэта будзе 14% гадавых.

Астатнія камерцыйныя банкі прадугледжваюць стаўку таксама 14%, але першапачатковы ўзнос не менш чым 20% ад агульнай сумы. І адтэрміноўка асноўнага доўгу па крэдыце складае адзін год. Усё часцей банкі прапануюць акцыі, калі ў рамках супрацоўніцтва з арганізацыямі-партнёрамі стаўкі па крэдытах могуць складаць да 11-12% у першыя пяць гадоў. Неабходна зазірнуць у спіс дадатковых умоў выдачы жыллёвых крэдытаў. Так, пры выдачы крэдыту на суму ад 5000 да 30 000 рублёў дастаткова паручыцельства адной асобы, а на суму да 100 000 рублёў – патрабуюцца ўжо два паручыцелі. Максімальная сума крэдыту для кліентаў катэгорый Класік, Прэстыж і Прэміум будзе 110 тысяч рублёў, а для катэгорыі VІР – 150 рублёў.

Добрую суму грошай у прыватных банках дадуць толькі тады, калі стаж працы не меншы за шэсць месяцаў, ёсць наяўнасць рэгістрацыі ў пашпарце (прапіскі) на тэрыторыі Беларусі і ваш узрост складае ад 21 да 55 гадоў.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 27 кастрычніка 2017 г.