/ / Общественно-политические и в области права
02.10.2017

Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі расказаў пра асноўныя накірункі і вынікі дзейнасці цэнтра

1 кастрыніка Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ) споўнілася 20 гадоў. НЦПІ з'яўляецца цэнтральнай дзяржаўнай навукова-практычнай установай, якая ажыццяўляе збор, улік, апрацоўку, захоўванне, сістэматызацыю і актуалізацыю эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджванне (прадстаўленне), а таксама афіцыйнае апублікаванне прававых актаў.

Николай Радиванович

Яго філіялы створаны ў абласных цэнтрах краіны і ў Мінску. Супрацоўнікі Цэнтра маюць вышэйшую адукацыю – як правіла, юрыдычную, у сферы інфармацыйных тэхналогій, філалагічную.

Наш карэспандэнт сустрэўся з намеснікам дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Мікалаем РАДЗІВАНОВІЧАМ і папрасіў яго больш падрабязна расказаць аб рабоце Цэнтра.

– Мікалай Мікалаевіч, для Вас і супрацоўнікаў Цэнтра юбілей, хутчэй за ўсё, не толькі радасная падзея, але і нагода падвесці некаторыя вынікі. Які, на Ваш погляд, галоўны вынік дзейнасці Цэнтра?

– Самае важнае – у Беларусі створана і пастаянна развіваецца дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні перадавых інфармацыйных тэхналогій. Аснова гэтай сістэмы – такія інфармацыйна-прававыя рэсурсы, як Нацыянальны рэестр прававых актаў (сістэма ўліку прававых актаў, уключэнню ў якую падлягаюць усе акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, – штогод больш за 10 тыс. прававых актаў), эталонны банк даных прававой інфармацыі (каля 210 тыс. дакументаў) і Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал. Іх фарміраванне і вядзенне немагчыма без створанай НЦПІ тэхналогіі, ядром якой з'яўляецца праграмнае забеспячэнне.

Вышэйзгаданыя рэсурсы створаны НЦПІ дзякуючы таму, што ў нашай арганізацыі рэальна спалучаюцца навуковая і практычная дзейнасць у галіне прававой інфарматызацыі.

– Па якіх асноўных кірунках арганізавана дзейнасць Цэнтра?

– Дзейнасць НЦПІ вельмі шматпланавая, але стратэгічнымі для Цэнтра з'яўляюцца два кірункі – акумуліраванне прававых актаў і распаўсюджванне прававой інфармацыі.

Мы забяспечваем збор, захоўванне, сістэматызацыю, афіцыйнае апублікаванне прававых актаў, даём магчымасць не толькі дзяржаўным арганізацыям, але і ўсім грамадзянам атрымліваць якасную прававую інфармацыю.

Агульная колькасць дакументаў у розных базах даных перавышае 270 тысяч. У якасці сродку доступу да прававой інфармацыі выкарыстоўваюцца створаныя НЦПІ інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ОNLІNЕ» (еtаlоnlіnе.bу).

– Адной з задач НЦПІ з'яўляецца афіцыйнае апублікаванне прававых актаў. Як Цэнтр спраўляецца з ёй?

– Трэба адзначыць, што з 1 ліпеня 2012 года афіцыйнае апублікаванне прававых актаў у краіне ажыццяўляецца толькі ў электронным выглядзе. Адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання з'яўляецца Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал – асноўны дзяржаўны інфармацыйны рэсурс глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт у сферы права і прававой інфарматызацыі.

Сам працэс афіцыйнага апублікавання максімальна аўтаматызаваны, і ўсе апрацаваныя на працягу дня дакументы апоўначы з'яўляюцца на партале. Гэта вельмі важная і адказная задача, якую паспяхова выконвае Цэнтр, бо, як правіла, толькі з моманту размяшчэння на Партале дакументы, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян, уступаюць у сілу.

– Як Вам, не юрысту, а спецыялісту ў сферы ІТ, працуецца ў Цэнтры?

– Па-першае, у нашай арганізацыі бытуе меркаванне, што ўсе, хто працуе ў нас, у той або іншай меры становяцца юрыстамі. І ў гэтым ёсць доля праўды. А па-другое, уся дзейнасць Цэнтра звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі, і ў нас працуюць кваліфікаваныя ІТ-спецыялісты.

Для апрацоўкі значных аб'ёмаў юрыдычнай інфармацыі патрабуецца спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне, якое трэба распрацоўваць і пастаянна развіваць. Яго нельга купіць гатовым. Натуральна, што некаторая частка распрацовак выконваецца староннімі арганізацыямі, але асноўная частка ўсё ж ствараецца нашымі спецыялістамі. Гэта дазваляе аператыўна ўносіць змяненні ў праграмныя прадукты і развіваць іх з улікам змянення падыходаў як па апрацоўцы прававой інфармацыі, так і па яе распаўсюджванні.

– Прывядзіце прыклады найбольш важных для дзейнасці Цэнтра праграмных прадуктаў.

– У рамках выканання работ па ўкараненні электроннага дакументаабароту ў нарматворчасць НЦПІ ўведзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма, якая забяспечвае фарміраванне Нацыянальнага рэестра прававых актаў (АІС НРПА). Да яе падключаны выканаўчыя камітэты і Саветы дэпутатаў ва ўсіх раённых цэнтрах краіны. Гэта дазваляе павысіць аператыўнасць прыняцця і ўступлення ў сілу актаў заканадаўства, скараціць бюджэтныя расходы.

Шырока вядомыя ў краіне праграмныя прадукты, якія забяспечваюць работу з эталонным і іншымі банкамі даных прававой інфармацыі – інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ОNLІNЕ». Гэта самая актуальная і поўная крыніца афіцыйнай прававой інфармацыі. Прычым мы пастаянна праводзім работы па іх развіцці.

Нароўні з Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам Цэнтр забяспечвае вядзенне Прававога форуму Беларусі, Дзіцячага прававога сайта і іншых інтэрнэт-рэсурсаў.

– Мікалай Мікалаевіч, дзякуй за інтэрв'ю. Карыстаючыся выпадкам, мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем калектыву Цэнтра поспехаў у яго высакароднай справе.

– У заключэнне хочацца адзначыць, што дасягнутыя поспехі немагчымыя без пастаяннай падтрымкі з боку кіраўніцтва краіны, цеснага і плённага супрацоўніцтва з усімі дзяржаўнымі органамі і, безумоўна, карпатлівай і творчай працы ўсяго калектыву Цэнтра.

Вялікі дзякуй за віншаванні. Шкада толькі, што фармат кароткага інтэрв'ю не дазваляе дэталёва паведаміць аб усіх аспектах дзейнасці Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі. Аднак спадзяюся, што нават агучаныя тэмы дапамогуць рэальна ўявіць маштабнасць і разнастайнасць вырашаемых Цэнтрам задач.

Па інфармацыі «Звязда», 30 верасня 2017 г.
(фота - НЦПІ)