/ / Общественно-политические и в области права
20.10.2017

Ход на капот. Як эксперты-аўтатэхнікі пасля ДТЗ раскрываюць сапраўдную карціну аварыі

Асноўная маса дарожных здарэнняў у Мінску звязана з наездам на пешаходаў. Прычым да 70% наездаў адбываецца на «зебры». Увосень сітуацыя пагаршаецца. З-за скарачэння светлавога дня і пахмурнага дажджлівага надвор’я прыкметнасць пешаходаў на праезнай частцы значна зніжаецца. Праліць святло на ўсе абставіны ДТЗ могуць толькі эксперты-аўтатэхнікі. Якім чынам ім гэта ўдаецца, даведалася карэспандэнт «Р».

Экспертиза

Устанаўленнем абставін і карціны аварыі займаюцца эксперты-аўтатэхнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

– Пры аглядзе месца, дзе адбыўся наезд на пешахода, нам трэба максімальна дакладна зафіксаваць рэчава-следавую абстаноўку. Зрабіць гэта трэба хутка, пакуль іншыя аўтамабілі альбо дождж іх не знішчылі, – уводзіць мяне ў курс справы дзяржаўны судовы эксперт Віктар Касцюковіч. – Для гэтага аглядаецца месца здарэння, складаюцца пратакол і схема. На ёй фіксуюцца межы дарогі, становішча транспартнага сродку і па-кінутыя ім сляды. А таксама сляды крыві пешахода, прадметы ягонага адзення і абутку.

– Фіксуюцца і сляды дотыку аўтамабіля да навакольных прадметаў: агароджы, дрэў, іншых аўто, – дапоўніў калегу старэйшы эксперт Дзяніс Налівайка. – На праезнай частцы аўто можа пакінуць сляды качэння, юзу, буксавання альбо заносу. У першым выпадку, напрыклад, праглядаецца малюнак пратэктара. Прыкмета бакавога заносу – змена адлегласці паміж слядамі колаў.

Сабраная на месцы здарэння інфармацыя выкарыстоўваецца пры правядзенні аўтатэхнічнай экспертызы. Яна дазваляе высветліць, з якой хуткасцю рухаўся аўтамабіль, дзе месца наезду, стаяў пешаход ці рухаўся. Паралельна эксперты даследуюць тэхнічны стан транспартнага сродку, каб ведаць, ці магла яго тэхнічная няспраўнасць прывесці да аварыі. Узнікла яна раптам ці вадзіцель выехаў, напрыклад, на летняй гуме, з непрацуючымі фарамі, з няспраўнымі тармазамі.

Заходзім на штраф-стаянку ДАІ на вуліцы Сямашка, дзе стаяць машыны, што пабывалі ў ДТЗ. Карціна, прызнаюся, жудасная. Вось бачу аўто з пашкоджаным пярэднім бамперам. Гэта сведчыць аб тым, што асноўны ўдар прыйшоўся па нагах пешахода. Далей стаіць аўто з умяцінай на капоце і разбітым лабавым шклом. Эксперты кажуць, што ўдар прыйшоўся на галаву. Крыху далей – машына з разбітай пярэдняй часткай, лабавым шклом, капотам і нават памятай крышай.

– Гэта ж якой сiлы быў удар! – здзіўляюся, гледзячы на запечаныя каплі крыві на разбітым шкле.

– Часам пешаходы ад удару нават улятаюць у салон… – здзіўляе Дзяніс Налівайка.

Заўважаю знешне не пашкоджаны аўтамабіль. Аказалася, што пры наездзе на «пешалёжа» пашкоджанні могуць быць на днішчы машыны. Таму ў аглядзе часцяком удзельнічаюць судмедэксперты. Яны суадносяць пашкоджанні на аўто і на целе пешахода.

Гледзячы на «пакамечаныя» машыны, эксперты ўзгадваюць, як праводзілі экспертызу па рэзанансным наездзе на пешаходаў на вуліцы Солтыса ў Мінску. BMW збіла людзей на «зебры», калі яны пераходзілі дарогу на зялёны сігнал святлафора. Дарослы загінуў, трохгадовую дзяўчынку шпіталізавалі. Высветлілася, што 30-гадовы вадзіцель правы ніколі не атрымліваў. Ён і трое ягоных пасажыраў былі п’яныя. Часцяком здараецца так, што вадзіцель перасаджваецца на пасажырскае месца, каб пазбегчы адказнасці. Аднак па атрыманых ім траўмах эксперты ўсё роўна высветляць, ці сядзеў ён за рулём.

Статыстыка паказвае, што ўсплёск аварыйнасці прыпадае на восеньскія месяцы. Вільготнае надвор’е робіць дарогу слізкай, а многія вадзіцелі не паспяваюць адаптавацца да пагаршэння дарожных умоў. Прычым знаходжанне пешахода на тратуары ці аўтобусным прыпынку зусім не гарантуе яму бяспеку. На днях, напрыклад, у Жлобіне аўтамабіль выехаў на прыпынак з людзьмі – пацярпелі два чалавекі.

Так званыя «пешалёжы» – асобная тэма для размовы. Часцей за ўсё яны п’яныя і не пазначаныя святлоадбіўнымі элементамі. Іх кантрастнасць на фоне дарогі нулявая. Такія наезды ў большасці сваёй заканчваюцца трагічна.

– Здараецца, аўтамабіль наязджае на чалавека, які ляжыць на дарозе, а вадзіцель гэтага папросту не заўважае. Тут часцей за ўсё гаворка ідзе пра грузавыя аўтамабілі і аўтобусы з высокім дарожным прасветам. Цела пешахода чапляецца адзеннем за элементы дна і падвескі. Так вадзіцель можа праехаць не адзін дзясятак кіламетраў, перш чым заўважыць нядобрае. І ў нашай практыцы такія інцыдэнты былі, – пракаментаваў сітуацыю з «пешалёжамі» Віктар Касцюковіч.

Вадзіцель абаронены элементамі кузава, пешаход – нічым. У выпадку наезду пры хуткасці аўтамабіля 60 км/г верагоднасць застацца ў жывых ў пешахода вельмі нізкая.

– Вадзіцелі здаюць экзамен на правы. А вось веданне правілаў дарожнага руху пешаходамі ніяк не кантралюецца, – напрыканцы выказаў цікавую думку Дзяніс Налівайка. – Адсюль і атрымліваецца, што не менш за трэць усіх аварый адбываецца з-за парушэнняў правілаў самімі пешаходамі. Яны пераходзілі праезную частку ў неналежным месцы ці на забараняльны сігнал святлафора.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 20 кастрычніка 2017 г.
(фота 
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь)