/ / Общественно-политические и в области права
23.10.2017

Як вярнуць замежную маёмасць – кансультацыя спецыяліста Міністэрства юстыцыі Беларусі

– Я пяць гадоў была замужам за італьянцам. Жылі ў Неапалі, набылі там за грошы мужа невялічкую кватэру, нарадзілі сына. Пасля мы скасавалі шлюб, я з малым вярнулася на радзіму. Ці маю я нейкае права на тую маёмасць, і ці можа наш сын разлічваць на спадчыну італьянскага бацькі? Вольга Д., г. Мінск

На пытанне адказвае Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

Марына ЖАНДАРАВА

– Права на замежную нерухомую маёмасць згодна з дагаворамі аб прававой дапамозе рэгулюецца законамі дзяржавы, на тэрыторыі якой яна знаходзіцца. Дагаворы аб прававой дапамозе рэгулююць вялікі спектр пытанняў: прызнанне дзеяздольным ці адсутным без звестак, устанаўленне факта смерці, заключэнне або скасаванне шлюбу, вызначэнне асабістых і маёмасных праваадносін мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей у змешаных шлюбах, атрыманне спадчыны, прызначэнне апекі, кампенсаванне шкоды і іншыя.

Узнікненне або спыненне права ўласнасці ці іншага маёмаснага права на маёмасць абумоўліваецца законам краіны месца знаходжання гэтай маёмасці на той момант, калі меліся абставіны, што сталі падставай такога права. Калі ж маёмасць з'яўляецца прадметам здзелкі, то ўзнікненне ці спыненне права ўласнасці вызначаецца законам краіны, дзе яна была здзейснена (калі іншае не прадугледжана пагадненнем бакоў).

А вось права ўласнасці на транспартныя сродкі, якія падлягаюць унясенню ў дзяржаўныя рэестры, вызначаецца, напрыклад, законам дзяржавы, дзе гэты сродак зарэгістраваны.

Дзякуючы міжнародным дагаворам, беларусы могуць атрымаць замежную спадчыну на тых жа ўмовах і ў тым жа аб'ёме, што і ўласныя грамадзяне краіны. Права наследавання вызначаецца законам апошняй краіны, дзе жыў спадчынадавец. У дачыненні нерухомай маёмасці дзейнічаюць законы краіны, дзе яна знаходзіцца.

Па інфармацыі «Звязда»
(фота - «Звязда»)