/ / Общественно-политические
05.10.2017

Пральём святло на пешаходаў. Праверка разам з ДАІ, якія флікеры самыя эфектыўныя

У дні, калі дарожнае становішча ўскладняюць дажджы і туманы, колькасць ДТЗ з пешаходамі расце. Святловяртальнікі на вопратцы пешаходаў вырашылі б гэтую праблему. Яны дазваляюць вадзіцелю ўбачыць чалавека ў святле фар на адлегласці 130-400 метраў. Ад асартыменту флікераў вочы разбягаюцца. Гэта і наклейкі, і нарукаўныя павязкі, і камізэлькі, і адзенне з дэталямі са святлоадбівальных матэрыялаў. Карэспандэнт «Р» правяла эксперымент і высветліла, які ж флікер найбольш эфектыўны?

Флікер

У правядзенні эксперыменту мне дапамагаюць інспектары аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска, што заступілі на вячэрняе дзяжурства.

– У больш чым палове выпадкаў наезды на пешаходаў адбываюцца ў цёмны час сутак, – уводзіць мяне ў курс справы інспектар ДПС Аляксей Тарасёнак.

– З пачатку года ў адным толькі Мінску здарылася 278 аварый з пацярпелымі. Пры гэтым у 44 здарэннях вінаватымі прызнавалі саміх пешаходаў. Яны пераходзілі праезную частку ў неўстаноўленым месцы ці на забараняльны сігнал святлафора, – падключаецца да размовы інспектар ДПС Артур Язневіч.

Накіроўваемся на ўчастак вуліцы Нававіленскай. Ён слаба асветлены, а значыць, ідэальна падыходзіць для правядзення эксперыменту. Мы падрыхтаваліся: купілі некалькі святловяртальных элементаў. Можна было б надзець іх усе і закрыць гэтую тэму – такога чалавека вадзіцель заўважыць з любой кропкі. Але зіхатлівых, нібы навагодняя ёлка, пешаходаў убачыш хіба што на агітацыйных плакатах ДАІ. У рэальным жыцці мы носім пераважна цёмную вопратку і ў лепшым выпадку адзін флікер.

... Спярша тэсціруем красоўкі. Устаўленыя вытворцам святлоадбівальныя палосы не былі прыкметныя вадзіцелю, бо святло фар на іх не трапляла. Флікер на сумцы таксама не панацэя: адзін няёмкі рух – і рукаў кардыгана цалкам яго закрыў. Бачнасць такога флікера склала 90 метраў – адлегласць пры хуткасным руху крытычная. Самай эфектыўнай аказалася святлоадбівальная камізэлька. У ёй мяне ўбачылі за 400 метраў!

Аднолькавыя вынікі паказалі куртка са святлоадбівальнымі палоскамі на спіне і нарукаўны флікер-палоска. Іх вадзіцель разгледзеў з адлегласці 350 метраў. У блізкім святле гэтыя флікеры ён заўважыў прыкладна за 130 метраў.

Флікеры таксама бываюць розныя: адны сапраўды ратуюць жыцці, іншыя толькі ствараюць ілюзію бяспекі.

– Не ўсё, на што прылепленая этыкетка «святловяртальны элемент», на справе ім з'яўляецца, – сітуацыю з флікерамі-падробкамі пракаменціравала інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Цэнтральнага раёна Анастасія Радзько. – Свядомыя вытворцы заўсёды пазначаюць, што святловяртальны элемент адпавядае стандарту СТБ ЕН 13356-2006 «Вырабы святлоадбівальныя для пешаходаў». Да таго ж такая прадукцыя, як правіла, абазначана вадзянымі знакамі. Калі напісана, што выраб – гэта бірулька ці сувенір, то нават пры вонкавым падабенстве яны могуць і не быць святлоадбівальнымі.

Кручу ў руках такі флікер-падробку. Здавалася б, выглядае як флікер, у цемры свеціцца, што яшчэ трэба? Аказваецца, святлоадбівальныя характарыстыкі таксама маюць значэнне. Па нормах для бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 метраў, бо прыпыначны шлях аўтамабіля на мокрым дарожным пакрыцці пры хуткасці 90 км/г набліжаецца да 153 метраў, на сухім – каля 90 метраў. Самы высокі каэфіцыент маюць флікеры белага і салатавага колераў – больш за 350 кандзел.

Вяртаючыся пасля эксперыменту ў цэнтр, мы заўважылі веласіпедыста з адлегласці больш за 500 метраў! Ён рухаўся ўздоўж неасветленага участка вуліцы Нававіленскай.

Веласіпедыст

– Наперадзе катафоты белага колеру, ззаду – чырвонага, – аглядае веласіпед Аляксей Тарасёнак. — Плюс на пярэдніх колах ёсць бакавыя катафоты, каб веласіпедыст быў прыкметны вадзіцелю пры руху ўздоўж праезнай часткі. Укамплектаваны па ўсіх правілах! Пытанняў няма.

Заўважаем у цемры яшчэ аднаго маладога чалавека. Мікалай кажа, ішоў да сваёй машыны. Флікера ў яго не аказалася... Дарэчы, у Расіі хочуць абавязаць вадзіцеляў насіць святлоадбівальныя камізэлькі пры спыненні за населенымі пунктамі ў цёмны час сутак ці ва ўмовах дрэннай бачнасці. Гэта звязана з ростам ліку наездаў на вадзіцеляў.

Што тычыцца пешаходаў, то правілы дарожнага руху абавязваюць тых, хто знаходзіцца на праезнай частцы ці ідзе па абочынах дарог у цёмны час сутак, абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Гэтага правіла прытрымліваюцца не ўсе. Спыняем парушальніцу. Алена пераходзіла праезную частку і не была пазначана флікерамі. На першы раз абмежаваліся папярэджаннем.

– Чалавека, які перабягае дарогу ў цемры, вадзіцель заўважыць у лепшым выпадку за 25-30 метраў, – тлумачыць Артур Язневіч бестурботнаму пешаходу, уручаючы флікер у падарунак. – Гэту адлегласць пры хуткасці руху 90 км/г аўтамабіль праходзіць прыблізна за адну секунду. Нават пры хуткасці 50 км/г прыпыначны шлях аўтамабіля перавышае гэтую адлегласць.

Што тычыцца адказнасці, то мінімальны памер штрафу за ігнараванне святловяртальных элементаў – 23 рублі. Гэта больш за тую суму, за якую можна купіць дзясятак флікераў. А карысць і выратаванае жыццё не вымераеш ніякімі грашыма.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 5 кастрычніка 2017 г.
(фота – Юрый Мазалеўскі)