/ / Общественно-политические и в области права
25.10.2017

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь працуе над дарожнай картай сацыяльнага развіцця вёскі

Аб гэтым заявіла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына СТАРАВОЙТАВА на форуме «Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы вёскі», падчас якога ўдзельнікі абмеркавалі перспектывы развіцця малых населеных пунктаў, занятасці сельскага насельніцтва, пытанні медыцынскага, сацыяльнага і бытавога абслугоўвання, а таксама адукацыі.

Деревня

– Упершыню Савет Рэспублікі праводзіць такі форум з удзелам сельскай інтэлігенцыі. На яго запрошаны настаўнікі, урачы, работнікі сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі выканаўчай улады. Такая адкрытая размова дазволіць нам сфармуляваць нешта накшталт рэзалюцыі, якая стане дарожнай картай для заканадаўчай работы нашых сенатараў, – падкрэсліла Ірына Старавойтава. – Ужо цяпер удзельнікі форуму адзначаюць, што вельмі шмат зроблена па развіцці сацыяльнай інфраструктуры ў вёсцы. Пабудаваны аграгарадкі, фактычна вырашаны пытанні са школьнымі ўстановамі, ажыццёўлена газіфікацыя, працуюць цэнтры культуры, развіваецца агра- і экатурызм. Нам ёсць чым ганарыцца, але хапае пытанняў і праблем, якія трэба вырашыць.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар СІРЭНКА расказаў, што парламентарыі вывучаць пытанні прадастаўлення жылля маладым спецыялістам. Акрамя таго, будзе разгледжана магчымасць зніжэння падатковай нагрузкі на выпускнікоў навучальных устаноў, якія трапілі ў вёскі па размеркаванні. Дарэчы, часцей за ўсё да Віктара Сірэнкі як намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта моладзь звяртаецца з бытавымі пытаннямі.

Віктар Сірэнка таксама падзяліўся статыстыкай: паводле яго слоў, сёння ў Мінскай вобласці застаецца каля 60% маладых спецыялістаў, якія ўпершыню трапілі на работу пасля ўніверсітэта за межы райцэнтраў. «Мы павінны разглядаць ужо не трохгадовую «аселасць» маладых спецыялістаў – мы хочам глядзець далей і вывучыць пяцігадовы тэрмін», – дадаў парламентарый.

Адным з найважнейшых кірункаў развіцця сацыяльнай сферы вёсак з'яўляецца захаванне культурных традыцый, упэўнены член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай АЛДАНАЎ. Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць развіццю дзіцячай творчасці ў вёсках. «Цікавых ідэй у кожным рэгіёне шмат, гэтым вопытам проста трэба дзяліцца. Максімальна выкарыстоўваць патэнцыял прадстаўнікоў інтэлігенцыі, якія сышлі на заслужаны адпачынак, але яшчэ поўныя сіл і гатовыя быць ініцыятарамі новых праектаў», – дадаў Мікалай Алданаў.

Асновай якаснага развіцця вёсак павінна стаць інфраструктура – гэта і дзіцячы сад, і школа, і бальніца, і ўстанова культуры. Падобны комплекс зацікавіць многіх людзей, паспяховыя прыклады ёсць і ў нашай краіне, дадаў Мікалай Алданаў. «Ёсць такая практыка, калі маладому чалавеку даплачваюць за ўзрост, за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, за адмову ад курэння, за перамогі яго дзяцей у якіх-небудзь конкурсах і алімпіядах. Такі падыход кіраўніка можа стварыць належныя ўмовы, пры якіх нават гараджане будуць імкнуцца у вёску», – упэўнены парламентарый.

Удзельнікі форуму азнаёміліся з работай ААТ «Азярыцкі-Агра» ў аграгарадку Слабада Смалявіцкага раёна, дзе мелі магчымасць падзяліцца вопытам і бачаннем тых ці іншых аспектаў. Пасля гэтага ў Савеце Рэспублікі адбылося пленарнае пасяджэнне пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла МЯСНІКОВІЧА.

– Інтэлігенцыі адводзіцца асаблівая роля ў развіцці вёскі. Настаўнікі і ўрачы, ветэрынары і аграномы, работнікі культуры і прадстаўнікі іншых прафесій, якія працуюць у сельскай мясцовасці, – гэта адзіная каманда. Ад іх адносін да працы, паводзін, актыўнасці залежыць сацыяльная атмасфера ў вёсцы. Патрэбна і самаарганізацыя, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч. – Ёсць задачы, якія патрабуюць сумеснай карпатлівай працы. Нам усім разам варта стварыць такія ўмовы, каб перавагі сельскага жыцця сталі відавочныя.

Афіцыйная пазіцыя дзяржавы такая: усе тэрыторыі павінны развівацца раўнамерна. Адпаведна, і гараджанам, і сельскім жыхарам павінен быць даступны адзіны пакет сацыяльных выгод. Міхаіл Мясніковіч дадаў, што бачыць недахопы ў сферы паслуг, таксама яго хвалюе адток спецыялістаў з вёсак. «Але галоўнае, што змяняецца маральна-псіхалагічная абстаноўка. Знікае адчуванне нейкай безвыходнасці вёскі. Няхай гэта не матэрыяльная, але, пагадзіцеся, важная катэгорыя. Мясцовыя ўлады павінны ўлічваць гэта ў сваёй рабоце, не лічыць гэта дробяззю», – падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч паабяцаў удзельнікам форуму, што члены Савета Рэспублікі будуць улічваць у заканатворчым працэсе выказаныя прапановы і ідэі. «Сучаснаму грамадству для развіцця патрэбныя сучасныя сігналы, актуальная павестка. Каб узяць усё лепшае, напрацаванае папярэднімі пакаленнямі, ініцыяваць і ў законах замацаваць новыя разумныя і эфектыўныя кірункі развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці», – дадаў спікер верхняй палаты.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 25 кастрычніка 2017 г.