/ / Общественно-политические и в области права
02.10.2017

Дзяржава дапамагае забяспечыць людзям годную старасць – пажылыя змогуць жыць у замяшчальнай сям'і

Старасць бывае вельмі рознай, у тым ліку шчаслівай і не вельмі. Самы аптымальны варыянт для пажылога чалавека – гэта той выпадак, калі ён выгадаваў добрых дзяцей і яны жывуць дзесьці непадалёк. Але так бывае не заўсёды. Дзеці часта пакідаюць роднае гняздо і з'язджаюць жыць у іншы горад ці нават іншую краіну. А самая ўразлівая катэгорыя пажылых людзей – гэта адзінокія людзі. Місія дзяржавы – абараніць іх і забяспечыць ім годную старасць, зрабіць так, каб пажылы чалавек не застаўся са сваімі праблемамі сам-насам. Дык якую дапамогу можа прапанаваць дзяржава?

Помощь пожилым людям

Многія людзі, якія выйшлі на пенсію, яшчэ поўныя сіл і энергіі. Але пры гэтым іх энергія застаецца незапатрабаванай. Здавалася б, ёсць і дзеці, і ўнукі, але ўсе яны ўжо жывуць сваім жыццём... І многія нават вельмі паспяховыя пажылыя людзі пачынаюць адчуваць прыхаваную адзіноту.

Для такой катэгорыі людзей трэцяга ўзросту існуюць аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– Прыходзяць у такія аддзяленні грамадзяне ад 60 і да 80 і больш гадоў, верхняй планкі па ўзросце няма, – кажа загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Светлагорскага ТЦСАН Валянціна Пінчук. – Але гэта павінны быць людзі, якія самі сябе абслугоўваюць і ў стане наведваць аддзяленне самастойна. У нашым аддзяленні, напрыклад, самы пажылы – 81-гадовы мужчына, а самыя маладыя – тыя, каму споўніўся 61 год. Але ёсць і дзве 59-гадовыя жанчыны, якія цяпер прыходзяць да нас у якасці валанцёраў, з перспектывай залічэння сюды ў будучым. Усяго наша аддзяленне наведваюць 36 чалавек. Галоўнае ў нас – гэта сацыяльная адаптацыя пажылых, згуртаванне, стасункі, абмен жыццёвым вопытам. Тут у нас, калі можна так сказаць, клуб стасункаў, клуб па інтарэсах. Людзі займаюцца ў розных гуртках, авалодваюць камп'ютарнымі навыкамі. А самай запатрабаванай у нас аказалася – што б вы думалі? – фізкультура.

***

Калі чалавек у гадах ужо не ў стане самастойна спраўляцца з шэрагам абавязкаў па самаабслугоўванні, жыве адзін (дзяцей няма ці яны далёка), мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства можа прапанаваць яму два віды дапамогі: разавыя сацыяльныя паслугі (вымыць акно, ускапаць агарод) або рэгулярную дапамогу сацыяльнага работніка. Прычым паслугі, гарантаваныя дзяржавай, чалавек можа атрымаць усюды, у якім бы месцы нашай краіны ён ні пражываў.

Калі пажылы чалавек стаў адчуваць сябе горш, але не хоча пакідаць родны дом, яму прапаноўваецца нестацыянарнае абслугоўванне. Яго можа абслугоўваць сацработнік дома, альбо некалькім пажылым людзям прапануецца з'ехацца і жыць разам у адным доме і разам весці гаспадарку, а тэрытарыяльны цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва аказвае ім усю неабходную дапамогу і падтрымку.

Пры гэтым у нашай краіне пастаянна ўкараняюцца новыя формы сацыяльнага абслугоўвання. Адна з апошніх навінак – замяшчальная сям'я. Гэтая навацыя прадугледжана Законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні», які ўступіць у сілу 25 снежня гэтага года. І, як сказаў на нядаўняй прэс-канферэнцыі намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, Міністэрствам ужо распрацавана палажэнне аб замяшчальнай сям'і для пажылых людзей. Гэтая паслуга будзе аказвацца на дагаворнай аснове, а памочнік пажылога чалавека ў замяшчальнай сям'і зможа атрымліваць узнагароджанне. Пры гэтым, калі ў сям'ю прыняты адзін пажылы чалавек, узнагароджанне будзе складаць да 100% бюджэту пражытковага мінімуму, калі двое – да 150%.

***

Калі пажылому чалавеку з цягам часу стала яшчэ больш складана даглядаць сябе, але пры гэтым ён усё ж у стане сябе абслугоўваць – можа звярнуцца ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Такія аддзяленні створаны па ўсёй краіне, усяго іх на сённяшні дзень – 63.

– Аддзяленне кругласутачнага знаходжання прадастаўляе пажылым непрацаздольным грамадзянам і інвалідам 1-2 групы жыллё з поўным матэрыяльна-бытавым забеспячэннем, гэта фактычна кругласутачны догляд, – тлумачыць намеснік дырэктара Светлагорскага ТЦСАН Алена Кацуба. – У ім ёсць пост медсястры, сацыяльны работнік. Раней людзі, якія там знаходзіліся, плацілі за сваё знаходжанне 80% ад пенсіі. Цяпер плата залежыць ад сабекошту. І калі чалавек не з'яўляецца адзінокім, то дзеці павінны плаціць за яго знаходжанне поўную суму. Але адзінокі чалавек плаціць па-ранейшаму пэўны працэнт ад пенсіі.

Калі пажылы чалавек пачынае мець патрэбу ў пастаянным доглядзе, ён можа атрымліваць такі догляд дома. Яго сваяк, суседка або нехта іншы з знаёмых людзей можа аформіцца адпаведным чынам і ажыццяўляць догляд і атрымліваць дапамогу па доглядзе інваліда першай групы або пажылога чалавека, якому больш за 80 гадоў.

– Але ў жыцці бываюць розныя сітуацыі, дапусцім, такая, калі чалавеку 78 гадоў, ён адзінокі і па стане здароўя не можа ўжо абслугоўваць сябе, але пры гэтым не мае першай групы інваліднасці, а мае, скажам, другую групу, – кажа Алена Кацуба. – Як можна яму дапамагчы ў гэтым выпадку? Сацыяльная служба, якая выявіла такога чалавека, перадае яго даныя медыкам, і тыя або глядзяць, ці можна яму даць першую групу інваліднасці, або прапануюць яму аформіцца на сацыяльную койку. Такі падыход прымяняецца, калі ў чалавека бязвыхадная сітуацыя. Напрыклад, дрэнны стан здароўя і пры гэтым даглядаць яго няма каму: дзяцей або няма, або яны жывуць дзесьці далёка, напрыклад, у Расіі, ці дзеці самі ўжо непрацаздольнага ўзросту. Або чалавека можна аформіць у інтэрнат – вельмі важна, што ён мае права выбару.

А самае галоўнае, па словах нашых субяседнікаў, – сацыяльныя паслугі сёння даступныя для любога, хто мае ў іх патрэбу.

Толькі факты

Сацыяльную дапамогу дома атрымліваюць амаль

90 тыс. непрацаздольных жыхароў Беларусі, 44,5% з іх – ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя.

Каля 2 тыс. чалавек, якія з розных прычын не могуць пражываць самастойна, абслугоўваюцца ў 64 аддзяленнях кругласутачнага знаходжання.

На ўліку ў 146 ТЦСАН – больш за 1,9 млн чалавек, з іх 134,3 тыс. – адзінокія пажылыя людзі, 612,8 тыс. – адзінока пражываючыя старыя.

У 70 дзяржаўных дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў пражываюць 17 тыс. чалавек.

Святлана Бусько, «Звязда», 30 верасня 2017 г.