/ / Общественно-политические
04.10.2017

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў далі парады, як засцерагчы сваю дачу ад злодзеяў

Раней у домікі за горадам звозілі ўсё, што было непрыдатна для гарадской кватэры, а цяпер яны нярэдка выглядаюць як узоры са старонак інтэр'ерных часопісаў. Нават калі скураныя канапы і электракаміны сустракаюцца не паўсюль, то тэлевізары з вадкакрышталічным экранам і іншая бытавая тэхніка ўжо даўно сталі прадметамі ўжытку у тым ліку і ў дачным жыцці. Гэты факт разам з дрэннай абароненасцю загараднага жылля робіць яго асабліва прыцягальным для зладзеяў. Пра тое, як не дапусціць пасягальніцтваў на сваю маёмасць, расказаў начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС Ігар ГАТАЛЬСКІ.

Вор

Праблема дачных крадзяжоў носіць сезонны характар і абвастраецца ў перыяд з кастрычніка па сакавік, калі ў загарадным доме адсутнічаюць людзі, якія пастаянна там пражываюць ці хоць бы часта наведваюцца. Сёлета з дачных дамоў здзейснена амаль паўтары тысячы крадзяжоў. Іх колькасць паступова зніжаецца, аднак па-ранейшаму застаецца немалой.

Праблема ў тым, што большасць дачнікаў дзейнічаюць па адным сцэнарыі: убралі ўраджай, зладзілі «закрыццё сезона», на наступны дзень зачынілі дзверы на ключ і ўсё – да пабачэння, сустрэнемся ў красавіку. Але вясной часам прыходзіцца ўладкоўваць усё спачатку, таму што ўладальнікі прыязджаюць і знаходзяць толькі чатыры голыя сцяны. Добра, што яшчэ хату немагчыма звезці (хоць быў аднойчы і такі выпадак). Напасці на след злачынцаў вельмі складана, бо невядомы перыяд здзяйснення крадзяжу, страчаны з-за змен надвор'я сляды: адбіткі пальцаў, сляды ног і колаў.

– У першую чаргу мы стараемся працаваць на прадухіленне злачынстваў. Міліцыя ладзіць пастаянныя рэйды, адпрацоўкі аўтадарог, чыгуначных станцый і прылеглых да іх тэрыторый. Аднак у найбольш папулярных для загараднага адпачынку раёнах, асабліва паблізу Мінска і іншых буйных гарадоў, колькасць дачных дамоў вылічаецца дзясяткамі тысяч. Таму нельга забываць, што адказнасць за бяспеку кладзецца таксама і на гаспадароў, – адзначыў Ігар Гатальскі.

Дачныя крадзяжы бываюць розных тыпаў. Раней асабліва пакутавалі дачныя дамы, якія знаходзяцца непадалёк ад Мінска побач з чыгункай. Асацыяльныя элементы прыязджалі ноччу на электрычцы ў садовае таварыства і ў літаральным сэнсе цягнулі з двара і хаты ўсё, што дрэнна ляжыць. Цяпер нярэдкія выпадкі, калі дзейнічае некалькі чалавек, прычым рыхтуюцца яны старанна, выкарыстоўваючы для вывазу скрадзенага аўтамабіль. Нядаўна падобны выпадак здарыўся ў Валожынскім раёне. Гаспадары ў канцы жніўня не прыязджалі на дачу ўсяго 10 дзён. За гэты час злачынцы вынеслі ўсё, пачынаючы ад шкарпэтак, піжам, відэльцаў і лыжак, заканчваючы халадзільнікам, газавай плітой і вуглавой канапай. Каб гэтага не адбылося, дастаткова прытрымлівацца простых парад, прыведзеных ніжэй.

На што звярнуць увагу?

Заканчваючы дачны сезон, лепш па магчымасці вывезці каштоўныя рэчы ў горад. Або разукамлектаваць іх, схаваць ці перамясціць у цяжкадаступныя для злодзеяў месцы.

Вокны ў доме павінны быць завешаны. У ідэале на іх варта паставіць краты: ёсць здымныя варыянты, якія можна прыбіраць на летні перыяд.

Трэба пераканацца ў надзейнасці устройстваў, якія зачыняюцца, у тым ліку і ў гаспадарчых пабудовах. Калі яны занадта хісткія, каштоўныя інструменты лепш перанесці ў дом.

Практыка паказвае, што надзейна агароджаныя дачы, з высокім плотам і зачыненымі варотамі, радзей падвяргаюцца крадзяжам. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць дамам, якія стаяць на ўскраінах.

Калі гэта дачнае таварыства, то мэтазгодна агульным сходам вызначыць нейкую перыядычнасць дзяжурстваў або выдаткаваць сродкі, каб наняць вартаўніка.

Дом таксама можна ўзяць пад ахову: падрабязнасці заключэння дагавора растлумачаць у адпаведным падраздзяленні аховы па месцы размяшчэння дачнага ўчастка.

Сродкамі ахоўнай сігналізацыі дачу можна абсталяваць і самастойна. Гэта могуць быць, напрыклад, датчыкі руху, якія спрацоўваюць на адкрыццё ўваходных дзвярэй – загараецца святло або гучыць сірэна. Калі гэта не прадухіліць пранікненне, то спалохае парушальніка і прыцягне ўвагу суседзяў.

Нядрэнны варыянт – GРS-сігналізацыя: на тэлефон прыходзіць паведамленне, калі адчыняюцца ўваходныя дзверы. Потым гаспадар прымае рашэнне: тэлефанаваць у міліцыю, суседзям або ехаць на месца самому. Прыбор адносна недарагі і просты ў выкарыстанні.

Самы бюджэтны спосаб «адпужвання» – муляж відэакамеры, прычым ёсць варыянты на батарэйках, у якіх для праўдападабенства міргае чырвоная лямпачка.

Не лішнім будзе ўсталяваць кантакты з суседзямі і папрасіць іх прыглядаць за домам, прынамсі, калі ён размешчаны ў вёсцы.

Не варта расказваць пра закрыццё дачнага сезона ў сацыяльных сетках, асабліва згадваючы, што вяртацца вы не збіраецеся да вясны.

Дар’я Каско, «Звязда», 4 кастрычніка 2017 г.